Спадчына з італьянскім каларытам

Пружанскі раён, чацвёрты па плошчы ў Беларусі, знакаміты велічнымі лясамі і найпрыгажэйшымі азёрамі. Багатая культурна-гістарычная спадчына гэтай зямлі дзіўным чынам спалучае ўспаміны аб прускім народзе, які даўно згінуў, італьянскія традыцыі мінулых вякоў і сучаснага легендарнага аўтамабільнага брэнда Alfa Romeo, архітэктурныя шэдэўры заможнага і ўплывовага роду Сапегаў, лёсавызначальную для СССР сустрэчу ў Віскулях і вытокі беларускага харавога мастацтва.

Тэрыторыя Пружанскага раёна – 2,8 тыс. кв. кіламетраў. Асноўныя рэкі – Ясельда, Мухавец, Зэльвянка, Ружанка, Нараўка, азёры Боган, Выжар, Чыстае, вадасховішчы Паперня, Пружанскае, Рудніцкае. Тут знаходзяцца частка Нацыянальнага парку «Белавежская Пушча», рэспубліканскія заказнікі «Міхалінска-Беразоўскі», «Ружанская Пушча», «Буслаўка», «Дзікае», а таксама заказнікі мясцовага значэння «Выдраўка» і «Зэльвянка».
Цікава, што раён у наш час мог бы называцца не Пружанскім, а Дабучынскім. Бо цяперашні райцэнтр быў вядомы з 1487 года менавіта як Дабучын – княжацкі двор у складзе Кобрынскага княства Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. З 1532-га ён належаў польскай каралеве Боне Сфорцы, прадстаўніцы знакамітага італьянскага роду. Менавіта дзякуючы яе ўплыву гэта мястэчка стала цэнтрам ганчарнага рамяства і гандлю. А дзякуючы яе дачцэ Ганне Ягелонцы горад атрымаў Магдэбургскае права, герб і дазвол на два кірмашы на год. Гэтым прывілеем замацавалі сучасную назву Пружанаў, што паходзіла з паселішча прусаў ля ранейшага Дабучына. Ганна ж вырашыла ўшанаваць памяць сваёй маці і падарыла гораду герб з элементамі фамільнага герба Боны Сфорцы. На сімвале Пружанаў у срэбраным полі – звілісты блакітны вуж з залатой каронай, у пашчы якога палова тулава дзіцяці. Такую кампазіцыю можна ўбачыць і на сучасным лагатыпе сусветна вядомай аўтамабільнай кампаніі Alfa Romeo.
Пружанскі раён даволі вялікі па плошчы: каб праехаць яго ад краю да краю, неабходна пераадолець больш за 80 кіламетраў. І ў кожнага чалавека, які нарадзіўся на гэтай зямлі, свае ўспаміны, цёплыя пачуцці і любімыя мясціны.
– Мая малая радзіма – вёска Ізбіцы Пружанскага раёна, – распавядае начальнік Брэсцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Вячаслаў Сімаковіч. – Менавіта там прайшоў пачатак майго жыцця. Для мяне гэта найпрыгажэйшая мясціна Беларусі. Самыя яскравыя ўспаміны з дзяцінства – шчодры летні дождж і багаты ўраджай грыбоў, цёплая вада, а на сэрцы – радасць. Канчаецца дождж – і дзівішся на вялікую вясёлку над лесам.
Родная вёска Вячаслава Мікалаевіча знаходзіцца непадалёк ад Белавежскай Пушчы. Паблізу і знакамітыя на ўвесь свет Віскулі, дзе быў вырашаны лёс Савецкага Саюза. У колішняй вялікай вёсцы Ізбіцы сёння засталося толькі некалькі жылых дамоў. Але Вячаслаў Сімаковіч, які ўжо шмат гадоў жыве ў Брэсце, рэгулярна наведвае роднае гняздо. Каб наталіцца сілай і наведаць магілы сваіх продкаў.
Пружаншчына, перакананы ён, край з багатай гісторыяй і прыцягальнай прыродай. Асабліва раіць пабываць у Ружанах і паглядзець на палац Сапегаў. Вабіць краявідамі і змешчанае непадалёк вадасховішча Паперня.
Успаміны аб малой радзіме саграваюць сэрца і Віктара Кулая – начальніка вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны. Ён нарадзіўся ў вёсцы Жабін Пружанскага раёна.
З Пружаншчынай і чыгункай звязана ўсё жыццё і білетнага касіра станцыі Аранчыцы Наталлі Ярашук. Яна нарадзілася ў вёсцы Аранчыцы, якая знаходзіцца ля аднайменнай станцыі.
Жанчына абрала прафесію па прыкладзе сваёй маці, якая працавала білетным касірам больш за 30 гадоў. А цяпер стаж на чыгунцы і самой Наталлі звыш 20-ці гадоў. Пачынала з пасады таварнага касіра, а потым стала білетным. Гэта праца няпростая, яна патрабуе пільнасці, камунікабельнасці. Але кантакты з людзьмі натхняюць, прыносяць задавальненне.
– Пасажыры, якія прыязджаюць у Пружанскі раён на цягніку, выходзяць менавіта на станцыі Аранчыцы. Бо яна найбольш блізкая да раённага цэнтра. Каля 20 хвілін на аўтобусе – і вы на месцы, – тлумачыць яна. – Некаторыя спецыяльна прыязджаюць, каб наведаць цікавыя аб’екты нашага раёна. Я найперш раю паглядзець Пружанскі палацык і рэзідэнцыю Радзівілаў – самая маляўнічая і прывабная выбітнасць у Ружанах.
Палацык у Пружанах – былая сядзіба сям’і Швыкоўскіх, якая ў сярэдзіне XIX стагоддзя пабудавала вялікі дом у італьянскім стылі. І даручыла гэта італьянскаму архітэктару.

Білетны касір станцыі Аранчыцы
Наталля Ярашук

Як сведчаць гісторыкі, раней у трохпавярховай вежы палацыку знаходзіўся ліфт. Але патрэбны ён быў не для людзей, а для таго, каб падымаць ежу і віно са скляпенняў. Валенці Швыкоўскі і яго жонка Гермінія Важынская былі гасціннымі гаспадарамі. Iх наведвалі славуты пісьменнік Юзаф Iгнацы Крашэўскі і знакаміты мастак Напалеон Орда, даследчык этнаграфіі і фальклору Беларусі Міхал Федароўскі ды іншыя.
У нашыя дні Пружанскі палацык – адзіная ў Беларусі сядзіба такога тыпу. У розныя гістарычныя перыяды яго выкарыстоўвалі па-рознаму. Пасля Швыкоўскіх тут жылі арандатары. Пазней размяшчаліся адміністрацыя павета, вайсковы штаб, школа і нават стаматалагічная клініка. А ў 1998 годзе ў гістарычным будынку быў арганізаваны краязнаўчы музей.
У Пружанах абавязкова неабходна пабачыць і Белыя лавы – гандлёвыя рады. Гэты каменны будынак з’явіўся на рынкавай плошчы яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя. Цікава, што яна захавала сваё першапачатковае прызначэнне і сёння. Цяпер там таксама ёсць крамы і аб’екты харчавання. Заслугоўваюць увагі і храмы: касцёл Узнясення Дзевы Марыі і царква Аляксандра Неўскага. Абодва былі ўзведзены каля 150 гадоў таму.
Знаўцы гісторыі раяць адшукаць вялікі драўляны дом з мансардай на вуліцы Савецкай. Спецыялісты сцвярджаюць, што будынак быў узведзены ў 1828 годзе, і каля 150 гадоў у ім працавала аптэка. Існуе меркаванне, што гэта самы стары драўляны будынак аптэкі ў Беларусі.
Яшчэ адзін турыстычны цэнтр Пружанскага раёна – гарадскі пасёлак Ружаны, што прыкладна за 50 кіламетраў ад райцэнтра і за 130 кіламетраў ад Брэста. Паходжанне назвы звязваюць з кветкай ружы, якая асабліва шануецца сярод каталікоў. Другая версія – што паселішча на рагу, гэта значыць на раздарожжы. Трэцяя, сентыментальна-рамантычная – ад сумяшчэння імёнаў Ружа і Ганна – дачок мясцовага гаспадара.
Як бы там ні было, але цяпер Ружаны вядомы найперш дзякуючы роду Сапегаў. Менавіта ў гэтым месцы ў XVII – XVIII стагоддзях яны пабудавалі сваю вялікую рэзідэнцыю.
У перыяд яе росквіту галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага простакутнага будынка пад высокім мансардавым «французскім» дахам. Галоўны фасад з трынаццацю вокнамі ў цэнтральнай частцы вылучаўся ўзнятым на другі паверх прысценным порцікам з двух пар калон і пілястр. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалонная тэраса, на якую выходзілі вокны-дзверы бальнай залы. Па загаду гаспадароў стварылі парк з воднымі каналамі. У рэзідэнцыі былі тэатр і манеж. Падчас войн і вялікага пажару, які адбыўся ў 1914 годзе, велічны комплекс прыйшоў у заняпад. У 2008-м пачалася яго рэстаўрацыя. З таго часу аднавілі браму і флігелі.
Акрамя рэзідэнцыі Сапегаў у Ружанах можна ўбачыць іншыя цікавыя аб’екты: Траецкі касцёл, Петрапаўлаўскую царкву, кляштар базыльянаў, сінагогу. Аматары падарожжаў раяць наведаць на Пружаншчыне гарадскі пасёлак Шарашова, дзе знаходзяцца помнікі XIX стагоддзя – Траецкі касцёл і Мікалаеўская царква. А ў вёсцы Лыскава з XVIII стагоддзя захавалася частка былога кляштара місіянераў з Траецкім касцёлам і жылым корпусам.
Славіцца Пружанская зямля і таленавітымі людзьмі. Сярод найбольш знакамітых – Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнаўца. У гонар прызнання яго ўнёску ў развіццё айчыннай культуры Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі носіць імя менавіта гэтага ўраджэнца Пружанскай зямлі.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика