Январь
Сб
18
2025

Ён выбраў Лунінец…

Кавалер вышэйшай узнагароды вялікай краіны – ордэна Леніна – чыгуначнік Васіль Куцепаў (1905 – 1983 гг.) меў магчымасць застацца ў Бабруйску ці Калінінградзе, але назаўжды застаўся ў Лунінцы.

Удзячны мясцовай раённай газеце. Пасля чарговай публікацыі аб стварэнні пакоя працоўнай славы лакаматыўнага дэпо Лунінец зноў патэлефанавала жанчына:
– Мой бацька служыў камендантам станцыі Лунінец. Калі цікава, магу перадаць асобныя дакументы і фотаздымкі…
Прызнацца, раней не ведаў пра гэтую старонку гісторыі чыгункі. У вызначаны час мы сустрэліся з Людмілай Трухановіч (на здымку), дзякуючы якой звярнуліся да падзей пасляваеннага часу. Нават яе дом па вуліцы 17-га Верасня можна назваць гістарычным – з ліпеня 1944-га тут жылі работнікі камендатуры станцыі Лунінец, якую праз два гады пасля вызвалення ўзначаліў Васіль Куцепаў.
– Бацька нарадзіўся ў Варонежскай вобласці, – расказала Людміла Васільеўна. – Выпускнік Ленінградскай ваенна-чыгуначнай школы для падрыхтоўкі камсаставу 1924 года звязаў сваё жыццё са сталёвымі магістралямі. Праз 20 гадоў скончыў вышэйшыя курсы імя Кагановіча. І нават пасля выхаду ў адстаўку захацеў быць на ўліку ў партыйнай арганізацыі чыгуначнага вузла.
Біяграфія Васіля Мітрафанавіча змясціла шмат адрасоў і пасад. Удзельнік Грамадзянскай вайны, у час Вялікай Айчыннайён забяспечваў баявую дзейнасць армій на Паўднёва-Заходнім, Крымскім, Паўночна-Каўказскім, Украінскім франтах. У жніўні 1944 года стаў начальнікам першага аддзела Брэст-Літоўскай чыгункі. Аб баявым шляху падпалкоўніка Васіля Куцепава сведчаць узнагароды: ордэн Леніна, два ордэны Чырвонага Сцяга, медалі «За абарону Адэсы» і «За абарону Каўказа» (абодва 1942 г.), «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.» (1945 г.).
Жонка з трыма дочкамі ў эвакуацыі знаходзілася на сваёй радзіме – у Забайкаллі. Сям’я ўз’ядналася ў Беларусі. Спачатку – Баранавічы, потым – Лунінец. Людміла Васільеўна з задавальненнем прыгадвае вучобу ў чыгуначнай школе, расказвае пра настаўнікаў і аднакласнікаў. Яе старэйшыя сёстры, набыўшы вышэйшую адукацыю, працавалі ў розных гарадах былога СССР. Нінэль пасялілася ў Расіі, а Ларыса – ва Украіне. Абедзве нарадзілі па дачцэ.
Людміла засталася адданай бацькам і Лунінцу. Вельмі хацела, каб у пакоі працоўнай славы мясцовага лакаматыўнага дэпо была змешчана экспазіцыя з інфармацыяй і фотаздымкамі пра яе бацьку – Васіля Куцепава. Скончыўшы Брэсцкае музычнае вучылішча, яна працавала ў дзіцячай школе мастацтваў, была першым кіраўніком народнага хору ветэранаў вайны і працы «Спадчына». Перабіраючы фотаздымкі, працягнула адзін са словамі:
– Паглядзіце, тут сярод выпускнікоў музычнай школы 1966 года – дырыжор і акампаніятар славутага мужчынскага хору дэпо – Барыс Іванавіч Шчур і Яўген Якаўлевіч Куфайкін…
Калі пахавалі Васіля Куцепава, яго ўдава Ксенія Савельеўна на помнік выбрала цывільны здымак – маўляў, у грамадстве спрэчныя адносіны да афіцэраў. Цяпер і Людміла Васільеўна хвалюецца: ці будзе дагледжана магіла яе бацькі на старых могілках? Яе адзіны сын Аляксандр жыве на Гродзеншчыне, куды з двума перасадкамі ёй дабірацца ўжо не пад сілу…
Імкнемся завяршыць размову на пазітыўнай ноце, і гэта ўдаецца. Летась Людміла Васільеўна адзначыла 80-годдзе. З радаснай усмешкай расказвае аб віншаванні да юбілею ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лунінецкага выканкама. Потым паказвае фотапартрэт унука Мікіты:
– Хлопчык захапляецца музыкай, тата з мамай падтрымліваюць імкненне сына. Нядаўна ў Свіслач сын забраў маё піяніна, яшчэ трафейнае, якое ў свой час выдзелілі бацьку. І я, усё жыццё прысвяціўшы музыцы, шчаслівая, што творчасць мае працяг…

Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама
лакаматыўнага дэпо Лунінец

Яндекс.Метрика