Февраль
Сб
08
2025

Мілей за ўсё – куточак родны

Не бывалі ў «Беларускай Венецыі»? Не наведвалі «Паўночны Версаль»? Не частаваліся гераіняй «Вішнёвага фестывалю»? Не рабілі сэлфі ля помніка барону Мюнхгаўзену і не прывозілі дадому ў якасці сувеніру хоць бы некалькі бляшанак са смакам дзяцінства – згушчаным малаком? Значыцца, вам трэба завітаць на Глыбоччыну. Гэта, без перабольшвання, – турыстычная мека, якая прываблівае выбітнымі помнікамі гісторыі і архітэктуры, а таксама – маляўнічымі пейзажамі.

Алеся Калантай

Тэрыторыя раёна з’яўляецца эталонам ландшафту беларускага Паазер’я. Тут знаходзіцца 106 азёр, у тым ліку і самае глыбокае ў Беларусі – Доўгае (57 метраў). Мясцовая іхтыяфаўна налічвае 30 відаў рыб, флора – больш за 800 відаў раслін. Найбольш распаўсюджаныя прадстаўнікі жывёльнага свету: дзік, лось, лісіца, куніца, заяц, бабёр і іншыя. На Глыбоччыне 20 заказнікаў і помнікаў прыроды (з іх статус рэспубліканскага маюць азёры Доўгае і Белае, дэндралагічны сад).
– Мясціны ў нас сапраўды прыгожыя, – сцвярджае начальнік аддзела арганізацыі працы і заработнай платы Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Алеся Калантай. Яе малая радзіма – гарадскі пасёлак Падсвілле, што знаходзіцца паміж двух азёр – Алаізберг і Белае. Гэта адметны населены пункт, які мае свой герб і багатую гісторыю. Падсвілле ўпершыню ўзгадваецца ў 1793 годзе як вёска Пліскай воласці Дзісненскага павету. Пасля пракладвання ў пачатку XX стагоддзя чыгункі Маладзечна – Полацк з’явілася станцыя Падсвілле. Сёння ў пасёлку пражывае амаль 2 тыс. чалавек, працуюць прамысловыя прадпрыемствы (вінзавод, перасовачная механізаваная калона № 48).
– А ў савецкі час іх было яшчэ больш, – дадае суразмоўца. – Таму сюды з’язджаліся людзі, у тым ліку моладзь. Напрыклад, мая маці была тут на практыцы, пазнаёмілася з маім бацькам (ён з мясцовых, працаваў будаўніком) і ў выніку засталася ў Падсвіллі, узяла шлюб, нарадзіла маю сястру, а праз пяць гадоў – мяне. Усё лета мы, дзеці, бавілі час на вольным паветры, загаралі, плавалі, разам з бацькамі хадзілі за грыбамі і ягадамі. Тата – заўзяты паляўнічы, вучыў нас «чытаць» сляды лясных жыхароў.
З асобай цеплынёй узгадваю дом яго маці, маёй бабулі, у Падсвіллі на беразе Алаізберга. Там збіралася ўся радня – заўсёды было людна. Мой тата са сваім братам лавілі ракаў, а мы з сястрой і стрыечнымі братамі ласаваліся імі. Туды ж прыязджала і сястра таты са сваімі дзецьмі. Весела было, бестурботна.
Да гэтых мясцін прыкіпеў сэрцам прыёмаздатчык груза і багажа станцыі Глыбокае Багдан Тумаш, які працуе тут больш за 30 гадоў. Ён і маці пераехалі сюды, калі хлопцу было 7 гадоў, так што амаль усё яго свядомае жыццё звязана з Глыбоччынай. «Вось службу ў арміі я праходзіў далёка адсюль – спачатку на Урале, потым у Афганістане, пабачыў розныя землі, розныя краявіды, – дзеліцца ўспамінамі чыгуначнік. – Але кожны раз, дзе б ні апынуўся, першым чынам намагаўся вызначыць – у якім баку мой дом, блізкія людзі, і часцей туды пазіраў, вяртаўся думкамі. На свеце ёсць многа прыгожых мясцін, сонечных і цёплых, але мілей за ўсё свой родны куточак, дзе ты пусціў карані, дзе адчуваеш сябе лёгка і спакойна, куды рвецца душа падчас любога падарожжа».

Праз стагоддзі

Сваёй назвай сённяшні райцэнтр абавязаны аднаму з пяці азёр, на якіх месціцца, – Глыбокаму (цяпер Кагальнае). Упершыню згадваецца ў 1414 годзе як зямля і маёнтак Зяновія Братошыча, які атрымаў іх у спадчыну. Ужо ў пачатку ХVI стагоддзя мястэчка з’яўлялася буйным гандлёвым цэнтрам. У той час яно было падзелена на дзве часткі: паўднёва-заходняя належыла Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, паўночна-ўсходняя – Корсакам (Полацкае ваяводства). Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі лічылася гандлёвая плошча з крамамі, складамі, уніяцкай царквой, шпіталем. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. Паўночна-ўсходняя палова Глыбокага таксама мела ў цэнтры гандлёвую плошчу, ад якой пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацк і мястэчка Беразвечча.
У час Лівонскай вайны (1558 – 1583 гг.) Глыбокае і ваколіцы значна пацярпелі ад ваенных дзеянняў. У канцы XVI стагоддзя тут былі заснаваны кальвінскі збор, бібліятэка і школа. З 1628 года пачаў дзейнічаць Траецкі касцёл. У 1636-м ваявода мсціслаўскі і стараста дзісненскі Іосіф Корсак заснаваў у мястэчку касцёл і кляштар ордэна кармелітаў босых.
Падчас вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай каля мястэчка адбылася буйная бітва: 6 лістапада 1661 года войскі Вялікага княства Літоўскага на чале з Чарнецкім разбілі рускую армію пад камандаваннем Хаванскага.
У 1668-м паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла ў валоданне Радзівілаў. Паводле інвентару 1702 года, іх сядзібны комплекс уключаў галоўны драўляны будынак, флігель, пякарню, склады, стайні, адрыны, сажалку, вадзяны млын, іншыя гаспадарчыя будынкі. У маёнтку налічвалася 263 двары.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Глыбокае стала часткай Расійскай імперыі. Падчас вайны 1812 года з ліпеня па снежань мястэчка было занята французскімі войскамі. Шэсць дзён тут знаходзіўся Напалеон. Былі створаны этапны пункт і буйныя харчовыя склады. У час паўстання 1830 – 1831 гг. каля Глыбокага адбыліся баі паўстанцаў з урадавымі войскамі. З 1842 года паўночна-ўсходняя частка мястэчка знаходзілася ў валоданні дзяржавы, паўднёва-заходняя заставалася прыватнаўласніцкай.
У Глыбокім дзейнічалі піваварны, вінакурны, цагельны заводы, было некалькі складоў з таварамі і прыватныя крамы, у нядзелю збіраліся кірмашы. Падчас Першай сусветнай вайны да Глыбокага была пракладзена чыгунка. У 1921-м яно ўвайшло ў склад Польшчы. З восені 1939-га Глыбоччына – у адзінай беларускай рэспубліцы. 15 студзеня 1940 года створаны Глыбоцкі раён як адміністрацыйная частка Вілейскай вобласці.
2 ліпеня 1941-га Глыбокае было акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ператворана ў цэнтр акругі рэйхскамісарыята «Остланд». Тут размяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Акупанты стварылі ў Глыбокім яўрэйскае гета, якое знішчылі ў 1943-м. У раёне Беразвечча размяшчаўся лагер смерці, яго ахвярамі сталі звыш 27 тыс. ваеннапалонных. 3 ліпеня 1944-га савецкія войскі вызвалілі горад.

Пра «Версаль» і Мюнхгаўзена

На Глыбоччыне з’явіліся на свет выбітныя сыны зямлі беларускай: Ігнат Буйніцкі – акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра; Язэп Драздовіч – мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу; Вацлаў Ластоўскі – грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф; Павел Сухі – савецкі авіяканструктар, доктар тэхнічных навук і інш.
Сёння гэта развіты прамысловы рэгіён, прадпрыемствы якога забяспечваюць апроч іншага і больш за палову абласнога выпуску малочных кансерваў (хто ж не смакаваў глыбоцкай згушчонкі?!).Турыстаў вабяць разнастайныя помнікі гісторыі і архітэктуры, у тым ліку: Траецкі касцёл (1764 – 1782 гг.), манастыр базіліян (XVIII ст.), манастыр кармелітаў (XVII – XIX ст.) і, безумоўна, «Паўночны Версаль» – шырока вядомая вёска Мосар і яе брыльянт – касцёл Святой Ганны. Там знаходзіцца цэлы комплекс турыстычных і рэлігійных аб’ектаў, многія з якіх адзіныя на Беларусі. І ўсё ж сусветную вядомасць вёсцы прынесла не архітэктура, а мясцовы ксёндз Ёзас Булька, які стварыў тут антыалкагольны музей, заклаў алею цвярозасці, шмат увагі надаваў добраўпарадкаванню Мосара. За развіццё духоўнасці папа рымскі Ян Павел II надаў яму тытул каноніка. Ёзас Булька быў першым святаром Рымска-каталіцкай царквы на Беларусі, хто атрымаў дзяржаўную ўзнагароду «За духоўнае адраджэнне» (2005 г.). Таксама ён адзначаны медалём Францыска Скарыны.
Сярод сучасных аб’ектаў асобай папулярнасцю ў гасцей горада і раёна карыстаюцца помнік вішні (на Глыбоччыне ладзіцца «Вішнёвы фестываль») і помнік барону Мюнхгаўзену (на мясцовых могілках пахаваны Фердынанд Мюнхгаўзен: быў ён сваяком славутага Іераніма Карла Фрыдрха Мюнхгаўзена ці не – невядома, але, паколькі магілу наведвала шмат турыстаў, было вырашана ўзвесці адпаведную скульптуру). Варты ўвагі і многія іншыя аб’екты Глыбоччыны – усіх не пералічыць. Прыязджайце і складзіце свой уласны рэйтынг найбольш цікавых турыстычных «кропак» раёна.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика