Ноябрь
Вт
24
2020

Сэрца кліча дамоў

Нашы продкі казалі: «Лепш нічога няма свайго роднага вугла». І гэта сапраўды так. У кожнага ён свой, куточак Беларусі, дзе чалавек упершыню глынуў гаючага паветра, зрабіў першы самастойны крок, дзе жывуць блізкія, любімыя людзі, дзе адчуваецца непарыўная сувязь пакаленняў, што былі раней і прыйдуць пасля…

Для прыёмаздатчыкаў грузу і багажу Таццяны Утлік і Аляксандра Салаша родны край – Слонімшчына (на фота).
Абодва яны нарадзіліся ў раённым цэнтры. Таццяна ў свой час скончыла прафесійна-тэхнічны каледж імя Я. П. Юшкевіча, пяць гадоў працавала правадніком пасажырскага вагона ў Мінскім вагонным участку. Потым прыкладна столькі ж – білетным касірам на станцыі Стоўбцы. Але сэрца хацела дадому, таму з 2012-га Таццяна – у штаце станцыі Слонім. «Людзі ў нас тут добрыя, шчырыя, неабыякавыя, заўсёды прыйдуць на дапамогу, – тлумачыць свой выбар суразмоўца. – Ды і атмасфера спакойная, размераная, няма той адвечнай мітусні, што ў буйных гарадах… Дзяцінства ў мяне было шчаслівае, бестурботнае. Лета мы, малыя, праводзілі на вуліцы, гулялі, бегалі купацца на раку Шчару і на суседняе возера. Разам з бацькамі хадзілі па грыбы і ягады (лясоў у раёне хапае). Я і цяпер заўзяты аматар такога баўлення часу: асабліва люблю сабіраць чарніцы і суніцы».
У калектыве Таццяну цэняць як выдатнага спецыяліста. А літаральна два тыдні таму яна стала срэбным прызёрам аддзяленчага конкурсу «Лепшы па прафесіі» сярод прыёмаздатчыкаў грузу і багажу. «Гэта мая першая спроба, і вынікам я задаволена, – прызнаецца жанчына. – Але спыняцца не збіраюся. Буду працягваць самаўдасканальвацца, а магчыма асвою яшчэ адну прафесію».
Аляксандр Салаш з чыгункай знаёмы з дзяцінства. Хата, дзе жыла сям’я, знаходзілася недалёка ад пуцей, і хлопчык часта засынаў пад мернае «чу-чух-чу-чух, чу-чух-чу-чух…». Чвэрць стагоддзя сталёвай магістралі аддаў яго бацька – працаваў кранаўшчыком на вытворчым участку Баранавіцкай дыстанцыі пагрузачна-разгрузачных работ (сёння – участак БГЦТЛ). Падчас вучобы ў старэйшых класах Аляксандр з сябрамі ў складзе маладзёжнай брыгады спрабаваў свае сілы ў якасці манцёра пуці. Прыёмаздатчыкам грузу і багажу на станцыю Слонім уладкаваўся адразу пасля арміі, у 1986-м. Засвоіць новыя абавязкі хлопцу дапамагаў старэйшы калега Людвіг Міхайлавіч Карасік, якому Аляксандр вельмі ўдзячны. За больш чым тры дзесяцігоддзі на магістралі наш герой праявіў сябе як адказны, дысцыплінаваны, высокапрафесійны спецыяліст. Яго ўнёсак у развіццё транспартнай галіны адзначаны знакам «За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы» трох ступеняў.
Сёлета Аляксандру спаўняецца 55 гадоў. Большую частку свайго жыцця ён правёў у Слоніме, аднак тэрміновую службу ў арміі праходзіў за тысячы кіламетраў – у Манголіі. Пашчасціла, што ў той час там было многа землякоў-беларусаў, у тым ліку і чацвёра сланімчан. Хлопцы пасябравалі. «Адзін з нашых звольніўся раней, але дачакаўся астатніх, каб разам дамоў ехаць, – узгадвае суразмоўца. – Амаль паўмесяца цягніком дабіраліся. Прынамсі, мне прапаноўвалі застацца ў Манголіі, працягваць служыць. Але я адмовіўся, бо вельмі цягнула дахаты, да бацькоў. Менавіта тут я адчуваю сябе на сваім месцы».

Сапега, Агінскі, Пуслоўскія

Паводле археалагічных звестак, у цэнтры сучаснага Слоніма ўжо ў першай палове XI ст. было ўмацаванае паселішча. На старонках гістарычных крыніц назва горада ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу пад 1252 годам як Услон (Васлонім) – ад усходне-славянскага «ўслон», што азначае заслон, фарпост. У канцы XIII ст. горад канчаткова ўвайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага, а ў 1531-м атрымаў Магдэбургскае права.
Яшчэ ў пачатку XV ст. Слонім заставаўся значным ваенным умацаваннем. Невыпадкова Слонімская харугва (полк) брала ўдзел у Грунвальдскай бітве, вынікам якой стаў разгром крыжакоў. У XV – XVI ст. горад як староства знаходзіўся ва ўладанні некалькіх буйных феадалаў, з 1586-га ім валодаў літоўскі канцлер Леў Сапега, пасля – яго сын, падканцлер літоўскі Казімір Леў Сапега, потым – магнаты Агінскія. У 1591-м Жыгімонт II Ваза даў Слоніму герб у выглядзе залатога льва з падвоеным срэбным крыжам на блакітным полі.
Росквіт Слоніма ў другой палове XVIII ст. звязаны з вялікім гетманам літоўскім Міхалам Казімірам Агінскім (дзядзькам аўтара славутага паланеза «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага). У Слоніме ён заснаваў некалькі прадпрыемстваў, па яго ініцыятыве і на яго сродкі ў 1763 – 1783 гг. быў пабудаваны канал, які злучыў прыток Прыпяці Ясельду са Шчарай, а ў межах горада выраўняў рукаў Шчары. З імем Агінскага звязана і дзейнасць прыдворнага тэатра, створанага каля 1770 года. У ім працавалі прафесійныя італьянскія і польскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Шырокай вядомасцю карыстаўся Слонімскі аркестр (капэла) – адзін з самых вялікіх прыдворных у Еўропе ў той час як па колькасці выканаўцаў (53 чалавекі), так і па наяўнасці музычных інструментаў.
У 1795 годзе Слонім увайшоў у склад Расіі, пасля чаго непрацяглы час быў губернскім горадам, а з 1801-га – цэнтрам павета Гродзенскай губерніі.
У 1880-м праз Слонім прайшла дарога Баранавічы – Варшава, у 1886-м – лінія чыгункі Баранавічы – Беласток, пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя.
Вялікую ролю ў развіцці прамысловасці горада ў XIX – пачатку XX ст. адыгралі буйныя землекарыстальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе Альбярцін адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, суконную фабрыку.
У першай палове 1915 года Слонім стаў прыфрантавым горадам і толькі 14 студзеня 1919-га быў вызвалены Чырвонай арміяй ад нямецкіх войскаў. Па мірным дагаворы, падпісаным у Рызе 18 сакавіка 1921 года, Слонім разам з іншымі гарадамі і землямі Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы і толькі 18 верасня 1939 года зноў сустракаў байцоў Чырвонай арміі.
Самым суровым выпрабаваннем стала Вялікая Айчынная. Слонімшчына панесла велізарныя страты – 44 418 яе сыноў і дачок загінулі ў гады ваеннага ліхалецця, прах 5223 воінаў і 108 партызан спачывае на слонімскай зямлі. На Пятралівецкай гары было расстраляна больш за 10 тыс. чалавек, на Чапялёўскіх палях – 30 тыс., ва ўрочышчы Маргі – 2 тысячы. 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі горад ад гітлераўскіх захопнікаў.

Вытокі духоўнасці

У манументальнай архітэктуры Слоніма прыкметная роля належыць культавым аб’ектам. Яго гісторыка-культурная спадчына ўключае будынкі былых мужчынскага і жаночага бернардынскіх кляштароў, сінагогі. На левым беразе Шчары ў ХVII ст. стаяў драўляны замак старасты горада – канцлера Льва Сапегі, а пазней на гэтым месцы вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі ўзвёў цудоўны палац з тэатрам, друкарняй, манежам, аранжарэяй, гаспадарчымі пабудовамі, сажалкай і садам. На жаль, захавалася толькі аўстэрыя (заезны дом, другая палова ХVIIІ ст.).
На правабярэжную частку горада вядзе вуліца Савецкая праз канал, пабудаваны Міхалам Казімірам Агінскім. Галоўнае гістарычнае месца ў гэтай частцы горада – плошча Сапегі, дзе стаяць будынкі касцёла Святога Андрэя (1775 г.) і бальніцы (ХVIIІ ст.). У межы сучаснага горада ўвайшоў былы загарадны маёнтак графоў Пуслоўскіх «Альбярцін» (першая палова ХIХ ст.). У добрым стане захаваўся двухпавярховы сядзібны дом, а таксама флігель, стайня, пейзажны парк, возера – зона адпачынку гараджан.
Усяго ж на тэрыторыі раёна – 90 аб’ектаў, унесеных у дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, з іх 36 – гэта помнікі архітэктуры, 15 – гісторыі, 39 – археалогіі.
За сем кіламетраў ад Слоніма, па дарозе на Быцень, знаходзіцца знакаміты Свята-Успенскі мужчынскі Жыровіцкі манастыр. Паводле падання, на месцы драўлянай царквы, узведзенай у першай палове ХVII ст., двойчы з’яўляўся абраз Маці Божай. Калі царква згарэла, абраз знік і быў знойдзены на адным з пагоркаў, дзе і пабудавалі мураваны храм, які атрымаў багатыя ахвяраванні ад канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Побач быў заснаваны ўніяцкі манастыр, настаяцелем якога стаў Ясафат Кунцэвіч.
З сярэдзіны ХVII ст. манастыр – месца паломніцтва польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх, магнатаў і простых людзей. Галоўны храм – Свята-Успенскі сабор са знакамітым абразам Маці Божай Жыровіцкай. Да яго далучаюцца царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы і царква Раства Іаана Прадцечы, побач званіца. Далей – яшчэ дзве, не менш вядомыя цэрквы – Свята-Крыжаўзвіжанская і Свята-Багаяўленская. У комплекс таксама ўваходзяць дзеючая семінарыя (ХVII – ХVIIІ ст.) і жылы корпус, злучаныя са Свята-Успенскім саборам, гаспадарчыя пабудовы. За межамі манастырскага двара, на могілках, знаходзіцца драўляная Свята-Георгіеўская царква (канец ХVIIІ ст.).
З храмавай архітэктуры раёна вылучаюцца яшчэ касцёл у аграгарадку Сялявічы (другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст.) і цэрквы ў вёсках Вострава, Вялікія Шылавічы, Дзераўная (усе – другой паловы ХІХ ст.), Міжэвічы (ХІХ ст.). Турысты, якія цікавяцца археалагічнымі помнікамі, могуць азнаёміцца з селішчамі (іх тут больш за 30), гарадзішчамі (10), пахаваннямі з каменнымі магіламі і стаянкамі першабытных людзей.
Сярод знакамітых месцаў Слонімскага раёна трэба абавязкова ўзгадаць Парэчча, дзе нарадзіўся вядомы ўдзельнік лістападаўскага паўстання 1830 – 1831 гг., удзельнік экспедыцыі Юзэфа Заліўскага на Беларусі Міхаіл Валовіч. З вёскай Рудаўка звязана дзяцінства беларускага паэта і літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая. У Слоніме ён вучыўся ў польскай настаўніцкай семінарыі. На вуліцы Чырвонаармейскай калісьці стаяў дом, дзе жыў беларускі паэт Гальяш Леўчык.
…Сёння Слонім – гэта горад, які актыўна развіваецца. Многае зроблена для ўмацавання яго інфраструктуры, сацыяльных, культурных, вытворчых аб’ектаў. У тым ліку падчас падрыхтоўкі да Дня пісьменства, які прайшоў тут летась. Тады ў цэнтры горада быў устаноўлены помнік Льву Сапегу. Папрыгажэла і чыгуначная станцыя: адноўлены фасад пасажырскага будынка, праведзены касметычны рамонт памяшканняў, на сценах у холе з’явіліся барэльефы, якія знаёмяць гасцей Слоніма з яго славутымі мясцінамі, у зале чакання – палатно з выявай сям’і буслоў у гняздзе, як сімвала дабрабыту. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўсталяваны пандус, на прывакзальнай плошчы – спецыяльная разметка, уздоўж перона – тактыльная плітка і інш. «У нас прыгожа і ўтульна, – падсумоўвае Таццяна Утлік. – А сёлета ў раёне будзе адзначацца 550 гадоў з моманту з’яўлення іконы Маці Божай Жыровіцкай і 500-годдзе Свята-Успенскага сабора. Падрыхтоўка да гэтых знакавых для вернікаў дат ужо вядзецца. Прыязджайце на святкаванне».

Інга
МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика