Зорная памяць
Мітынг, прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ўшанаванню памяці легендарнага чыгуначніка-падпольшчыка Канстанціна Заслонава, прайшоў на прывакзальнай плошчы ў Оршы. На ім прысутнічалі студэнты і выкладчыкі з Беларусі і Расіі – удзельнікі 55-га інтэрнацыянальнага Зорнага паходу.
На ўрачыстай сустрэчы ўзгадалі гераічную дзейнасць Канстанціна Сяргеевіча Заслонава, які нарадзіўся 110 гадоў таму. Акрамя таго, адзначылі важны ўзнёсак чыгуначнікаў Беларусі ў Перамогу над фашысцкай Германіяй. Моладзь усклала кветкі і вянкі. Затым была арганізавана сімвалічная падзея: з месца пахавання героя ўзялі зямлю, каб перадаць яе ў Мінск – у крыпту Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых.
Зорны паход – акцыя, якая праходзіць штогод з 1966-га. Асноўныя яе ўдзельнікі – студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Да іх далучаецца моладзь з іншых краін.
У розных рэгіёнах Беларусі яны наведваюць мемарыяльныя аб’екты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, праводзяць мітынгі, ускладаюць кветкі. Акрамя таго, сустракаюцца з ветэранамі, школьнікамі і студэнтамі.
Мітынг удзельнікаў Зорнага паходу – чарговае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю Перамогі і звязанае з чыгуначнікамі Оршы. Напрыклад, у сярэдзіне студзеня на прывакзальнай плошчы таксама адбыўся мітынг, прымеркаваны да дня нараджэння Канстанціна Заслонава. Яго ўдзельнікамі сталі работнікі і ветэраны прадпрыемстваў чыгуначнага вузла.
Іван ЛІПНІЦКІ