Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Вежы храмаў на высокіх берагах шырокага Нёмана быццам дакранаюцца да неба і нагадваюць аб багатых традыцыях старажытнага горада. Абласны цэнтр, размешчаны на ўскрайку Беларусі, за амаль што 900-гадовую гісторыю рэгулярна станавіўся эпіцэнтрам важных падзей перыядаў Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і больш позняга часу. З «біяграфіяй» Гродна цесна звязаны лёсы Боны Сфорцы, Стэфана Баторыя, Кастуся Каліноўскага, Элізы Ажэшкі, Лявона Бакста, Максіма Багдановіча ды многіх іншых знакамітых асоб. Да таго ж менавіта са станцыі Парэчча ў Гродзенскім раёне пачаўся адлік больш як 156-гадовай гісторыі Беларускай чыгункі.

Легенды над Нёманам

Па афіцыйнай версіі, Гродна (спачатку Горадзень) упершыню ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу ў 1128 годзе. Аднак некаторыя спасылаюцца на іншыя крыніцы і датуюць 1005 годам. Так горад назвалі дзякуючы выдатным для палявання мясцінам навокал і агароджам. Аднак ёсць і альтэрнатыўнае меркаванне, што горад атрымаў назву «ў спадчыну» ад Нёмана, які раней быў Кронанам.
Першая версія замацавалася ў XVI стагоддзі, калі каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца падаравала гораду герб з выявай аленя Святога Губерта. Каталікі вераць, што Губерт, які жыў у Заходняй Еўропе і быў вялікім аматарам палявання, аднойчы ўбачыў аленя з божай пазнакай у выглядзе залатога крыжа між рагамі. Пасля гэтага ён стаў вельмі набожным чалавекам, за што пазней і быў кананізаваны. На сучасным афіцыйным гербе Гродна – алень, які пераскоквае агароджу.

Фарны касцёл

Гісторыкі сцвярджаюць, што Бону Сфорцу, якая нарадзілася на тэрыторыі Міланскага герцагства, жыхары горада над Нёманам павінны дзякаваць за добраўпарадкаванне Гродна па прыкладу найпрыгажэйшых гарадоў сярэднявечнай Еўропы: тут забрукавалі камянямі вуліцы, пабудавалі водаправод, размясцілі на будынках гадзіннікі. Праўда, вобраз прагрэсіўнай італьянкі быў азмрочаны адным эпізодам: на працягу некалькіх стагоддзяў з пакалення ў пакаленне людзі пераказваюць легенду аб тым, што быццам менавіта Бона Сфорца атруціла жонку свайго сына – Барбару Радзівіл, легендарную і таямнічую Чорную панну Нясвіжа.

Горад-музей

– Гродна падобны на музей, – распавядае дзяжурны памочнік начальніка вакзала мясцовай станцыі Кацярына Юралайць і пералічвае некаторыя мясцовыя выбітнасці: – У нас ёсць касцёлы і цэрквы, замкі, прыгожая набярэжная.
Сама Кацярына Юр’еўна нарадзілася менавіта ў горадзе над Нёманам. Таму па гістарычных вуліцах абласнога цэнтра шмат гуляла.
Не аднойчы бывала і на чыгуначным вакзале, да якога ад дому было каля 15 хвілін пешшу. Яе здзіўлялі і вабілі цягнікі.
Таму заканамерна, што свой лёс яна вырашыла звязаць з чыгункай. У 2004 годзе пачала працаваць правадніком пасажырскага вагона, потым стала начальнікам поезда. Ездзіла на Гомель, Санкт-Пецярбург, Мінск, Унечу. Шмат чаго пабачыла. Таму можа па-сапраўднаму ацаніць турыстычную прывабнасць Гродна.

Каложская (Барысаглебская) царква

Пасля з’яўлення ў сям’і (муж Кацярыны, дарэчы, таксама чыгуначнік) дзяцей, жанчына вырашыла «прызямліцца», качавое жыццё змяніць на аселае і перайшла на пасаду дзяжурнага памочніка вакзала станцыі Гродна. Абавязкаў у яе шмат: трэба арганізаваць работу калектыва, адказаць на пытанні пасажыраў і, канешне ж, падказваць турыстам, што варта паглядзець у горадзе над Нёманам.
А сярод гасцей бываюць не толькі жыхары Беларусі, Расіі і Польшчы, але і далёкага замежжа: з Кітая, Мексікі, Венесуэлы, ЗША, іншых краін.
Што ім раіць Кацярына Юралайць? Напрыклад, зрабіць невялікую пешую вандроўку да Пакроўскага кафедральнага сабора. Чыгуначнікі і пасажыры кажуць, што падчас значных праваслаўных святаў мелодыя яго званоў чутна і на пероне станцыі Гродна. Гэта царква пабудавана ў 1904 – 1905 гадах. Яна і сёння ўражвае сваімі вялікімі памерамі, багатым аздабленнем, яркімі фарбамі фасада.
Калі крочыць далей у бок Нёмана, можна зайсці ў парк, названы ў гонар яго заснавальніка – прафесара медыцыны і батанікі Жана Жылібера. Ён прыехаў у Гродна з французскага Ліёна па запрашэнні знакамітага мясцовага старасты Антонія Тызенгаўза.
У 1778 годзе ў батанічным садзе (першым на тэрыторыі сучаснай Беларусі) ужо было каля 1,5 тыс. экзатычных раслін. Праз пэўны час Жылібер вярнуўся ў Францыю. А гарадзенцы атрымалі ў спадчыну прыемнае месца для адпачынку. На гэтай тэрыторыі размяшчаюцца такія цікавыя аб’екты, як Лямус на Гарадніцы, будынкі тэатра Антонія Тызенгаўза і былой медыцынскай школы.
Яшчэ адна візітоўка горада – Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя (Фарны). Яго заснавалі яшчэ ў XVII стагоддзі.
У розныя перыяды гісторыі храм перажыў шмат выпрабаванняў.Але, на шчасце, выстаяў.Сёння гэты будынак здзіўляе сваёй архітэктурнай дасканаласцю і сілай белых сцен, «каранаваных» блакітна-зялёнымі вежамі.

Кацярына Юралайць

На высокім беразе Нёмана размяшчаецца Барысаглебская (Каложская) царква – помнік мураванай архітэктуры, адзіны прыклад Гро-дзенскай школы дойлідства, які хаця і часткова, але захаваўся. Гэты храм і сёння ўражвае майстэрствам яго будаўнікоў. Ён больш за восем стагоддзяў быццам назірае за Замкавай гарой і бясконцай плынню велічнай ракі.
Недалёка ад Каложы знаходзяцца два замкі – Стары і Новы. Калісьці на Замкавай гары стаяў замак Вітаўта. Пазней кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый перабудаваў яго пад сваю рэзідэнцыю. У гэты перыяд Гродна фактычна стаў сталіцай Рэчы Паспалітай. Каля Старога замка пабудавалі Новы. Ён стаў, па сутнасці, каралеўскай рэзідэнцыяй і месцам правядзення Соймаў.
Вялікая харальная сінагога, якую пабудавалі адносна недалёка ад Замкавай гары і Каложскай царквы, – напамін пра значную ролю яўрэяў у гісторыі Гродна. Гэты будынак яшчэ на пачатку нашага стагоддзя быў у заняпадзе. Але дзякуючы дапамозе мецэнатаў яго аднавілі, ён стаў прывабным турыстычным аб’ектам. Яшчэ напярэдадні Другой сусветнай вайны яўрэі складалі амаль палову жыхароў горада. Падчас фашысцкай акупацыі гітлераўцы стварылі тут два гета, дзе знішчылі тысячы чалавек. Напамін аб гэтай трагічнай старонцы гісторыі – мемарыяльная дошка, усталяваная ў гістарычным цэнтры горада як памяць аб ахвярах.

Вялікая харальная сінагога

Бакст, Багдановіч і «Белыя росы»

Гродна здаўна вабіў замежных гасцей. І фестываль нацыянальных культур, які традыцыйна праходзіць у горадзе над Нёманам, гэта пацвярджае. Такое свята павялічвае цікавасць турыстаў да абласнога цэнтра. Гэтаму спрыяе і з’яўленне новых аб’ектаў і традыцый. Напрыклад, на будынку пажарна-выратавальнай часці ў адпаведнай форменнай вопратцы можна ўбачыць… Мону Лізу з карціны Леанарда да Вінчы, а штодзень апоўдні пачуць выступленне на вежы трубача, які выконвае песню «Каб любіць Беларусь нашу мілую…» на музыку Ігара Лучанка з рэпертуару легендарных «Песняроў».
Гродна можна назваць не толькі горадам-музеем, але і вялікай кінапляцоўкай. Як сцвярджаюць даследчыкі, менавіта тут часткова ці поўнасцю здымалі такія кінастужкі, як «Міколка-паравоз», «Я родам з дзяцінства», «Вазьму твой боль», «Корцік» і, канешне ж, добра вядомыя «Белыя росы».
З гісторыяй Гродна і бліжэйшых мясцін перапляліся біяграфіі князёў ВКЛ і каралёў Рэчы Паспалітай, нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, пісьменніцы Элізы Ажэшкі, мастака, мадэльера і тэатральнага дэкаратара Лявона Бакста, паэта Максіма Багдановіча. Падзеям далёкай мінуўшчыны Уладзімір Караткевіч прысвяціў свой раман-прытчу «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
– Гродна – параўнальна невялікі па плошчы, але вельмі адметны, цікавы горад, – адзначае Кацярына Юралайць. – Тры «кіты» яго прывабнасці – гасціннасць, гісторыя і прыгажосць – пейзажаў, традыцый, людзей. Натхніўшыся нашым горадам, можна павандраваць па Гродзеншчыне. Напрыклад, з’ездзіць на Аўгустоўскі канал, зазірнуць у Слонім, Мір, Ліду і іншыя гарады.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика