Пад знакам спадчыны картэзіянцаў і Пуслоўскіх
Багатая культурна-гістарычная спадчына Сапегаў і Пуслоўскіх, маляўнічыя краявіды, памяць пра Халакост і даніна павагі лётчыкам, новыя энергетычныя магутнасці, мясны і малочны брэнды… Бярозаўская зямля вабіць сваёй шчодрай разнастайнасцю.
Бярозаўскі раён размешчаны ў сэрцы Брэсцкай вобласці – паўночна-заходняй частцы Прыпяцкага Палесся. Тут цячэ рака Ясельда з прытокамі Вінец, Жыгулянка. Знаходзяцца азёры Чорнае і Белае, а таксама Спораўскае і вадасховішча Сялец. Лес займае амаль чацвёртую частку тэрыторыі раёна.
Бяроза, якую раней называлі Бярозай-Картузскай ці Картуз-Бярозай, стала раённым цэнтрам у 1940-м. Але гэты горад, у якім цяпер жывуць каля 30 тыс. чалавек, мае багатую гісторыю.
Упершыню ён згадваецца ў 1477 годзе як вёска Слонімскага павета, дзе Ян Гамшэй са сваёй жонкай Барбарай заснаваў касцёл Найсвяцейшай Тройцы. У пачатку XVII стагоддзя новым гаспадаром мястэчка стаў канцлер Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Леў Сапега. Яго малодшы сын Казімір Леў Сапега стаў фундатарам шэрагу касцёлаў і кляштароў, сярод якіх быў і картэзіянскі кляштар у Бярозе. Яго будаўніцтва пачалося ў 1648 годзе. І такое рашэнне стала лёсавызначальным. Яно паспрыяла культурнаму развіццю, росквіту гандлю і рамёстваў. У комплекс уваходзілі мураваны будынак касцёла, аднатыпныя групы жылых карпусоў з маленькімі ўнутранымі дворыкамі, трапезная, бібліятэка, шпіталь, аптэка, гаспадарчыя пабудовы, якія з прылеглым садам і вадаёмам былі абнесены мурамі з вежамі і каплічкай.
Картэзіянскі манаскі ордэн быў заснаваны ў XI стагоддзі ў Францыі. З цягам часу ён распаўсюдзіў свой уплыў на шмат іншых краін. У перыяд росквіту колькасць кляштароў дасягала амаль што 200. Цяпер жа ў еўрапейскіх краінах засталося менш за 30 такіх комплексаў.
Падчас Паўночнай вайны, у якой супрацьстаялі Расія і Швецыя, Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў быў значна пашкоджаны. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай улады Расійскай імперыі будынкі кляштара выкарыстоўвалі ў якасці вайсковых казармаў. Пазней салдаты разбіралі муры і будынкі для будаўніцтва дадатковых казармаў.
Такім чынам да нашых дзён захаваліся толькі рэшткі велічнага архітэктурнага комплексу. Неабходна было пачынаць рэстаўрацыю. У першую чаргу аднавілі ўваходную браму. Менавіта гэты элемент кляштара картэзіянцаў адлюстраваны на гербе і сцягу Бярозы.
– Вельмі шкада, што картэзіянскі кляштар разбурылі. Глядзіш на тыя рэшткі, якія засталіся, і разумееш, наколькі велічным быў гэты аб’ект, – распавядае білетны касір прыпыначнага пункта Бяроза-Горад Таццяна Іванец.
На чыгунку яна прыйшла ў 2002 годзе. Яе маці шмат гадоў працавала білетным касірам на станцыі Бяроза-Картузская і прыпыначным пункце Бяроза-Горад.
Ад дома, у якім цяпер жыве Таццяна Іванец, да кляштара можна дабрацца пешшу прыкладна за дзесяць хвілін. Таму трое яе дзяцей час ад часу гуляюць ля старажытных сцен.
– Кляштар размяшчаўся ў вельмі маляўнічым месцы, – адзначае Таццяна Валер’еўна. – Таму сюды нярэдка прыязджаюць і маладыя людзі – каб адпачыць у цішыні ці паўдзельнічаць у фотасесіі, зняць відэа. Карыстаецца папулярнасцю гэта месца і ў тых, хто святкуе вяселле.
Да сцен картэзіянскага кляштара раіць прыехаць і намеснік начальніка прадпрыемства «Брэстгрузтранслагістык» Уладзімір Ермалаеў. Яго малая радзіма – вёска Сялец Бярозаўскага раёна.
– Як памятаю з дзяцінства, вёска была вялікая, цяпер гэта аднайменны аграгарадок, які знаходзіцца за 6 кіламетраў ад Бярозы на беразе водасховішча Сялец, – узгадвае Уладзімір Міхайлавіч. – І што адметна: гэты населены пункт амаль на стагоддзе старэйшы за раённы цэнтр Бярозу. Першыя ўзгадкі пра Сялец адносяцца да 1397 года.
Гэты населены пункт быў шматлюдным, актыўна развіваўся. У ім віравала жыццё, рэгулярна праходзілі кірмашы. Пра слаўную мінуўшчыну нагадваюць велічныя архітэктурныя аб’екты. У прыватнасці, сучасных падарожнікаў вабіць касцёл Святога Аляксея, які пабудаваны ў 1912 годзе, а таксама Свята-Успенская царква (1865 – 1870). Яе ўзвялі на месцы драўлянага касцёла.
Культурная і гістарычная спадчына яднае людзей і штурхае да філасофскіх разважанняў. І гэта адчуваецца ў творчасці Алеся Разанава, знакамітага беларускага паэта, які нарадзіўся менавіта ў Сяльцы. Вось што ён адзначае ў сваім вершы «Спадчына»:
Калі яна цяжар – тады яна крылы,
Калі яна вярэдзіць – тады яна гоіць,
Калі яна знясільвае – тады дае сілу…
Тым, хто вырашыў павандраваць па Бярозаўскім раёне, варта завітаць у аграгарадок Пескі з яго багатай гісторыяй. Першыя ўзгадкі аб ім адносяцца да 1503 года. На працягу трох стагоддзяў гэта зямля належала прадстаўнікам шляхецкага роду Пуслоўскіх. Яны пакінулі пасля сябе шчодрую архітэктурную спадчыну.
Іх сядзібны комплекс – помнік архітэктуры класіцызму і садова-паркавага мастацтва пейзажнага стылю – быў сфарміраваны ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Да 1939 года ён развіваўся і пашыраўся. У яго склад уваходзілі сядзібны дом, брама, праз якую праязджалі госці, флігель, стайня, спіртзавод, вінакурня, гаспадарчыя пабудовы. Была і двухпавярховая каменная аранжарэя, а таксама прыгожы парк з сажалкамі і разнастайнымі, у тым ліку досыць экзатычнымі для Беларусі дрэвамі.
На жаль, усё гэта багацце не захавалася. Аб росквіце Пескаў распавядае малюнак знакамітага мастака Напалеона Орды 1865 года. Аб былой велічы нагадвае паўночная брама, якая стала сімвалам Пескаў. Цікава, што ў былой сядзібе Пуслоўскіх да нашага часу дзейнічае спіртзавод, што сведчыць аб высокім інжэнерным узроўні гэтага аб’екта.
Захаваўся і Косаўскі палац, які таксама належаў роду Пуслоўскіх.
У гісторыі Бярозаўскай зямлі, на жаль, ёсць і трагічныя старонкі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны некалькі тысяч чалавек загінулі ў Бярозаўскім гета. Яшчэ каля 50 тыс. сталі ахвярамі фашыстаў падчас масавых растрэлаў каля Броннай Гары. Сёння аб гэтых змрочных падзеях нагадваюць манументы.
У гонар лётчыкаў мінулых пакаленняў і іх сучасных нашчадкаў узведзены помнік. У Бярозе на высокім п’едэстале выстаўлены самалёт «МіГ-21».
Ён прысвечаны і 927-му авіяцыйна-знішчальнаму палку, прадстаўнікі якога неслі службу на гэтых землях.
У Бярозаўскім раёне знаходзіцца і адзін з самых маладых гарадоў Беларусі – Белаазёрск. Яго заснавалі ў 1958 годзе на месцы вёскі Ніўкі ў сувязі з будаўніцтвам Бярозаўскай ДРЭС. Да гэтага аб’екта пракладзена чыгунка. У горад, размешчаны за 27 кіламетраў ад Бярозы, можна трапіць не толькі на аўтамабілі, але і на цягніку.
Чыгунка дала значны штуршок для сацыяльна-эканамічнага развіцця Бярозаўскага раёна. На яго тэрыторыі акрамя станцыі Белаазёрск знаходзяцца яшчэ дзве – Бяроза-Картузская і Бронная Гара. Вялікай папулярнасцю ў пасажыраў карыстаецца і прыпыначны пункт Бяроза-Горад.
Руслан
АНАНЬЕЎ