Январь
Вт
21
2025

Мядзведзі, Крэва і гукі паланэзу

Смаргоншчына, сёння сціпла размешчаная між дзвюма сталіцамі – Мінскам і Вільнюсам, дагэтуль рэгулярна была ў эпіцэнтры важных гістарычных і культурных падзей. Менавіта на гэтай зямлі, у Крэўскім замку, вырашаўся лёс Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, прадстаўнікі роду Радзівілаў заснавалі «акадэмію» для мядзведзяў, а ў маёнтку ў Залессі жыў Міхаіл Клеафас Агінскі – аўтар знакамітага паланэзу.

Ад Смаргоні да беларускай сталіцы – каля 110 км, да літоўскай – прыкладна 90 км. Мясцовая чыгуначная станцыя, размешчаная на лініі Маладзечна – Гудагай, пачала адлік сваёй гісторыі ў 1873 годзе. Сталёвая магістраль стала важным стымулам для эканамічнага развіцця горада.
Датай заснавання Смаргоні лічыцца 1503 год. Версій аб паходжанні назвы ёсць некалькі. Адны даследчыкі звязваюць яе з мясцовымі рэчкамі, іншыя – з падзелам зямлі на невялікія кавалкі (сморгі). Гавораць і пра тое, што тут калісьці з драўніны гналі шкіпінар («смар»), ад чаго і пайшла назва мястэчка.
Спачатку Смаргонь належыла роду Зяновічаў, якія гралі важную ролю ў грамадскім і палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Менавіта яны заклалі аснову цяперашняга касцёла Святога Міхаіла, які сёння лічыцца адным з самых важных архітэктурных помнікаў Смаргоні. А пачыналася яго гісторыя з будаўніцтва драўлянага касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі. Амаль праз стагоддзе, у 1606 – 1612 гадах, на яго месцы з’явіўся мураваны кальвінскі збор. Акрамя культурнага развіцця Зяновічы займаліся і эканамічным. Гісторыкі сцвярджаюць, што ў сярэдзіне XVII стагоддзя тут выраблялі паперу, муку і развівалі дрэваапрацоўку. Для гэтага выкарыстоўвалі вадзяныя млыны.
Пазней амаль на працягу 170 гадоў Смаргонь была пад кантролем прадстаўнікоў роду Радзівілаў. За гэты час там адкрыліся царква, касцёл і сінагога, пачалася вытворчасць цэглы. У мястэчку рэгулярна праходзілі кірмашы.
Менавіта па ініцыятыве Радзівілаў у Смаргоні адкрылі так званую мядзведжую акадэмію, у якой дрэсіравалі гэтых вялікіх і дужых жывёл. У пэўны час на выхаванні там было па дзесяць мядзведзяў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай спецыфічная акадэмія прыйшла ў заняпад. Але памяць аб гэтым захавалася. А мядзведзь заняў пачэснае месца на гербе мястэчка. Ён прысутнічае на гэтым геральдычным сімвале і сучаснай Смаргоні.

Прыцягненне роднай зямлі

Сёння Смаргонь – раённы цэнтр з добра развітай вытворчай інфраструктурай. У прыватнасці, тут дзейнічаюць малочны камбінат і хлебазавод, філіял Мінскага трактарнага завода, дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. У апошнія гады актыўна развіваецца прадпрыемства «Кранаспан», дзе выпускаюць прадукцыю для вытворчасці мэблі і рамонту, іншых мэтаў.
Важную ролю ў пастаўках сыравіны і адпраўцы гатовай прадукцыі грае чыгуначная станцыя Смаргонь. За апошнія гады на ёй адбыліся значныя змены. Яны былі звязаны з электрыфікацыяй участка Беларускай чыгункі ад Маладзечна да Гудагая і мяжы з Літвой. Пуцявая інфраструктура абнавілася з улікам нарошчвання вытворчых магутнасцяў асноўных кліентаў, найперш «Кранаспана».
Цяпер з Мінска да Смаргонi можна даехаць на электрацягніку па прамым маршруце, не рабіць, як раней, перасадку ў Маладзечне. І гэта спрашчае вандроўкі ў раённы цэнтр. А паглядзець у ім сапраўды ёсць на што.
– Акрамя касцёла Святога Міхаіла можна наведаць Свята-Праабражэнскую царкву, – праводзіць завочную экскурсію начальнік станцыі Смаргонь Алена Шэленгоўская.

Начальнік станцыі Смаргонь Алена Шэленгоўская

А яшчэ яна раіць наведаць аграгарадок Залессе. Там знаходзіцца аднайменная чыгуначная станцыя. І, канешне ж, палацава-паркавы комплекс Агінскіх, што належаў прадстаўнікам гэтага роду з першай паловы XVIII стагоддзя. Знакаміты кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі атрымаў яе ў спадчыну ў 1802 годзе і пражыў тут каля 20 гадоў. Пасля прыезду ў Залессе ён пачаў будаўніцтва новага, мураванага палаца для сваёй сям’і. Пазней быў закладзены англійскі парк у стылі рамантызму, дзе арганізавалі звярынец і так званы «прагулачны» звярынец са сцежкамі, масткамі праз раку Бабрынку і мураванымі грэка-рымскай і кітайскай альтанкамі. У гонар нараджэння дачкі Амеліі была закладзена алея таполяў. У 1811 годзе з Парыжа сюды прыехаў італьянскі музыкант і кампазітар Джузэпэ Паліяні, які на працягу 11 гадоў жыў у Залессі і выкладаў музыку дзецям Агінскага.
Без пільнай гаспадарскай увагі маёнтак паступова прыходзіў у заняпад. Але ў апошнія гады ў Паўночных Афінах, як часам называюць гэты палацава-паркавы комплекс, пачалося аднаўленне.
З Залессем шмат яркіх успамінаў звязана і ў Алены Шэленгоўскай. Яна нарадзілася ў адной з вёсак Смаргонскага раёна, але значную частку жыцця правяла ў Залессі. І, відаць, прыцягненне родных мясцін вызначыла яе лёс.
Алена Віктараўна паспяхова скончыла Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (цяперашні Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту) і па размеркаваннi адправілася ў Эстонію, на станцыю Талін-Таварны. А калі вярнулася ў Беларусь, стала дзяжурным па станцыі Смаргонь. Яе кар’ера развівалася – чыгуначніца ўзначаліла калектыў станцыі.

Крыніцы натхнення

На Смаргоншчыне варта пабываць і ў Крэве, паглядзець на рэшткі мясцовага замка. Ён лічыцца адным з першых мураваных аб’ектаў такога тыпу эпохі Вялікага княства Літоўскага. Менавіта тут у 1385 годзе была падпісана Крэўская ўнія, у адпаведнасці з якой пад уладай Ягайлы аб’ядналіся Вялікае княства Літоўскае і землі Польшчы. Мястэчка развівалася, у XVI стагоддзі атрымала Магдэбургскае права. Але паступова спусташальныя войны прывялі яго ў заняпад. У гады Першай сусветнай каля Крэва праходзіла лінія фронту. У 1917-м падчас артылерыйскай атакі нямецкіх пазіцый войскі Расійскай імперыі разбурылі муры замка і касцёла.
У гэтай вайне значна пацярпела і сама Смаргонь: тут была лінія фронту, і на працягу больш як 800 дзён рэгулярна вяліся пазіцыйныя баі. З-за гэтага горад і навакольныя населеныя пункты аказаліся спустошанымі. Аб гэтым змрочным і адначасова гераічным перыядзе гісторыі нагадвае мемарыяльны комплекс.
Крывавы след пакінула і Вялікая Айчынная вайна. Падчас фашысцкай акупацыі на Смаргоншчыне загінулі тысячы мірных жыхароў, у тым ліку больш за 3 тыс. яўрэяў, якіх сагналі ў некалькі гета.
Няглядзечы на шматлікія войны, Смаргонь заўсёды адраджалася. І цяпер яна працягвае развівацца, побач з помнікамі архітэктуры мінулых стагоддзяў з’яўляюцца новыя аб’екты. Сярод іх – скульптурная кампазіцыя, прысвечаная той самай мядзведжай акадэміі. У аснове – вялікі «выхаванец» з двума артыстамі-дрэсіроўшчыкамі падчас выступлення. Гісторыя гэтай спецыфічнай установы не раз натхняла творчых людзей. Напрыклад, Рыгор Барадулін нават напісаў паэму «Смаргонская акадэмія».
Аб славутых традыцыях беларускай літаратуры нагадвае помнік Францішку Багушэвічу – аўтару зборнікаў вершаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі». Яго адкрыццё ў Смаргоні прымеркавалі да святкавання Дня беларускага пісьменства. Менавіта на тэрыторыі гэтага раёна, у вёсцы Кушляны, у сядзібна-паркавым комплексе Багушэвічаў дзейнічае літаратурна-мемарыяльны музей, прысвечаны гэтай значнай постаці беларускай культуры.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика