Ражанка набірае вагу
Больш як у паўтары разы павялічылі пагрузку на станцыі Ражанка Баранавіцкага аддзялення ў 2019-м у параўнанні з папярэднім годам. Такую прыбаўку атрымалі дзякуючы нарошчванню аб’ёмаў працы асноўных кліентаў.
Станцыя Ражанка знаходзіцца паміж Лідай і Гродна – у Шчучынскім раёне, які саступае суседнім па сваім прамысловым патэнцыяле. Тым не менш і тут паслугі чыгункі вельмі запатрабаваныя. За мінулы год на станцыі выгрузілі звыш 1 тыс. вагонаў, пагрузілі – больш за 500. Павелічэнне адпраўкі адбылося ў выніку пашырэння супрацоўніцтва з важнымі кліентамі – Шчучынскім лясгасам і прадпрыемствам «Праймілк», якое спецыялізуецца на пастаўках малочнай прадукцыі, у тым ліку ў Расію і Кітай. Выгрузка ж на станцыі ажыццяўляецца найперш для мясцовага аграхімсэрвіса, дарожных і будаўнічых арганізацый.
Перавозка пасажыраў па выніках 2019-га засталася прыкладна на ўзроўні папярэдняга года. Станцыя знаходзіцца за 7 кіламетраў ад Шчучына. Яна – найбліжэйшая да раённага цэнтра. Таму жыхары горада ды іншых населенных пунктаў раёна прыязджаюць на станцыю Ражанка, каб далей працягнуць вандроўку па чыгунцы.
– У нас спыняюцца цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных ліній, на якіх можна дабрацца да Гродна, Мінска, Віцебска, Гомеля і Масквы, – распавядае білетны касір Алена Крупіца. – Акрамя таго, штодзень курсіруюць чатыры пары цягнікоў рэгіянальных ліній, якія злучаюць Ліду з Гродна.
Алена Уладзіміраўна жыве ў пасёлку Ражанка, што побач са станцыяй. Таму сярод пасажыраў бываюць суседзі і знаёмыя. І гэта яшчэ больш павышае адказнасць за вынікі працы. Яна дапамагае выбраць цягнік і, калі плануецца далёкая паездка, месца ў вагоне. Акрамя таго, тлумачыць асаблівасці набыцця электронных квіткоў, афармлення багажу, дае адказы на іншыя пытанні. І пасажыры дзякуюць ёй, гавораць добрыя словы. Адна з іх вырашыла паступіць яшчэ больш арыгінальна: падаравала ружу з бісера. І гэта вельмі сімвалічна: гісторыкі сцвярджаюць, што назва станцыі звязана менавіта з мноствам ружаў, якія вырошчвалі ў наваколлі.
– Наш калектыў параўнальна невялікі – 11 чалавек, – адзначае начальнік станцыі Юрый Амялішка. – Ёсць людзі з багатым прафесійным досведам. Напрыклад, дзяжурны па станцыі Любоў Чарняк працуе больш за 20 гадоў. На яе ды іншых арыентуюцца і маладыя кадры. Каля паловы з калектыва нарадзілася менавіта ў Шчучынскім раёне. Але ёсць і такія, хто перабраўся сюды здалёк.
У прыватнасці, Юрый Амялішка доўгі час працаваў у Баранавічах. А дзяжурны па станцыі Яўген Лебедзеў прыехаў з Віцебскай вобласці.
– Я нарадзіўся ў Верхнядзвінскім раёне, – распавядае Яўген. – Потым атрымаў профільную адукацыю ў Оршы. Працаваў на некалькіх станцыях Віцебскага аддзялення, у тым ліку быў дзяжурным на Бігосава, дзе напружаны грузавы рух.
Па яго словах, у Ражанцы ў некаторым сэнсе прасцей: яна размяшчаецца на аднапутным участку магістралі, грузавы рух не самы інтэнсіўны. Але ёсць і пэўныя складанасці: да бліжэйшых станцый, Скрыбаўцаў і Мастоў, вядуць працяглыя перагоны – па 20 кіламетраў. І трэба быць вельмі пільным, каб на гэтых адрэзках рух быў рытмічным, нішто не замінала.
Бягучы год для калектыва асабліва важны, святочны: прайшло 95 гадоў з моманту адкрыцця галоўнага будынка станцыі. Нягледзячы на такі паважаны «ўзрост», гэты архітэктурны аб’ект добра захаваўся і выглядае па-сучаснаму свежым і ўтульным. Сёлета плануецца крыху падрамантаваць фасад. Акрамя таго, збіраюцца палепшыць паслугі для кліентаў-грузаўладальнікаў: абсталяваць працоўнае месца прыёмаздатчыка грузу і багажу ў адпаведнасці з адзіным карпаратыўным стылем.
Руслан АНАНЬЕЎ