Скарбы дзятлаўскай зямлі
Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці – асаблівы. Ёсць на гэтай зямлі скарбы, якія яднаюць мясцовых жыхароў і вабяць гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі ды замежжа. Сакрэт прыцягальнасці Дзятлаўшчыны – у яе маляўнічай, гаючай прыродзе і мястэчках з цікавай гісторыяй, звязанай са спадчынай славутых Радзівілаў, Сапегаў і Тызенгаўзаў.
Кожны, хто прыязджае ў раён, адзначае прыгажосць мясцовай прыроды. Тут працякаюць Нёман, Моўчадзь, Дзятлаўка, Шчара. На гэтай тэрыторыі налічваецца ўвогуле каля 90 малых рэк і ручаёў. Вабяць сваёй прыгажосцю і лясы.
– Яны густыя, багатыя на грыбы і ягады, – распавядае і Кацярына Рудзева, прыёмаздатчык грузу і багажу чыгуначнай станцыі Наваельня – найбліжэйшай да раённага цэнтра. – У нас асабліва шмат суніц, але ёсць і маліна, ажына.
Яна з бацькамі пераехала жыць у Наваельню яшчэ ў 6-гадовым узросце. І гэты край па-сапраўднаму стаў для жанчыны малой радзімай. Калісьці сама вельмі любіла адпачываць у лесе ці на беразе сажалкі, ракі. А цяпер з ахвотай выбіраецца ў такія вандроўкі з дзецьмі.
Людзі кажуць, што мясцовая прырода – гаючая. Таму тут ёсць нямала аздараўленчых аб’ектаў. Самы знакаміты з іх – санаторый «Радон». Каб падмацаваць здароўе, на Дзятлаўшчыну едуць з розных куткоў Беларусі, а таксама з іншых краін. Радонавая вада, сапрапелі і сучаснае медыцынскае абсталяванне дапамагаюць у лячэнні многіх хвароб.
З улікам высокага попыту на такія паслугі ў раёне адкрылі і шматфункцыянальны спа-комплекс «Альфа Радон».
Многія імкнуцца сумясціць такі лячэбны адпачынак з вандроўкамі. Адносна недалёка – Мірскі і Лідскі замкі, культурна-гістарычная спадчына Навагрудчыны і Слонімшчыны. Ды і на Дзятлаўшчыне ёсць шмат цікавага. Падарожнікам акрамя райцэнтра раяць таксама завітаць у Наваельню, Дварэц, іншыя населеныя пункты: кожнае мястэчка мае свае адметнасці, багатую гісторыю, архітэктурна-культурную спадчыну.
Каб атрымаць збавенне ад цяжкіх хвароб, многія едуць да паклонных камянёў (XI – XII стагоддзі) у вёску Горка. Гэты аб’ект з’яўляецца гісто-
рыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Лічыцца, што трэба пралезці пад камянямі, выпіць вады з мясцовай крыніцы – і цела напоўніцца новымі, здаровымі сіламі.
Дзятлава знаходзіцца за 165 кіламетраў ад Гродна і за 13 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Наваельня, размешчанай на лініі Баранавічы – Ліда. Гэта мястэчка ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у сярэдзіне ХV стагоддзя як Здзецел. Адны гісторыкі лічаць, што назва паходзіць ад словаў «сядло», «сяло». Іншыя прасочваюць яўрэйскі ўплыў: на ідыш «тэль» – гэта «горад». А сучасную, больш «птушыную» назву населены пункт атрымаў у ХІХ стагоддзі, у перыяд Расійскай імперыі, калі адбывалася паслядоўная тапанімічная русіфікацыя.
На працягу гісторыі мястэчкам валодалі знакамітыя асобы, прадстаўнікі слынных родаў. Сярод іх Канстанцін Астрожскі – дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат, выдатны палкаводзец.
З імем Льва Сапегі звязаны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, заснаваны ў першай палове ХVІІ стагоддзя. Спадчына Радзівілаў – палац, помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя. Вартая ўвагі і Царква Праабражэння Гасподняга (1839 год).
Значны след у сусветнай гісторыі пакінуў яшчэ адзін славуты беларус, чыё жыццё было звязана з Дзятлаўшчынай. У вёсцы Жыбарты (Жыбартоўшчыне), што за некалькі кіламетраў ад Дзятлава, можна ўбачыць рэшткі сядзібы, дзе ў свой час жыў нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка. Менавіта тут ён правёў некалькі гадоў у розныя перыяды свайго жыцця.
Ігнат з ранніх гадоў захапіўся навукай. У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных навучэнцаў Віленскага ўніверсітэта. Пазней з-за ўдзелу ў паўстанні супраць уладаў Расійскай імперыі навуковец эміграваў у Заходнюю Еўропу, а потым і ў Паўднёвую Амерыку. Ён зрабіў значны ўнёсак у развіццё навукі ў Беларусі, Літве, Польшчы, Чылі, шмат гадоў быў рэктарам галоўнага ўніверсітэта гэтай далёкай паўднёва-амерыканскай краіны. Навучальная ўстанова і сёння носіць яго імя. У гонар Дамейкі таксама назвалі малую планету, горад, мінерал.
Яшчэ адзін славуты сын Дзятлаўшчыны – Антоній Тызенгаўз. Ён нарадзіўся ў 1733 годзе ў Наваельні (па іншых звестках – у Вільні). Увайшоў у гісторыю як выбітны дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, стараста Гродна, шчодры мецэнат. Намаганнямі Антонія Тызенгаўза Гродна стала месцам функцыянавання розных дзяржаўных устаноў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбунала, задворнага асэсарскага суда. Руплівы гаспадар заснаваў у Гродна і яго ваколіцах шэраг мануфактур: суконную, палатняную, зброевую, панчошную, карэтную ды іншыя. Ён адкрыў першыя ў горадзе тэатр, друкарню. Антоній Тызенгаўз быў не толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам у той час. Ён імкнуўся ўладкаваць Гродна па прыкладзе сталіцы дзяржавы. Заснаваўшы дзясяткі мануфактур і навучальных устаноў, ён запрашаў у тэатр балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, спевакоў і харэографаў.
Наваельня, дзе нарадзіўся Тызенгаўз, і цяпер застаецца важным населеным пунктам у Дзятлаўскім раёне. У гарадскім пасёлку жывуць каля 3 тыс. чалавек. Сярод найбольш цікавых гістарычных аб’ектаў – мураваная Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1876 – 1879 гг.), касцёл Сэрца Ісуса (1936), мемарыяльная калона ў гонар прыняцця Канстытуцыі 1791 года.
Уражвае і будынак чыгуначнай станцыі Наваельня. Яго ўзвялі ў 1923 годзе. Працяглы час на другім паверсе былі жылыя памяшканні.
Начальнік станцыі Міхаіл Лагвіновіч, для якога Наваельня стала другой малой радзімай, беражліва захоўвае старыя фотаздымкі, можа распавесці пра чыгуначнікаў, якія працавалі тут раней. У яго архіве – і публікацыі пра станцыю, гарадскі пасёлак Наваельня. Сярод іх і артыкулы з газеты «Железнодорожник Белоруссии».
– Трапіла наша станцыя і на кінаэкран, – дадае Міхаіл Пятровіч. – У 1971 годзе ў пракат выйшаў фільм «Паланэз Агінскага». Гэта ваенная драма пра падзеі Вялікай Айчыннай. У кінастужцы можна ўбачыць станцыю Наваельня, мост, вуліцу гарадскога пасёлка, а таксама касцёл у Дзятлаве. Выдатная кінастужка. Я пераглядаў яе шмат разоў.
«Паланэз Агінскага» зняў на «Беларусьфільме» рэжысёр Леў Голуб. Па некаторых падліках, у Савецкім Саюзе яго ўбачылі больш за 22 мільёны гледачоў. Пра падзеі Вялікай Айчыннай нагадваюць і многія помнікі, у тым ліку – Іосіфу Філідовічу, які не паказаў дарогу да партызанскага атрада, а завёў фашыстаў на балота і сам загінуў.
У аграгарадку Раготна ўражвае сваёй архітэктурнай дасканаласцю і касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў. Гэты помнік пабудавалі ў 1840 годзе. Потым храм перадалі праваслаўным. Але на сыходзе савецкай эпохі яго вярнулі каталікам. Гэты аб’ект – выдатны прыклад архітэктуры позняга класіцызму.
Аграгарадок з цікавай назвай Дварэц – мястэчка таксама з багатай гісторыяй. Упершыню ўзгадваецца ў XV стагоддзі. Тут можна ўбачыць вадзяны млын (канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя). Уражвае прыгажосцю касцёл святога Антонія Падуанскага, які быў пабудаваны напачатку ХХ стагоддзя. Ён лічыцца выдатным прыкладам стыля неабарока. Больш за 150 гадоў налічвае гісторыя мураванага праваслаўнага храма – царквы Покрыва Прасвятой Багародзіцы.
Руслан АНАНЬЕЎ