Ашмянскі мерыдыян
Ашмяншчына ўвайшла ў гісторыю як адзін з фарпостаў Вялікага княства Літоўскага. З гэтай зямлёй звязаны лёс Гедыміна і яго нашчадкаў, прадстаўнікоў роду Сапегаў. Ашмяны і Гальшаны былі важнымі цэнтрамі гандлю і вытворчасці, а таксама ахвярамі разбуральных войнаў.
Ашмянскі раён знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку Беларусі. Да Мінска – 120 км, да Гродна яшчэ больш – 220. А вось да Вільнюса – 55 км. Нягледзячы на цяперашняе «перыферыйнае» становішча, Ашмяншчына адметная сваімі гістарычнымі, культурнымі, эканамічнымі, літаратурнымі і спартыўнымі традыцыямі. Ашмянскі раён быў утвораны ў 1940 годзе. Але ў склад Гродзенскай вобласці ўвайшоў толькі праз два дзесяцігоддзі. Дагэтуль быў часткай колішніх Вілейскай і Маладзечненскай абласцей, якія пазней скасавалі.
Як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі даўніны, гісторыя Ашмян налічвае амаль дзесяць стагаддзяў, быццам мястэчка ўзгадваецца ў
1040 годзе. Але афіцыйнай датай заснавання лічыцца іншая – 1341 год. Менавіта тады пасля смерці вялікага князя літоўскага Гедыміна гэта мястэчка атрымаў у спадчыну яго малодшы сын Яўнут.
З гэтай зямлёй звязаны лёс іншых знакамітых асоб. Напрыклад, Мікалай Радзівіл «Руды» заснаваў тут кальвінскі збор, і горад стаў адным з найвядомейшых цэнтраў кальвінізму ў Вялікім княстве Літоўскім. У вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна пахаваны знакаміты беларускі паэт, пісьменнік і публіцыст Францішак Багушэвіч. Ашмянская зямля падарыла Беларусі і спарстменаў, у тым ліку двух гандбалістаў – алімпійскіх чэмпіёнаў Аляксандра Каршакевіча і Андрэя Барбашынскага.
Наконт паходжання назвы раённага цэнтра ёсць некалькі версій. Даследчыкі шукаюць карані ў старажытнай літоўскай і нямецкай мовах альбо мовах фіна-ўгорскай групы. Вынікае, што Ашмяны – гэта вастрыё, камень, горад з драўлянымі пабудовамі і нават мядзведзь. І для кожнага варыянта можна знайсці абгрунтаванне. Напрыклад, вастрыё і камень – бо фарпост Вялікага княства Літоўскага, які меў стратэгічнае размяшчэнне непадалёку ад Вільні. Мядзведзь – з-за мноства лясоў, што і цяпер займаюць каля трэцяй часткі агульнай плошчы Ашмянскага раёна.
Гербаў у горада на працягу ўсёй яго драматычнай гісторыі было не адзін, а тры. Першы мястэчка атрымала ў 1792 годзе па рашэнню караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
На гербе – срэбнае поле шчыта, падзеленнае на тры часткі: у правай – рука з залатымі шалямі, у левай – шчыт, паміж імі ў дольнай частцы чырвонае цялё. Шчыт – прызнанне важнага абарончага значэння мястэчка, жывёліна – «запазычанне» ад Панятоўскіх, а шалі – знак эканамічнага развіцця.
Гандлёвы і прамысловы патэнцыял рэгіёна развіваўся і далей. Як сцвярджаюць гісторыкі, у 1861 годзе ў Ашмянах было пяць прадпрыемстваў: чатыры гарбарныя заводы і вадзяны млын. Да канца стагоддзя іх колькасць павялічылася да пятнаццаці. З’явіліся вінакурня, цагельня, лесапільня, завод мінеральных вод, ваўнамыйка, бойня, саладоўня, вадзяны млын.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай улады Расійскай імперыі прызначылі для Ашмян новы герб, на якім былі вершнік ў стылістыцы знакамітай «Пагоні» і мядзведзь. Але ўжо ў наш час, у перыяд незалежнасці Беларусі, гістарычную справядлівасць аднавілі: у 2006 годзе зацвердзілі новы, за аснову якога быў пакладзены герб 1792-га.
– Ашмяншчына – цікавы край з асаблівымі традыцыямі, мясцовым каларытам, – адзначае начальнік раёна кантактнай сеткі Ашмяны Аляксандр Ходус. – Я нарадзіўся і доўгі час жыў у Оршы. Там людзі з імёнамі, напрыклад, Тадэвуш ці Казімір вельмі рэдка сустракаюцца. А на Ашмяншчыне – звыклая справа.
Акрамя таго, па яго словах, на Гарадзеншчыне, як і ў цэлым у Заходняй Беларусі, у параўнанні з Усходняй сустракаецца больш людзей, якія ў штодзённым жыцці размаўляюць па-беларуску ці выкарыстоўваюць пэўныя дыялектызмы, фразеалагізмы. Адрозніваецца і планіроўка прыватных сядзіб з прылеглай тэрыторыяй. На Ашмяншчыне перад фасадам звычайна ёсць кавалак зямлі з кветкамі ці гародам, а на ўсходзе Беларусі градкі часцей «хаваюцца» за домам.
Яшчэ адна адметнасць – на Гарадзеншчыне шмат касцёлаў. Дзяжурны пункт раёна кантактнай сеткі, як і станцыя Ашмяны, знаходзіцца на адлегласці каля 20 км ад раённага цэнтра, непадалёк «сустракаюцца» тры раёны: Ашмянскі, Смаргонскі, Астравецкі. І Аляксандр, калі ёсць вольны час, вандруе, наведвае мясцовыя аб’екты. З таго, што бачыў, асабліва ўразіў Траецкі касцёл у аграгарадку Гервяты Астравецкага раёна.
– Абавязкова варта наведаць касцёл святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, – раіць Аляксандр. – Ён вялікі, з дзвюма высокімі белымі вежамі.
Гэты храм пачалі будаваць з камянёў і цэглы ў 1899 годзе на месцы ранейшага каталіцкага касцёла. У 1948-м яго закрылі для вернікаў і размясцілі там фабрыку. Але праз паўстагоддзя храм аднавілі, асвяцілі, пачаліся рэгулярныя набажэнствы.
Падобны лёс напаткаў і Свята-Васкрасенскую царкву. Яе пабудавалі на месцы ліквідаваных дамініканскага касцёла і кляштара. Адкрылі ў 1883-м, а ў 1964-м закрылі. Праз тры дзесяцігоддзі аддалі вернікам.
Да іншых аб’ектаў лёс быў менш літасцівым. Напрыклад, сінагога, адкрытая ў 1912 годзе, лічылася адным з найбольш значных помнікаў архітэктуры сярод аналагічнай яўрэйскай спадчыны Беларусі. Аднак падчас Вялікай Айчыннай вайны амаль што ўсе прадстаўнікі мясцовай суполкі былі знішчаны нацыстамі, і набажэнствы спыніліся. А сінагогу ператварылі ў сховішча. Пазней будынак перадалі мясцоваму краязнаўчаму музею.
Першыя ўспаміны аб касцёле найсвяцейшай Панны Марыі, рэшткі якога цяпер знаходзяцца на ўскрайку Ашмян датуюцца XІV – XV стагоддзямі. Там быў і кляштар францысканцаў. Гэты комплекс перажыў шмат выпрабаванняў пажарамі і ваеннымі нападамі. У сярэдзіне XIX стагоддзя кляштар закрылі, а касцёл праз пэўны час перадалі пад сховішча. Цяпер аб шматвяковай гісторыі гэтага архітэктурнага комплексу нагадваюць толькі руіны.
Багатай гістарычнай спадчынай адзначаны і аграгарадок Гальшаны. Да яго ад райцэнтра – каля 20 км, найбліжэйшая чыгуначная станцыя – Багданаў (12 км). Гальшаны ўпершыню ўзгадваюцца ў XIII стагоддзі. Менавіта адсюль пайшоў знакаміты род Гальшанскіх, у тым ліку Соф’я – жонка караля польскага Уладзіслава Ягайлы, першага з дынастыі Ягелонаў. З XVI стагоддзя Гальшаны перайшлі ва ўладанне прадстаўнікоў роду Сапегаў. Дзякуючы іх намаганням у мястэчку пабудавалі новы касцёл францысканцаў, кляштар, замак, адкрылі папяровую фабрыку. Існуе легенда, што раней быў падземны ход, які звязваў мясцовы замак з Крэўскім, размешчаным на тэрыторыі цяперашняга Смаргонскага раёна.
Гальшаны прайшлі праз полымя Паўночнай вайны і страцілі значную частку сваёй архітэктурнай спадчыны. Напамін пра ранейшую веліч – руіны замка. Менавіта з ім звязаны падзеі, апісаныя класікам беларускай літаратуры Уладзімірам Караткевічам у дэтэктыўным рамане «Чорны замак Альшанскі». Але, паводле самога пісьменніка, «не трэба шукаць у рамане простага фотаздымка з Гальшан». Акрамя таго, сёння ў гэтым аграгарадку можна наведаць касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў – помнікі дойлідства XVI – XVIII стагоддзяў. Вартая ўвагі і Свята-Георгіеўская царква, пабудаваная ў пачатку мінулага стагоддзя.
У Ашмянскім раёне ёсць і шмат іншых цікавых аб’ектаў. Сярод іх – кляштар базыльянаў у вёсцы Баруны, царква ў Гародніках, касцёлы ў Граўжышках, Жупранах. Каля вёскі Цюпішкі знаходзіцца пункт геадэзічнай «Дугі Струвэ», якая па рашэнні ЮНЕСКА ўключана ў Спіс Сусветнай спадчыны.
Новай важнай падзеяй, якая ўплывае на развіццё Ашмянскага раёна, стала электрыфікацыя ўчастка чыгункі Маладзечна – Гудагай – дзяржаўная мяжа.
Аляксандр Ходус і яго падначаленныя з мясцовага раёна кантактнай сеткі рэгулярна выязджаюць на лінію, абслугоўваюць адпаведную інфраструктуру. Такім чынам яны разам з іншымі жыхарамі Ашмяншчыны пішуць новыя старонкі гісторыі легендарнага краю.
Руслан АНАНЬЕЎ