Дапамагае досвед
Значна нарасцілі грузавую работу на станцыі Пухавічы Мінскага аддзялення летась у параўнанні з папярэднім годам. Высокім застаецца попыт на паслугі чыгункі і з боку пасажыраў.
У 2019-м тут выгрузілі больш за 2,9 тыс. вагонаў (рост амаль што на 18%). Павелічэнне адбылося найперш за кошт павышэння актыўнасці мясцовага камбіната харчовых прадуктаў і будаўнічай арганізацыі. Пагрузка павялічылася з 3,3 тыс. да 3,7 тыс. вагонаў (рост прыкладна на 13%).
Па-ранейшаму найбольш важныя кліенты станцыі, размешчанай у Мар’інай Горцы, – два лясгасы: Пухавіцкі і Чэрвеньскі. На іх прыпадае больш за 70% пагрузкі. Яны адпраўляюць прадукцыю не толькі па Беларусі, але і ў замежжа. У прыватнасці, кантэйнеры з лесаматэрыяламі летась накіравалі ў Кітай.
Станцыя знаходзіцца на бойкім месцы: паміж Мінскам і Асіповічамі, у межах міжнароднага транспартнага калідора, які звязвае Балтыйскае ўзбярэжжа з Чарнаморскім.
Таму інтэнсіўнасць руху цягнікоў тут высокая. І гэта патрабуе пільнай увагі і высокага прафесіяналізму ўсіх работнікаў станцыі, асабліва – дзяжурнага па станцыі.
– За суткі ў сярэднім прапускаем 14 пар грузавых цягнікоў і каля 40 – пасажырскіх, – распавядае дзяжурны па станцыі Аляксандр Тыкоцкі. – Акрамя таго, трэба сачыць за тым, што адбываецца на пуцях неагульнага карыстання (іх у нас 7), забяспечваць умовы для рытмічнай пагрузкі і выгрузкі. Адказнасць асабліва вялікая падчас пуцявых работ, перамяшчэння гаспадарчых цягнікоў, спецыяльнай тэхнікі.
Да такога напружанага рэжыму працы Аляксандр Віктаравіч ужо прызвычаіўся. Ён прыйшоў на станцыю ў 2011 годзе і з таго часу дасканала вывучыў усе яе асаблівасці. Праца дзяжурнага па станцыі патрабуе не толькі глыбокіх прафесійных ведаў і ўмення тэрмінова прымаць правільныя рашэнні, але і эфектыўна камунікаваць з лакаматыўшчыкамі, сувязістамі, пуцейцамі, энергетыкамі ды іншымі чыгуначнікамі.
Аляксандру Тыкоцкаму ў гэтым дапамагае папярэдні досвед: пасля атрымання прафесійнай адукацыі ён пэўны час працаваў у Мінскім вагонным участку. У якасці правадніка пасажырскага вагона найчасцей ездзіў у далёкія падарожжы: Іркуцк, Мурманск і назад. Калі амаль што два тыдні чалавек знаходзіцца ў бесперапынным кантакце з пасажырамі, ён міжволі становіцца ў пэўнай ступені псіхолагам, хутка знаходзіць з кожным агульную мову.
«Універсальным» чыгуначнікам можна назваць і Аляксандра Засіменку – начальніка станцыі Пухавічы. Ён атрымаў прафесійную адукацыю ў расійскай Унечы. Прыйшоў працаваць на чыгунку ў 1981 годзе. Быў складальнікам цягнікоў, дзяжурным па станцыі, займаў іншыя пасады. Пэўны перыяд быў рэвізорам руху Мінскага аддзялення, у зоне яго адказнасці знаходзіліся 16 станцый. А ў 2013 годзе яму прапанавалі ўзначаліць калектыў станцыі Пухавічы.
Як адзначае чыгуначнік, «геаграфія» працы звузілася, але ўзровень адказнасці ў некаторых пытаннях нават павысіўся, бо задачы кіраўніка – не толькі гарантаваць бяспеку руху цягнікоў, але і быць у калектыве добрым менеджарам, а ў кантактах з кліентамі – паспяховым маркетолагам і эканамістам.
У фокусе яго пільнай увагі – і гаспадарчыя пытанні. Іх асабліва шмат было ў 2018 годзе, калі станцыя значна абнавілася. Тады замянілі дах галоўнага будынка, перафарбавалі фасад, адрамантавалі залу чакання, замянілі месцы для сядзення. Палепшыліся і ўмовы працы чыгуначнікаў: у прыватнасці, у адным вялікім памяшканні размясцілі спецыялістаў таварнай канторы, якія раней знаходзіліся ў розных кабінетах.
Цяпер на станцыі на агульны вынік працуюць каля 40 прафесіяналаў. Сярод дзяжурных па станцыі ёсць моладзь, якая стала часткай калектыву толькі некалькі гадоў таму. З імі шчодра дзеляцца прафесійнымі сакрэтамі больш вопытныя калегі.
Білетныя касіры абслугоўваюць пасажыраў не толькі з Мар’інай Горкі, але і з трох прыпыначных пунктаў: Вендзежа, Веленскага і Тэхнікума. Як сведчыць статыстыка, попыт на паездкі па чыгунцы застаецца па-ранейшаму высокім. Летась у параўнанні з 2018-м аб’ём продажу (у грашовым выражэнні) павялічыўся.
Руслан АНАНЬЕЎ