Март
Вс
16
2025

Гонар магістралі

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё чыгуначнага транспарту Падзяка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь аб’яўлена старшаму аглядчыку-рамонтніку вагонаў Асіповіцкага вагоннага дэпо Сяргею Навагіну, вадзіцелю аўтамабіля Магілёўскай базы (транспартнай) Сяргею Пахомаву і правадніку пасажырскага вагона Магілёўскага вагоннага ўчастка Ірыне Фіцісавай.

Усе трое працуюць на сваіх прадпрыемствах па некалькі дзесяцігоддзяў, зарэкамендавалі сябе адказнымі, дысцыплінаванымі, ініцыятыўнымі і высокапрафесійнымі работнікамі, якія маюць заслужаны аўтарытэт і павагу у калектыве, шырока выкарыстоўваюць свае веды і вопыт для забеспячэння бяспекі руху, з’яўляюцца настаўнікамі моладзі, пастаянна аказваюць тэхнічную і практычную дапамогу калегам, на высокім узроўні і своечасова выконваюць любую даручаную справу.
Аглядчык-рамонтнік вагонаў Асіповіцкага вагоннага дэпо Сяргей Навагін дасканала валодае пытаннямі тэхнічнага агляду, выяўлення няспраўнасцяў і дэфектаў вагонаў. Пастаянна ўдасканальвае прафесійныя навыкі. Пры неабходнасці можа самастойна прымаць рашэнні, смела ўкараняе перадавыя метады работы. Неаднаразова выяўляў асабліва небяспечныя няспраўнасці ў цяжкадаступных месцах вагонаў. Асвоіў шэраг сумежных прафесій, што ўплывае на фінансава-эканамічныя паказчыкі прадпрыемства.
Вадзіцель аўтамабіля Магілёўскай базы (транспартнай) Сяргей Пахомаў на прадпрыемстве з 1986 года. Працаваў машыністам экскаватара, бульдазерыстам. Па-майстэрску кіруе рознымі тыпамі аўтамабіляў. Ажыццяўляе іх эксплуатацыю высокапрадукцыйна і эканамічна. У поўнай меры ўлічвае ўплыў эксплуатацыйных паказчыкаў работы аўтамабіляў на сабекошт перавозак. Пры раптоўнай змене дарожнай сітуацыі дзейнічае хутка і правільна, з улікам усіх фактараў. Сяргей Мiхайлавіч працяглы час з’яўляецца брыгадзірам транспартнай брыгады, якасна арганізоўвае працу сваіх калег, што дазваляе дасягаць высокіх вынікаў у спаборніцтвах.
Праваднік пасажырскага вагона Магілёўскага вагоннага ўчастка Ірына Фіцісава вялікую ўвагу надае вывучэнню патрабаванняў нарматыўных дакументаў, адказна ставіцца да выканання правіл і норм аховы працы, заўсёды забяспечвае выдатны санітарна-тэхнічны стан пасажырскіх вагонаў і высокі ўзровень абслугоўвання пасажыраў. Ірына Фіцісава не дапускае парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, правіл і норм тэхнікі бяспекі.

Інга
МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика