Бастуны чакаюць змены
Пагрузку нарасцілі на станцыі Бастуны, што паміж Лідай і Вільнюсам. Тут, на ўскрайку Беларусі, беражліва захоўваюць традыцыі чыгуначнікаў мінулых пакаленняў і паспяхова прыстасоўваюцца да тэхналагічных выклікаў новага часу.
– За 11 месяцаў 2019-га пагрузка склала амаль 2,3 тыс. вагонаў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2018-га гэты паказчык павялічыўся на 14%, – распавядае начальнік станцыі Эдвард Мікелевіч. – Выгрузка – больш за 600 вагонаў. Для нашай станцыі з улікам яе перыферыйнага знаходжання і наяўнасці шасці пуцей (з іх два – неагульнага карыстання) такія лічбы лічацца добрымі.
У перыяд iснавання Савецкага Саюза, калі паміж Беларуссю і Літвой не было мытнага і памежнага кантролю, праз Бастуны праходзіла шмат пасажырскіх і грузавых цягнікоў. Пазней інтэнсіўнасць руху паменшылася. У наш час штодзень тут курсуюць 25 – 30 грузавых і 4 пары пасажырскіх цягнікоў (міні-дызель звязвае Ліду з памежнай станцыяй Беняконі). Акрамя таго, вядзецца пагрузка-выгрузка. На запатрабаванасць паслуг Бастуноў уплывае тое, што на адлегласці крыху больш за кіламетр знаходзіцца аўтадарожная развязка, дзе перасякаюцца напрамкі на Гродна, Ліду, Мінск і Вільнюс.
У агульным аб’ёме пагрузкі да 90% – цукровыя буракі. З дзвюх пляцовак з дапамогай аўтапагрузчыкаў гэтай сыравінай запаўняюць вагоны і адпраўляюць іх на цукровы камбінат у Скідзель. У 2019-м пік прыйшоўся на кастрычнік-лістапад. Параўнальна цёплае надвор’е на пачатку зімы паспрыяла інтэнсіўнасці працы. Акрамя таго, са станцыі адпраўляюць лесапрадукцыю, іншыя грузы. Аснова выгрузкі – угнаенні для мясцовых сельгаспрадпрыемстваў і дарожна-будаўнічыя матэрыялы.
З запланаваным паспяхова спраўляецца калектыў з васьмі чалавек. Самая дасведчаная – дзяжурны па станцыі Валянціна Каркота, якая пачала свой прафесійны шлях на чыгунцы яшчэ ў 1990 годзе. Калісьці яе падтрымалі, дапамаглі зрабіць першыя крокі. А пазней яна і сама стала настаўніцай для менш вопытных калег. Сёння самыя маладыя ў калектыве – дзяжурныя па станцыі Юлія Пічугіна і Наталля Валчкевіч.
Начальнік станцыі Эдвард Мікелевіч нарадзіўся ў адной з вёсак Воранаўскага раёна, а вучыўся і цяпер жыве ў Бастунах. Пасля заканчэння школы ён вырашыў па прыкладзе бацькі звязаць свой лёс з чыгункай – стаў пуцейцам. Пазней адслужыў у войску, атрымаў дадатковую прафесійную адукацыю і ў 1999 годзе ўладкаваўся дзяжурным па станцыі Бастуны. А ў 2003-м узначаліў калектыў. Праз пэўны час гэта справа стала сямейнай: прыёмаздатчыкам груза і багажа пачала працаваць яго жонка Надзея.
Нарадзілася ў Воранаўскім раёне і дзяжурны па станцыі Таццяна Сільніцкая. Ад яе вёскі да беларуска-літоўскай мяжы – каля трох кіламетраў. Вызначыцца з прафесіяй дапамог дзядзька, які працаваў у Полацкім вагонным дэпо.
– Прыйшла на станцыю Бастуны ў 2007 годзе, – узгадвае Таццяна. – Пазней давялося быць дзяжурным у суседніх Гудах і Беняконях. Але лёс ізноў прывёў у Бастуны: тут працягваю працаваць нават пасля пераезду ў Ліду.
Па яе словах, дзяжурствы бесклапотнымі не назавеш – сумаваць няма калі: трэба своечасова прапусціць пасажырскія і грузавыя цягнікі, забяспечваць пагрузку і выгрузку. Даводзіцца аператыўна рэагаваць і на нестандартныя сітуацыі, прымаць тэрміновыя рашэнні. Акрамя таго, сачыць і за вялікім маніторам: на ім у рэжыме рэальнага часу адлюстроўваецца выява з васьмі камер, размешчаных у зале чакання ды на іншых аб’ектах.
На чарзе – тэхналагічныя змены: станцыя Бастуны будзе абсталявана дыспетчарскай цэнтралізацыяй. Развіваецца і ўзаемадзеянне з лінейным цэнтрам транспартнага абслугоўвання «Ліда». Некалькі гадоў таму Бастуны ўвайшлі ў склад аб’яднанай станцыі Ліда, што дазволіла ўдасканаліць грузавую работу, абслугоўванне кліентаў і іншыя сферы.
Руслан АНАНЬЕЎ