Апрель
Чт
18
2024

Традыцыі Наваельні

Амаль на 35% павялічылася пагрузка на станцыі Наваельня Баранавіцкага аддзялення летась у параўнанні з 2018 годам. Гэта адбылося ў першую чаргу дзякуючы паспяховаму развіццю супрацоўніцтва з мясцовымі дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі.

– У 2019-м пагрузілі 197 тыс. тон, а ў 2018-м было 146 тыс. тон, – распавёў начальнік станцыі Міхаіл Лагвіновіч. – Актыўна адгружаюць прадукцыю, у тым ліку на экспарт, Навагрудскі і Дзятлаўскі лясгасы. Стабільна працуе і новы кліент – прадпрыемства «Фортум-Бел», якое спецыялізуецца на пераапрацоўцы драўніны. Са станцыі штомесяц адпраўляюць 60 – 70 вагонаў з іх таварам. Наш раён багаты на лясы. Таму ёсць перадумовы для далейшага нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці.
Акрамя таго, у Наваельні кожны дзень выгружаюць па 7-8 вагонаў. Па чыгунцы на прадпрыемствы Дзятлаўскага раёна дастаўляюць угнаенні, чорныя металы, камплектуючыя для Навагрудскага завода газавай апаратуры. Чыгунка звязвае Ліду з Баранавічамі, але не праходзіць праз Навагрудак і Дзятлава. І станцыя Наваельня, якая знаходзіцца адносна недалёка ад гэтых раённых цэнтраў, грае важную ролю ў іх развіцці.
– Каб своечасова справіцца з пагрузкай, яе ажыццяўляюць на некалькіх пуцях, – тлумачыць дзяжурны па станцыі Сяргей Лазоўскі. – Пік манеўровай работы прыходзіцца на першую палову дня. Акрамя таго, неабходна забяспечыць пропуск мноства грузавых саставаў. На станцыі штодзень робяць прыпынак пяць пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа, якія звязваюць два буйных чыгуначных вузла – Ліду і Баранавічы.

Дзяжурны па станцыі Сяргей Лазоўскі

У Наваельні Сяргей Лазоўскі працуе менш за тры гады. Але да напружанай працы прызвычаіўся. У гэтым дапамог багаты папярэдні прафесійны досвед. Дагэтуль ён папрацаваў на станцыях Гаўя і Ліда.
Шмат часу працуюць на чыгунцы і іншыя работнікі станцыі. У калектыве каля 20 чалавек. І на рахунку многіх – больш за дзесяцігоддзе плённага служэння магістралі.
Прыкладна 75% – тыя, хто нарадзіўся на Дзятлаўшчыне ці пераехаў на гэту зямлю і пусціў там карані.
Напрыклад, начальнік станцыі Міхаіл Лагвіновіч нарадзіўся ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. З 1982 года папрацаваў у Бераставіцы, Ганцавічах, Лунінцы. У 1987-м яго назначылі начальнікам станцыі Наваельня, і з таго часу гэты край стаў другой яго радзімай.
За некалькі дзесяцігоддзяў на станцыі многае памянялася. У прыватнасці, пуцявая інфраструктура стала больш дасканалай, як і абсталяванне сігналізацыі і сувязі. А летась завяршылі рамонт другога паверха вялікага і надзвычай эфектнага будынка станцыі, які быў узведзены ў 1923 годзе.

Гэты аб’ект – адзін з выбітных помнікаў архітэктуры так званага «карпацкага» стылю. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на другім паверсе былі кватэры чыгуначнікаў. Цяпер жа там размясцілася абноўленая таварная кантора, рабочыя кабінеты. Паклапаціліся чыгуначнікі і пра пасажыраў: на першым паверсе паставілі ў зале чакання новыя крэслы.

Сёння ў гарадскім пасёлку Наваельня жывуць каля 2,7 тыс. чалавек. На яго развіццё вельмі паўплывала будаўніцтва чыгункі, якая звязала Вільню з Лунінцам у 1884 годзе. З таго часу ідзе адлік гісторыі станцыі. Важнае значэнне яна захоўвае і сёння: перамяшчэнне многіх грузаў і пасажыраў да Дзятлава ажыццяўляецца менавіта праз гэту станцыю, размешчаную за 13 кіламетраў ад райцэнтра.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика