Октябрь
Сб
05
2024

Свята сустракаў Слонім

У мінулую нядзелю Слонім сустракаў гасцей. Гэты горад над Шчарай сёлета стаў 26-й сталіцай Дня беларускага пісьменства. Напярэдадні знакавай падзеі ён пахарашэў – добраўпарадкаваны вуліцы, дамы, паркі, шматлікія аб’екты сацыяльнага прызначэння, у тым ліку і мясцовая чыгуначная станцыя.

Нягледзячы на тое, што чыгуначны вакзал у райцэнтры знаходзіцца на ўскрайку горада, святочны настрой адчуваўся ўжо тут: шмат гасцей з Гродна, Баранавічаў ды іншых гарадоў прыехалі ў Слонім на цягніках.
– Да гэтага дня мы падрыхтаваліся загадзя, – распавядае начальнік мясцовай чыгуначнай станцыі Сяргей Хадуноў. – Дзякуючы намаганням кіраўніцтва Баранавіцкага аддзялення чыгункі, Баранавіцкай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў добраўпарадка-
валі станцыю і прылеглую тэрыторыю. Дарэчы, будынак чыгуначнага вакзала ў Слоніме мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, быў пабудаваны ў 1922 годзе ў стыле неабарока.
Яшчэ да свята тут перафарбавалі фасад, памылі дах, адрамантавалі пакрыццё перона, змянілі ўваходныя групы, вонкавае асвятленне. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўладкавалі пандусы, вызначылі спецыяльныя месцы на прылеглай паркоўцы, усталявалі дарожныя знакі. Для аматараў ровараў каля вакзала з’явілася велапаркоўка на дзесяць месцаў. У зале чакання абнавілі сцены. На адной з іх размясцілася пано са славутасцямі Слоніма (на здымку), на другой – схема праезду грамадскім транспартам да кожнай з іх. Утульнасці дадалі прыгожыя карціны і фіранкі.
Чыгуначны транспарт карыстаецца папулярнасцю як у мясцовых жыхароў, так і ў гасцей Слоніма. Штодзённа тут робяць прыпынак дзве пары цягнікоў міжрэгіянальных ліній эканомкласа, якія рухаюцца на Гродна, Гомель, Мінск, і пяць пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа (на Гродна, Баранавічы, Масты). Толькі ў жніўні ў касах вакзала прадалі звыш за 13 тыс. квіткоў.
Таксама чыгуначнікі ўнеслі важны ўклад у добраўпарадкаванне горада – напярэдадні свята на станцыю прывозілі шмат будаўнічых матэрыялаў. З пачатку года тут атрымалі звыш за 143 тыс. тон розных грузаў, што значна больш, чым за аналагічны леташні перыяд.
– Вельмі прыемна, што менавіта Слонім сёлета прымае свята, – працягвае Сяргей Віктаравіч. – Гэта яшчэ адна добрая магчымасць паказаць вялікі турыстычны патэнцыял раёна.
А Слоніму сапраўды ёсць чым здзівіць госця з яго першых крокаў па вуліцах горада – аднаго са старэйшых на Беларусі. Упершыню ён узгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1252 годзе як Услонім.
Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства пачалося з прыгожага шэсця, якое ўзначалілі харугві з назвамі папярэдніх сталіц свята. Сярод іх – гарады і пасёлкі Гродзеншчыны: Мір, Навагрудак, Смаргонь, Шчучын. І, канешне, да іх далучаецца Слонім.
Віталі шэсце ля галоўнай сцэнічнай пляцоўкі каля Цэнтра культуры і адпачынку.
У імправізаванай зале пад адкрытым небам – прадстаўнікі кіраўніцтва краіны, дыпмісій, пісьменнікі з Беларусі і замежжа, ганаровыя грамадзяне Слоніма, а таксама шматлікія жыхары і госці.
Прывітальны зварот Аляксандра Лукашэнкі зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч. Гасцей таксама віталі гаспадары свята: старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў і Слонімскага раённага Генадзь Хоміч. Яны падкрэслілі: Слонім сваёй багатай гістарычнай спадчынай заслужыў права быць сталіцай Дня беларускага пісьменства.
– Слонімская зямля – гэта край моцных культурных традыцый, якія сваімі каранямі ідуць далёка ў мінулае. З городам звязана імя выбітнога палітычнага дзеяча Льва Сапегі. Статут Вялікага княства Літоўскага, да распрацоўкі якога прыклаў руку канцлер краіны і слонімскі стараста, лёг у аснову канстытуцый многіх дзяржаў свету. Мы ганарымся, што напісаны гэты дакумент быў па-беларуску, – адзначыў Уладзімір Краўцоў. – Прынёманскі край зрабіў вялікі ўнёсак у справу кнігавыдання. Рукапісныя кнігі – Лаўрышаўскае і Жухавіцкае евангеллі – былі створаны на гэтай зямлі яшчэ ў XIV стагоддзі. Спрыялі развіццю адукацыі друкарні, якія з пачатку XVIII стагоддзя дзейнічалі ў Слоніме, Любчы, Гродне, Мураванай Ашмянцы ды іншых мясцінах. Вялікія кнігазборы мелі беларускія магнаты – Радзівілы, Тышкевічы, Храптовічы, палацы і маёнткі якіх стаялі ў Прынямонні.
Лёс многіх вядомых пісьменнікаў звязаны з Гродзеншчынай. Да прыкладу, тут нарадзіўся адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Жыла Алаіза Пашкевіч, больш вядомая як Цётка, якая адна з першых пачала выдаваць падручнікі па беларускай мове.
Багата гродзенская зямля талентамі і сёння. Намаганнямі сучасных пісьменнікаў, выдаўцоў і паліграфістаў, журналістаў, бібліятэкараў робіцца вялікая справа – ствараецца сучасная культура новай незалежнай Беларусі. На Гродзеншчыне друкарні вобласці выдаюць штогод больш за паўсотні газет і часопісаў, сотні мастацкіх і навуковых кніг, вучэбных дапаможнікаў.
Пра выбітных асоб Слонімскай зямлі і іншых рэгіёнаў Гродзеншчыны таксама распавяла гасцям театралізаваная дзея «Зямля пад белымі крыламі», якую прадставілі на галоўнай сцэне свята. Розныя эпохі і розных асоб аб’ядналі разважанні нашых сучаснікаў, моладзі, якая шукае адказ на пытанне, ці можна стаць сусветна вядомым, калі ты нарадзіўся і жывеш у невялікім мястэчку, такім, як Слонім. Адказ шукалі ў мінулым, розных эпохах слонімскай гісторыі. Былі тут і згадкі пра з’яўленне абраза Маці Божай Жыровіцкай, легенда пра візіт у гэтыя мясціны вялікага князя Вітаўта. У фінальнай дзеі быў прадстаўлены сённяшні дзень рэгіёну, яго вялікі творчы патэнцыял. Прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Каштоўны падарунак Гродзеншчыне зрабіў пісьменнік і мецэнат Валерый Казакоў. Ён перадаў рарытэтны асобнік Статута 1588 года, які быў перавыдадзены ў 1916-м.
Адна з галоўных падзей свята – адкрыццё ў райцэнтры помніка Льву Сапегу. Калісьці ён быў старастам Слоніма. Пры ім горад актыўна развіваўся, стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Па яго хадайніцтву ў 1591 годзе мястэчка атрымала Магдэбургскае права і герб з выявай льва, які трымаў залатую стралу. Вышыня скульптуры разам з пастаментам – звыш за 4 метры, а вага – каля тонны. Яшчэ адзін падарунак Слоніму з нагоды свята – адкрыццё дзяржаўнай кнігарні.
Усе цэнтральныя вуліцы горада пераўтварыліся ў суцэльную святочную пляцоўку. Была адчынена выстава кнігі і прэсы. Адным з месцаў прыцягнення стаў адноўлены друкарскі двор XVI стагоддзя. Тут былі прадстаўлены тыпаграфскія прылады і машыны, друкарскі станок эпохі Францыска Скарыны.
Скарысталася магчымасцю адчуць сябе друкарамі таго часу і сям’я старшага электрамеханіка Лідскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Міхаіла Сігейкіна. Разам з жонкай Наталляй, дачкой Ганнай і сынам Аляксеем уласнымі рукамі яны надрукавалі першую старонку старажытнай Бібліі.
– Я ўжо ўмею пісаць і чытаць, пайду ў другі клас, – з гонарам кажа Ганна. – Будзе мне сувенір на памяць!
– Добра адпачылі падчас свята, даведаліся шмат новага, цікавага, – кажа Міхаіл. – Мець магчымасць дакрануцца да чагосьці таемнага і такога каштоўнага – гэта цудоўна!
На імпрэзаваным ваенным прывале працавалі агітбрыгада «Слава Перамогі ў сэрцах пакаленняў», фотавыстава «Беларусь памятае». У кожнага ўдзельніка Дня беларускага пісьменства была магчымасць выканаць 10 заданняў і разгадаць код Сапегі. У чароўны свет кнігі трапляў той, хто завітаў на плошчу перад будынкам райвыканкама – там праходзілі творчыя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, журналістамі, выдаўцамі. Госці свята сталі сведкамі ўнікальнай падзеі – спецыяльнага памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства». Уздоўж адной з вуліц частавалі стравамі нацыянальнай кухні, прыгатаванымі па рэцэптах з кніг класікаў, у тым ліку верашчакай, клёцкамі, «карпам па-шляхецку». На другой – лепшыя народныя майстры Гродзеншчыны прадставілі ўласныя вырабы – свята разлілося па ўсіх кутках старажытнага Слоніма. Цікава было кожнаму – ад малога да вялікага.
А ўжо ўвечары пад гукі салюту эстафету Дня беларускага пісьменства перадалі ў Магілёўскую вобласць. У 2020-м свята прымуць Бялынічы.

Андрэй
ІВУЦЬ

Яндекс.Метрика