Октябрь
Чт
29
2020

Кліча родны край…

Край ружаў, жалудоў, велічных храмаў, авіяцыйных традыцый і савецкіх ваенных сакрэтных аб’ектаў, радзіма Валерыя Урублеўскага і Алаізы Пашкевіч… Шчучынскі раён не толькі не згубіўся ў цені сваіх знакамітых суседзяў – Гродна і Ліды, але нечым нават пераўзыходзіць іх. На гэтай зямлі цесна перапляліся традыцыі розных рэлігійных канфесій і гістарычных эпох.

Шчучынскі раён знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Гродзенскай вобласці. Ён мяжуе з Воранаўскім, Лідскім, Дзятлаўскім, Мастоўскім і Гродзенскім раёнамі, а таксама з Літвой. Па сваёй плошчы ён – адзін з самых вялікіх у рэгіёне. Але шчыльнасць насельніцтва там адносна невысокая, колькасць жыхароў складае каля 39 тыс. (для параўнання: у Лідскім – звыш за 130 тыс., праўда, у Дзятлаўскім і Мастоўскім – менш за 30 тыс.).
Пры гэтым у райцэнтры жывуць толькі каля 16 тыс. чалавек. Акрамя яго яшчэ ёсць два гарадскіх пасёлкі (Астрына і Жалудок), аграгарадок Ражанка, якія па сваёй «сталасці», багаццю гістарычнай і архітэктурнай спадчыны могуць паспрачацца са Шчучынам, які быў заснаваны больш за 500 гадоў таму.
Гісторыкі называюць некалькі дат, з якіх, на іх погляд, пачалося развіццё мястэчка: прыкладна з 1430-га да 1537 года. Розныя погляды існуюць і адносна паходжання назвы гэтага паселішча. Адны звязваюць яе з мясцовай рэчкай, іншыя схіляюцца да «рыбнай» этымалогіі ці ўзгадваюць гаспадара мястэчка, які меў сугучнае прозвішча. Каб не блытаць беларускае мястэчка з аднайменным, размешчаным у Падляшшы, наша нярэдка называлі Шчучынам Літоўскім.
Мястэчкам валодалі прадстаўнікі розных славутых сем’яў, у тым ліку Радзівілаў, Сцыпіёнаў, Друцкіх-Любецкіх. Гістарычны герб яму быў дадзены каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім у 1761 годзе. На ім была пячатка з манаграмай, якая складалася з першых літар імя і прозвішча яго тагачаснага ўладальніка – Ігната Сцыпіёна. Тая выява да нашых дзён не захавалася. З улікам гістарычных традыцый у 2006 годзе быў зацверджаны новы герб. На ім – барочны шчыт, у блакітным полі якога знаходзіцца залатая карона, пад ёй – сярэбраная манаграма Ігнація Сцыпіёна, якая складаецца з дзвюх лацінскіх літар: «I» і «S».
З гэтым мястэчкам звязаў свой лёс і яшчэ адзін Ігнацій – Дамейка. Ён вучыўся ў Шчучынскай школе піяраў, дзе атрымалі выдатную адукацыю многія дзеячы культуры і навукі Гарадзеншчыны. Ігнацій Дамейка падтрымаў паўстанцаў у 1830 годзе, якія выступалі за незалежнасць беларускіх земляў ад Расійскай імперыі. Пасля іх паражэння мусіў эміграваць у Заходнюю Еўропу, а потым шмат гадоў пражыў у Чылі. Ён праславіў Беларусь як выдатны геолаг, мінеролаг. Яго імем названы галоўны ўніверсітэт Чылі.
Са Шчучыншчынай звязана жыццё і многіх іншых выбітных асоб. На гэтай зямлі нарадзіліся пісьменніца Алаіза Пашкевіч (Цётка), паплечнік Кастуся Каліноўскага і генерал Парыжскай камуны Валерый Урублеўскі, спявак Чэслаў Неман. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што падчас Першай сусветнай вайны ў Шчучыне пабываў і знакаміты генерал, а потым прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь.
На працягу 500-гадовай гісторыі гэтага мястэчка былі перыяды росквіту і заняпаду, цяжкіх выпрабаванняў. Многія архітэктурныя аб’екты назаўсёды страчаныя. Але тое, што захавалася, уражвае.
У райцэнтры можна падзівіцца на помнікі XVIII – XIX стагоддзяў: касцёл Святой Тэрэзы і кляштар піяраў, палац Друцкіх-Любецкіх, царкву Арханёла Міхаіла. Атмасферу старога беларускага мястэчка стварае комплекс двух- і трохпавярховых дамоў, узведзеных у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Многія лічаць візітоўкай горада і мясцовы «бігбэн» – вежу з гадзіннікам.
– А ў савецкі час Шчучын быў горадам авіятараў. Там дзейнічаў аэрадром. Вакол райцэнтра размяшчаліся таксама іншыя вайсковыя часці, – распавядае Анатоль Крупіца, прыёмаздатчык грузу і багажу станцыі Ражанка, размешчанай за 7 км ад райцэнтра на лініі чыгункі Ліда – Гродна.
Ён жыў у гэтым горадзе. Яго бацька быў ваенным. І сын таксама марыў служыць у войску. Але па стане здароўя не здолеў рэалізаваць свае памкненні і стаць лётчыкам. Таму працаваў па іншых спецыяльнасцях, а ў 2007 годзе прыйшоў на магістраль.
– Раней у нашым раёне было нямала сакрэтных аб’ектаў. Але вайскоўцаў і тэхніку перадыслакавалі, – распавядае Анатоль Яўгенавіч. – І цяпер аэрадром ды некаторыя збудаванні даступныя для турыстаў.
Напрыклад, госці могуць пабываць у «Бункеры 77» – комплексе, некалькі паверхаў якога размяшчаюцца пад зямлёй. Менавіта тут раней дзейнічаў запасны камандны пункт. Ён быў узведзены на выпадак ядзернай атакі падчас «халоднай вайны». Некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што такіх унікальных аб’ектаў было зусім няшмат: не больш за пяць на ўвесь Савецкі Саюз. А ў апошнія гады для айчынных і замежных турыстаў у бункеры праводзяць экскурсіі і квэсты.
Гасцям раёна варта наведаць і гарадскі пасёлак Жалудок, размешчаны за 22 км ад райцэнтра і за 12 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы. Гэта старажытнае мястэчка ўпершыню ўзгадваецца яшчэ ў другой палове XV стагоддзя. Сярод яго ўладальнікаў былі прадстаўнікі родаў Сапегаў, Тызенгаўзаў, іншых.
Аб Святаполк-Чацвярцінскіх нагадвае палацава-паркавы комплекс, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. У 1990-х яго галоўны будынак быў у заняпадзе. Пазней ім зацікавіліся інвестары, якія плануюць аднавіць палац і запрашаць туды турыстаў.

Білетны касір станцыі Ражанка Алена Крупіца

– Мне вельмі падабаецца жалудокскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён старажытны і прыгожы, – дзеліцца ўражаннямі Алена Крупіца, білетны касір станцыі Ражанка. – Яго заснавалі яшчэ ў 1490 годзе. А цяперашні каменны будынак з’явіўся ў 1853-м.
Алена Уладзіміраўна раіць пабываць і ў вёсцы Мураванка. Там знаходзіцца легендарная царква-цытадэль з дзвюма вежамі. Каб трапіць да яе, можна даехаць да чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы і адолець пешшу ці на машыне каля 2 км.
– Шчучынская зямля – для мяне родная, – адзначае Алена Крупіца. – Маё дзяцінства прайшло ў пасёлку Ражанка ля аднайменных станцыі і аграгарадка. Гэта цяпер многіх школьнікаў з хаты не выганіш, бо сядзяць ля камп’ютараў ці з тэлефонамі. А мы шмат часу праводзілі на свежым паветры. Улетку бегалі па вуліцы, у полі, плавалі ў кар’еры. Узімку каталіся на санках, лыжах. А ўвосень збіралі грыбы. Іх было шмат і самых розных. Я і цяпер, калі пасталела, хаджу на «ціхае паляванне». Нават водпуск планую такім чынам, каб ён прыпадаў на грыбны сезон.
Старажытную гісторыю мае і аграгарадок Ражанка, які ўпершыню ўзгадваецца ў летапісах яшчэ ў XVI стагоддзі. Калісьці тут знаходзіўся сядзібна-паркавы комплекс Пацаў. Аднак, на жаль, ён не захаваўся. Але помнікі ўсё ж засталіся. Пра былую веліч нагадвае вялікі і прыгожы касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, закладзены яшчэ ў XVII стагоддзі.
Ёсць і былая сінагога. На Шчучынскай зямлі раней жыло шмат яўрэяў. Але падчас Другой сусветнай вайны многія з іх загінулі, у тым ліку ў гета, створаных на тэрыторыі раёна.
Цешыць вочы і будынак чыгуначнай станцыі Ражанка. Яго ўзвялі ў 1925 годзе. Але і цяпер ён выглядае велічным і надзейным.
За 22 км ад райцэнтра знаходзіцца яшчэ адно старажытнае мястэчка – Астрына. Упершыню ў летапісах яно ўзгадваецца ў 1487 годзе. У 1792-м мястэчка атрымала свой герб. Найбольш прывабныя для турыстаў мясцовыя аб’екты – касцёл Святой Тэрэзы і Праабражэнская царква.

Білетны касір станцыі Ражанка Алена Крупіца

Яндекс.Метрика