Февраль
Ср
12
2025

Край чатырох канфесій

«Вітам», «шалом», «салам алейкум» і больш звыклае «добры дзень»… Гэтыя словы прывітання можна пачуць у Іўі – горадзе чатырох канфесій. Менавіта так яго называюць за непаўторны каларыт, гасціннасць і верацярпімасць. На працягу стагоддзяў тут жывуць у згодзе праваслаўныя і іудзеі, каталікі і мусульмане.

Распавядаючы пра гэты невялікі райцэнтр на Гродзеншчыне, што за 135 км на захад ад сталіцы, немагчыма пазбегнуць эпітэтаў «адзіны», «непаўторны», «унікальны».
І сапраўды: шмат з таго, чым ганарацца ў Іўі, больш нідзе не сустрэнеш.
Калі не звяртаць увагі на мікрараён побач з аўтастанцыяй, можа скласціся ўражанне, што ў Іўі няма будынкаў, вышэйшых за два паверхі. Статус горада райцэнтр атрымаў у 2000 годзе, але карані яго гісторыі цягнуцца ад першай паловы ХV стагоддзя.
Навукоўцы мяркуюць, што назву мястэчку дала княгіня Ева – жонка князя Гедыміна, якой вельмі падабаліся мясціны на шляху паміж Вільняй (зараз Вільнюс) і Навагрудкам. Дарэчы, на гербе горада – дама ў княжаскай вопратцы з разгорнутай кнігай у руках. Але гэта не княгіня Ева, а хутчэй зборны вобраз усіх жанчын-уладальніц мястэчка, якія зрабілі важны ўзнёсак у яго развіццё.

Вольга Сапоцька

Хто толькі не валодаў Іўем у розныя часы: Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Агінскія, Тызенгаўзы, Замойскія. Мястэчка ўваходзіла ў склад Полацкага княства, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, царскай Расіі, Польшчы… Адна з відавочных прычын прывабнасці Іўя ў старажытнасці – удалае геаграфічнае становішча. З поўначы на поўдзень праз Іўе праходзілі гандлёвыя шляхі. Іўеўшчына і сёння пранізана сеткай аўтамабільных дарог. Непадалёку ад горада праходзіць чыгунка (напрамак Ліда – Маладзечна), у раёне працуюць дзве станцыі – Гаўя і Юрацішкі.
Вядомасць Іўю прынесла арыянская акадэмія, заснаваная тут у 1585 годзе. Яе рэктарам быў сябра Сымона Буднага, прагрэсіўны гуманіст, настаўнік і паэт Ян Ліцыній Намыслоўскі. Пасля закрыцця акадэміі тут была адчынена адна з першых на Беларусі друкарняў. Ёсць меркаванне, што «Граматыка» Мялеція Сматрыцкага была надрукавана менавіта ў Іўі ў 1619-м.
Візітная картка горада – памятны знак «У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны», які быў адкрыты ў 2012 годзе. Ён ўяўляе сабой чатыры белыя аркі, упрыгожаныя рэлігійнымі сімваламі адпаведнай канфесіі – праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іудзейскай. На адной – выява Спаса Нерукатворнага і ікона Пакрова Найсвятой Багародзіцы. Уверсе словы «Я есть путь к истине и истина, и жизнь», на другой – выява папы рымскага Яна Паўла ІІ з заклікам «Адчыніце дзверы Хрысту!», на трэцяй – мусульманская сімволіка і Каран, а чацвёртая стэла ўпрыгожана мянорай –падсвечнікам, сімвалам дзяржавы Ізраіль,і словамі на рускай мове і іўрыце.
Аркі-стэлы стаяць зусім побач, аднак здаецца, што ў задумцы архітэктара няма ніводнага звяна, якое б звязвала іх у адно. Але гэта толькі на першы погляд. У сярэдзіне манументальнай групы як разуменне таго, што надыйшоў час збіраць камяні (колькі ж можна іх раскідваць?), – горка з камянёў. Яна размешчана ў коле. Кола – як еднасць цыкла прыроды і жыцця, а вада, што струменіцца па камянях, – сімвал вечнасці, дзіўная старонка інфармацыі пра зямлю, пра чалавека, пра Сусвет… Так, мы, здаецца, асобна жывем, асобна молімся, але Бог адзін, а мы ўсе – людзі. І сабраў ён нас на адной зямлі.
А ў нашым выпадку – у адным горадзе…Манумент выконвае яшчэ і практычную функцыю – ў якасці паказальніка напрамку для турыстаў: кожная арка павернута ў бок храма той ці іншай канфесіі.
На самай высокай кропцы горада размясціўся пабудаваны ў 1495 годзе Петрапаўлаўскі касцёл з кляштаром бернардзінцаў (захаваліся заходняе і часткова ўсходняе крылы). Комплекс аддзелены насыпам, які калісьці меў абарончае значэнне. Побач з касцёлам знаходзіцца статуя Хрыста. Яе ўсталявалі ў 2002 годзе і менавіта дзякуючы ёй Іўе часта параўноўваюць з Рыа-дэ-Жанэйра. Насамрэч на ўзгорку – копія скульптуры Хрыстос-Цар з партугальскага горада Алмада. Калі глядзець з-за спіны статуі, здаецца, што Хрыстос абдымае Іўе рукамі.
«Мір вам!» – напісана на іудзейскім баку манумента. Гісторыя гэту рэлігію не шкадавала. Сёння яўрэйскай абшчыны ў горадзе няма – шмат прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці 12 мая 1944-га знішчылі фашысцкія акупанты. Да гэтай жалобнай даты 76% насельніцтва Іўя складалі менавіта яўрэі. Рэшткі яўрэйскай культуры да нашых дзён захаваліся толькі ў архітэктуры горада. Напрыклад, амаль у цэнтры стаіць адна з былых сінагог. Зараз у ёй размешчана спартыўна-юнацкая школа.
Дзясятая частка мясцовага насельніцтва – татары. У Вялікім княстве Літоўскім яны ўпершыню з’явіліся яшчэ ў XIV стагоддзі, калі па ініцыятыве князя Вітаўта былі запрошаны на вайсковую службу. У 1882 годзе ў Іўі пабудавалі мячэць. На працягу стагоддзяў яе не разбурылі ні войны, ні прыродныя катаклізмы. У савецкі час мячэць была адзінай мусульманскай святыняй, якая дзейнічала на тэрыторыі Беларусі. У нашы дні сюды прыязджаюць вернікі з розных гарадоў, а галоўнае свята Ураза-байрам альбо Ід аль-Фітр у Іўі святкуюць усім горадам.
Татары – заўзятыя агароднікі. Велізарныя цяпліцы на ўскрайку горада прыкметныя здалёк, а мясцовую гародніну (радыску, цыбулю, салату, гуркі і памідоры) можна купіць не толькі на сталічнай Камароўцы, а нават у Маскве і іншых расійскіх гарадах.
Праваслаўная суполка Іўя – самая маладая, царква была тут адчынена толькі ў 1994-м. Яна вядома сваім абразам Маці Божай Казанскай. Рэліквію падараваў прыхажанам іх зямляк Віктар Шутаў – супрацоўнік Раскосмасу. Абраз дзесяць дзён знаходзіўся на касмічнай арбіце.
Яшчэ больш пра Іўе можна даведацца з вандроўкі па «Коле гісторыі»: 14 камянёў з інфармацыйнымі шыльдамі на іх адлюстроўваюць 14 знакавых дат з гісторыі горада. Таксама раю завітаць у адзіны ў краіне музей нацыянальных культур ці наведацца да мясцовага жыхара і энтузіяста Івана Буйко, які на гары ўласнай хаты ўжо шмат гадоў збірае цікавыя рэчы.
Іўе – першы з раённых цэнтраў Беларусі, дзе ў свой час з’явіўся помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Абеліск мае форму алтара, у якім прарэзана сем амбразур – па колькасці мясцовых жыхароў, якія не вярнуліся з той вайны.
У горадзе праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, напрыканцы лета – у пачатку восені можна трапіць на «Іўеўскі памідор» – фэст у гонар гэтай культуры. Асабліва прывабным для турыстаў Іўе стала пасля абласнога свята «Дажынкі», якое райцэнтр прымаў у мінулым годзе. Тут з’явілася шмат малых архітэктурных форм, добраўпарадкаваны зоны адпачынку і набярэжная возера, шматлікія пабудовы.
– Вельмі цікавае і наваколле Іўя, – кажа прыёмаздатчык грузу і багажу станцыі Гаўя Вольга Сапоцька. – Напрыклад, зусім побач са станцыяй адкрываюцца маляўнічыя краявіды касцёла, што знаходзіцца ў суседняй вёсцы Ліпнішкі. Ад фундаменту і да вежы ён цалкам складзены з камянёў. Такіх культавых будынкаў наогул у свеце няшмат.
У прыгранічных Геранёнах захаваліся адзін з самых старых касцёлаў у Беларусі – Мікалаеўскі (1519 г.) і руіны замка (XV – XVI стст.). У Суботніках – неагатычны касцёл пачатку ХХ ст. з фамільным склепам роду Умястоўскіх. У Жэмаслаўлі – дварцова-паркавы ансамбль, копія каралеўскіх Лазенак у Варшаве. Цудоўны неагатычны храм ёсць у вёсцы Трабы, а ў Дудах – драўляны касцёл у стылі барока. Яму каля 240 гадоў.
Вольга Уладзіміраўна нарадзілася ў вёсцы Чарнэлі Іўеўскага раёна. Зараз з мужам і дзецьмі яна жыве ў райцэнтры. А на станцыі Гаўя працуе ўжо два дзесяцігоддзі.
Іўеўшчына – малая радзіма і аўтара гэтых радкоў. І люблю я тут бываць кожнай парой года. Зімой, напрыклад, можна завітаць да дзеда Зімніка (роднага брата Дзеда Мароза) і бабы Завірухі, што разам з казачнымі сябрамі пасяліліся на ўскрайку Налібокскай Пушчы. З вясны і да восені – пасядзець з вудай на берагах Заходняй Бярэзіны, Гаўі, Нёмана, іншых рэк і азёр. У рэгіёне няма буйной вытворчасці. Працуе прадпрыемства па вырабу сельгастэхнікі, лясгас, дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне, фабрыка па выпуску бытавой хіміі і тавараў гаспадарча-бытавога прызначэння.
Дыхаецца тут поўнымі грудзьмі, асабліва таму, у чыім сэрцы назаўсёды застася гэты мілы куток Беларусі.

Андрэй ІВУЦЬ

Яндекс.Метрика