У самым сэрцы…

Адшукаць залатую аброць татарскага хана, станцаваць на велізарным абрадавым камяні, пастаяць у цені веймутавых iглiц, папіць вады з цудадзейнай крыніцы, паслухаць паданні нашых продкаў… Усё гэта могуць прапанаваць гасцям Уздзенскага раёна – аднаго з невялічкіх куткоў Беларусі. Калі вы ўбачыце гэты маляўнічы край, то адчуеце там непаўторны подых стагоддзяў, i вам абавязкова захочацца сюды вярнуцца. Бо такія мясцiны не адпускаюць – яны застаюцца ў памяці назаўсёды.

намеснік начальніка Мінскага аддзялення Алена Зуй

Уздзенскі раён уваходзіць у склад Мінскай вобласці і размешчаны амаль у цэнтры Беларусі – па сутнасці, у самым яе сэрцы. Можа таму ўсё тут нейкае асаблівае. Нават паветра… Так кажуць многія. І не памыляюцца. Дзе яшчэ можна знайсці такую высокую канцэнтрацыю… талентаў? існуе нават мясцовая прыказка: «Тут у якую хату не зойдзеш – акадэміка ці пісьменніка знойдзеш». І гэта не такое ўжо і перабольшванне. Не адзін дзясятак паэтаў і літаратараў, вучоных і вядомых артыстаў, чэмпіёнаў сусветных спаборніцваў і герояў Савецкага Саюза, а таксама іншыя знакамітыя людзі праславілі родную Уздзеншчыну далёка за яе межамі. Адно толькі імя вучонага Якуба Наркевіча-Ёдкі, які жыў і працаваў тут у ХІХ стагоддзі, робiць адметнай гэту зямлю. Вядомы даследчык медыцыны, вынаходнік электраграфіі і бездротавай перадачы электрычных сігналаў, у сваёй сядзібе «Наднёман» ён абсталяваў лабараторыю. у ёй было зроблена не адно вынаходніцтва, што стала значным унёскам у сусветную навуку. Зараз былы маёнтак Наркевіча-Ёдкі з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, яго актыўна аднаўляюць.
Яшчэ адзін таленавіты ўраджэнец Уздзеншчыны – класік беларускай літаратуры Кандрат Крапіва. Гэты выбітны драматург, паэт, празаік, навуковы і грамадскі дзеяч нарадзіўся ў вёсцы з простай і прыгожай назвай Нізок. Дарэчы менавіта тут нарадзіліся пісьменніца Лідзія Арабей, паэт Паўлюк Трус, народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Трус, мастак Уладзімір Ткачоў і яшчэ шмат вядомых людзей.
Не менш прыкметнай з’яўляецца і сядзіба «Кухцічы». Гэта малая радзіма вядомага археолага Яна Казіміра Завішы – прадстаўніка уплывовага і знакамітага беларускага роду. У Кухцічах з’явілася на свет і беларуская мецэнатка і асветніца, княгіня Магдалена Завіша, больш вядомая як Магдалена Радзівіл. Дзякуючы ёй адкрываліся пачатковыя школы, друкаваліся беларускамоўныя кнігі, сярод якiх i знакаміты зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». У тым лiку з Уздзеншчыны на Беларусі распаўсюдзілася кнігадрукарства: у 1572 годзе Сымон Будны напісаў тут уступ да Бібліі на роднай мове.
Гэты спіс можна працягваць. У ім – людзі розных пакаленняў, здольнасцяў і прафесій. Знамянальна і тое, што менавіта на Уздзеншчыне нарадзіўся чалавек, імя якога непарыўна звязана з Беларускай чыгункай і яе гісторыяй. Іван Васільевіч Давыдоўскі амаль 50 гадоў свайго жыцця аддаў працы на айчыннай магістралі. Гэты чалавек прайшоў няпросты шлях ад качагара паравознага дэпо да намесніка начальніка службы лакаматыўнай гаспадаркі. Ён і жонка Інэса Аляксееўна з’яўляюцца ўладальнікамі вышэйшай галіновай узнагароды – знака «Почетному железнодорожнику». Малая радзіма Івана Васільевіча – невялічкая вёска Старыя Маргі. Там у 1941-м падчас акупацыі ў лясной зямлянцы ён з’явіўся на свет. Страшна ўявіць, якімі цяжкімі былі першыя гады жыцця хлопчыка! Іван Васільевіч з сям’ёй даўно жыве ў Мінску, разам з жонкай яны выгадавалі дваіх дачок, адна з іх працуе на чыгунцы. Не так даўно Давыдоўскія адзначылі ізумруднае вяселле – 55 гадоў разам! А на днях Івану Васільевічу, як заслужанаму чалавеку, старшыні ветэранскай арганізацыі службы лакаматыўнай гаспадаркі, быў аказаны вялікі гонар – пасадзіць персанальнае дрэва на адной з мінскіх алей.
– Уздзеншчына – мой мілы куток, адкуль я «выйшаў у людзі», – лічыць Іван Давыдоўскі. – Душа радуецца, калі вяртаюся ў гэтыя мясціны. А колькі тут усяго дзіўнага! Чаго варты толькі старажытныя паданні!
Нельга не пагадзіцца з Іванам Васільевічам і не звярнуць увагу на гісторыю гэтага краю, на яго прыгожыя легенды і багатую спадчыну. Напрыклад, існуе некалькі версій паходжання назвы Узда. Паводле першай, калісьці адзін татарскі хан ехаў на кані праз мясцовую раку і згубіў у ёй залатую аброць (вуздзечку). Шукалі яе ўсе, але так і не знайшлі. Мясцовыя жыхары вераць, што хто-небудзь яе абавязкова калісьці адшукае. Існуюць і іншыя легенды, не менш прыгожыя…
Даволі часта раён станавіўся эпіцэнтрам розных гістарычных падзей. Доўгі час на гэтых землях праходзіла мяжа Полацкага і Тураўскага княстваў, яны ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, а пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай сталі часткай Ігуменскага павета Мінскай губерніі. Усе гэтыя змены так ці інакш адбіліся на развіцці і станаўленні Уздзенскага краю, на яго гісторыі, укладзе жыцця і нават архітэктуры. Напрыклад, калі трапіце ва Узду, абавязкова звярніце ўвагу на драўляны касцёл Святого Крыжа, пабудаваны ў 1798 годзе генералам Казімірам Завішам. Зацікавяць падарожнікаў і іншыя ўзоры мясцовага дойлідства. I яшчэ адна адметнасць: на некаторых вуліцах прыватнага сектара жылыя пабудовы знаходзяцца з аднаго боку дарогі, а гаспадарчыя – з другога. І зусім не выпадкова. За гэтым таксама гісторыя… Яе вам раскажуць мясцовыя жыхары. Вы толькі запытайцеся.
Напэўна, мала хто ведае, што ва Уздзе ёсць самая сапраўдная піраміда вышынёй каля васьмі метраў. Яна таксама мае дачыненне да славутага роду Завішаў. Гэта незвычайная фамільная пахавальня з цікавай і таямнічай гісторыяй і нават са сваім скарбам!
Уражваюць і знакамітыя камяні Уздзеншчыны – самыя буйныя на тэрыторыі Мінскай вобласці адбіткі Ледніковага перыяду. Знаходзяцца яны на ўскрайку вёскі з сімвалічнай назвай Каменнае. Дарэчы, кожны з гэтых волатаў мае назву, а наконт іх з’яўлення існуе шмат легенд. Дакладна вядома толькi, што ў старадаўнія часы тут праводзілі паганскія абрады. Чамусьці лічыцца, што на каменях абавязкова трэба станцаваць. І ўжо зусім незвычайны камень знаходзіцца ля вёскі Госьбішчы. Ён значна меншы, але мае непаўторную адмеціну, якая нагадвае чалавечы след. Кажуць, што яго пакінуў сам Бог, калі спускаўся на Зямлю. Таму камень называюць Святым.
Ёсць на Уздзеншчыне і яшчэ адно незвычайнае месца – крыніца, што знаходзіцца ў лесе за вёскай Язвіны. пазней там пабудавалі калодзеж. Лічыцца, што вада ў ім мае лекавыя якасці і можа загаіць язву.
Годны ўвагі і векавы парк у вёсцы Талкачэвічы. Гэта рэшткі багатага маёнтка графа Грабоўскага. Менавіта тут захаваліся самыя буйныя ў Беларусі экземпляры веймутавых ігліц, якім больш за сто гадоў.
І гэта толькі невялічкая частка тых дзівосаў, якімі поўніцца Уздзенская зямля, бо галоўнае яе багацце – людзі. Намеснік начальніка Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Алена Зуй нарадзілася ў вёсцы Сянное. Займаючы высокую пасаду, яна застаецца даволі сціплым чалавекам. на пачатку 1980-х па прыкладу старэйшай сястры вырашыла звязаць свой лёс са сталёвай магістраллю. Цяпер гэта яе жыццё і тое, чым жанчына па-сапраўднаму ганарыцца. І зусім не выпадкова, што чыгуначніца з’яўляецца ўладальніцай знака «Почетный железнодорожник». Разам з тым цеплыня, з якой яна ўспамінае родныя мясціны, кранае сэрца.
– Ведаеце, для мяне самы вялікі цуд – наша родная хата ў вёсачцы. Бацька пабудаваў яе, калі я нарадзілася. Нас у сям’і шасцёра, я – малодшая. Ужо з дзяцінства, як паўсюдна ў вёсках, нас прывучалі да працы. Можа таму я не баюся аніякай работы. Дзякуючы вясковай загартоўцы, я зразумела, што такое, напрыклад, дысцыпліна, адказнасць – за сябе і за іншых. Бацькоў ужо даўно няма з намі, але ў родную хату мы прыязджаем і зараз, – расказвае Алена Іванаўна. – даглядаем і шануем сваю спадчыну. Бо гэта не толькі цяпло, якое назаўсёды засталося тут, гэта яшчэ частка нас саміх…
Вось такая яна – Уздзеншчына. Такія і яе людзі, што калісьці тут жылі, жывуць і будуць жыць яшчэ доўга. калі не на зямлі, то ў сэрцах тых, хто іх памятае.

Аляксандр БОГДАН

Яндекс.Метрика