Па горных серпанцінах старажытнасці
Арменія – фарпост хрысціянства ў Закаўказзі, краіна са старажытнай гісторыяй і захапляльнымі горнымі краявідамі. Нягледзячы на пэўную геаграфічную ізаляванасць, яна вабіць падарожнікаў з розных куткоў свету. Новыя транспартныя праекты павышаюць яе турыстычную прыцягальнасць.
Каля трох гадзін на самалёце з Мінска – і трапляеш у Ерэван. Ёсць і альтэрнатыўны варыянт: даляцець да Грузіі, каб пабачыць яе краявіды, а адтуль адправіцца ў Арменію. Ад Тбілісі да Ерэвана – каля 275 км, гэта нават менш, чым, напрыклад, ад беларускай сталіцы да Гродна. Аднак з-за памежнага кантролю, складанасцяў рэльефу і, мякка кажучы, не паўсюдна ідэальнага стану асфальтаваных трас, падарожжа з адной сталіцы ў другую можа заняць каля сямі гадзін.
Аматары чыгункі могуць скарыстацца цягніком, які звязвае Тбілісі і Ерэван (у турыстычны сезон маршрут падоўжаны да грузінскага Батумі). Аднак 10-гадзінная начная вандроўка, за якую неабходна заплаціць больш, чым за маршрутку, вабіць не ўсіх.
Наогул геаграфія руху па армянскай чыгунцы вельмі сціплая: акрамя маршрутаў у Грузію ёсць некалькі ўнутраных, якія звязваюць Ерэван з Гюмры, Араксам і Ерасхам, а таксама Абавян з Шоржай. Сярод прычын такой абмежаванасці – эканамічныя, геаграфічныя і палітычныя. З-за напружаных стасункаў поўнасцю закрытая мяжа з Азербайджанам і Турцыяй.
І не шукайце ў Інтэрнэце афіцыйны сайт армянскай чыгункі. З 2008 года яна дзейнічае як Паўднёва-Каўказская ў складзе Расійскіх магістраляў. Таму і не дзіўна, што на вакзале станцыі Ерэван-Пасажырскі можна ўбачыць расійскую сімволіку. А на вялікіх шыльдах распавядаецца пра гісторыю развіцця перавозак у Арменіі, важны ўзнёсак у якія зрабіла Расія.
Больш за 2800 гадоў таму
Глядзіш на чыгуначны вакзал у Ерэване – і міжволі ўзгадваеш Беларусь:
высокі шпіль ды некаторыя іншыя архітэктурныя асаблівасці яднаюць мясцовы вакзал з брэсцкім. Але вялікі помнік герою народнага армянскага эпасу Давіду Сасунскаму, усталяваны на плошчы ля вакзала, вяртае думкі ў горную краіну.
Сучасная тэрыторыя Арменіі адносна невялікая: яна прыкладна ў сем разоў меншая за Беларусь. Насельніцтва – каля 3 млн. чалавек. Але багаццю гістарычнай і культурнай спадчыны Арменіі могуць пазайздросціць многія вялікія дзяржавы. Напрыклад, як сцвярджаюць спецыялісты, Ерэван быў заснаваны больш за 2800 гадоў таму. Атрымліваецца, што цяперашняя сталіца Арменіі нават больш старажытная, чым італьянскі Рым.
У гэтым горадзе нямала храмаў і ўнікальных архітэктурных аб’ектаў. Многія з іх можна ўбачыць, калі пераадолець больш за паўтысячы прыступкаў Каскада – маштабнага манументальнага комплексу ў цэнтры горада. З яго самай высокай кропкі добра відаць Арарат – легендарную біблейскую гару, якая цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Сам Ерэван знаходзіцца на ўзроўні прыкладна аднаго кіламетра над морам. Таму для беларусаў, звыклых да раўнінных пейзажаў, падняцца на Каскад – амаль тое самае, што апынуцца на вяршыні гары.
Дарэчы, Каскад – не проста лесвіца. На аглядных пляцоўках і плошчы ля яго створаны архітэктурныя кампазіцыі. А ўнутры аб’екта працуюць музейныя залы.
Прыцяг храмаў і Севана
Адно з найбольш цікавых турыстычных месцаў у Арменіі – горад Вагаршапат (Эчміадзін), што за 20 кіламетраў ад сталіцы. Ён з’яўляецца цэнтрам Армянскай Апостальскай царквы – адной з самых старажытных, якая ўзнікла яшчэ да падзелу хрысціян на візантыйскую і рымскую галіну. Менавіта там знаходзіцца кафедральны сабор ды некалькі іншых храмаў.
У стылі і традыцыях Старажытнай Грэцыі пабудаваны храм у мястэчку Гарні, што за 28 кіламетраў ад Ерэвана. Непадалёк – Гегард, знакаміты кляштар, заснаваны яшчэ ў IV стагоддзі. Яго будынкі часткова знаходзяцца ў скале. Яшчэ адным сімвалам Арменіі з’яўляецца кляштар Хор Вірап на высокім узгорку ля самай мяжы з Турцыяй. На фоне гары Арарат ён выглядае асабліва эфектна.
Дарога да кляштарнага комплексу Нараванк – быццам вандроўка ў чароўны свет, схаваны ў гарах. Паабапал шашы – рознакаляровыя скалы, якія нібыта ўзнімаюцца да неба і дакранаюцца да аблокаў. Здаецца, што наперадзе – тупік. Але за чарговым паваротам каменныя гмахі быццам саступаюць дарогу. І вось на высокім абрыве – некалькі храмавых пабудоў. Святло ў іх трапляе праз верхнія вокны, каля купалу. Промні сонца па задумцы старажытнага архітэктара канцэнтруюцца і б’юць быццам тэатральным пражэктарам. Працягваеш руку – і ў паўзмроку адчуваеш пяшчоту цяпла нябёсаў. Проста цуд!
Вельмі ўражвае і вялікае горнае возера Севан. Яго армяне называюць сваім морам. Сонечным жнівеньскім днём воднае люстэрка мае ярка-блакітны колер зялёнага адцення. Гледзячы на кляштар Севанаванк на паўвостраве Севан і возера, якое быццам абдымае гэты кавалак зямлі з двух бакоў, ёсць пачуццё, што трапіў на іншую планету…
Крылы Тацева
Тацеў – невялікае горнае селішча за 250 кіламетраў ад Ерэвана. Шлях туды няпросты: значная яго частка – па звілістых серпанцінах. Здаецца, гэтай вёсцы было наканавана заставацца ўбаку ад папулярных турыстычных маршрутаў.
Але адзін транспартны праект кардынальна змяніў сітуацыю і працягвае стымуляваць развіццё гэтага даволі вялікага рэгіёна Арменіі.
Рэверсіўную канатную дарогу з паэтычнай назвай «Крылы Тацева» адкрылі ў гэтых мясцінах у 2010 годзе. Сярод аналагічных, яна самая працяглая (5750 метраў) у свеце. Дарэчы, яна занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Гэты аб’ект адметны і хуткасцю рэалізацыі праекта: швейцарскія і аўстрыйскія спецыялісты пабудавалі дарогу за 10 месяцаў.
Пасажыры ў кабінке з панарамнымі вокнамі знаходзяцца ў 12-хвілінным «палёце» над маляўнічай і вельмі глыбокай цяснінай. Максімальная вышыня над зямлёй – 320 метраў. У крокавай даступнасці ад другой станцыі – Тацеўскі кляштар. Ён быў заснаваны напрыканцы IX стагоддзя і доўгі час іграў важную ролю ў духоўным і эканамічным жыцці гэтай мясцовасці. За сваю гісторыю перажыў шмат выпрабаванняў. Вялікі комплекс асабліва значна пацярпеў падчас землятрусу 1931 года. Дзякуючы будаўніцтву канатнай дарогі да кляштара ён можа будзе адноўлены і атрымае другое жыццё. Фінансаванне рэстаўрацыйных ды іншых аднаўленчых работ ажыццяўляецца найперш з прыбыткаў «Крылаў Тацева». Гэты транспартны праект павысіў узровень жыцця мясцовых жыхароў. Яны прымаюць у сваіх дамах турыстаў і папаўняюць такім чынам сямейны бюджэт.
Руслан Ананьеў