Дзякуй за працу!
У саўгасе «Рачкавічы» шанавалі перадавікоў – камбайнёраў і вадзіцеляў. Каштоўныя падарункі ім уручыў намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі.
Героямі дня сталі Аляксандр і Уладзімір Анціпцавы, Міхаіл і Андрэй Фандзюхіны, Аляксандр Скрыган, Дзяніс Бубен, Ігар Кудзелка, Яўген Паляніца, Ілля Пасечнік, Віктар Канановіч, Руслан Алейнік, Анатоль Гірэль, Аляксандр Шайпак, Уладзімір Амяльчэня, Валянцін Шыбіцкі і Юрый Пісарык. Намеснік кіраўніка магістралі падзякаваў працаўнікам за высокі прафесіяналізм і дасягнутыя поспехі падчас уборкі збожжавых культур, пажадаў усім працаўнікам новых вытворчых дасягненняў.
Нагадаем, падчас сёлетняй уборачнай кампаніі ў «Рачкавічах» намалацілі звыш 12,6 тыс. тон збожжа, што на 42% больш, чым летась. Ураджайнасць склала 48,7 ц/га – на 13,3 ц/га вышэй паказчыку 2018-га (для параўнання: па Слуцкім раёне сёлета – 39,9 ц/га, па краіне – 31,2 ц/га). Дзяржаўны заказ на пастаўку збожжа саўгас «Рачкавічы» выканаў на 101%.
Інга МІНДАЛЁВА