Декабрь
Ср
04
2024

Люблю наш край, старонку гэту…

Для многіх населеных пунктаў краіны будаўніцтва паблізу чыгункі спрыяла іх актыўнаму развіццю. А для такіх, як райцэнтр Ганцавічы, стала кропкай адліку іх гісторыі.

Рэгіён месціцца на поўначы Беларускага Палесся. Гэта адзін з самых зялёных куткоў Брэстчыны: лясы займаюць больш за палову яго плошчы, балоты – 13,2 тыс. га. Гэта такія балотныя масівы, як Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна, Саніта…
У рэгіёне створаны гідралагічны заказнік Падвялікі Мох, частка тэрыторыі раёна ўваходзіць у ландшафтны заказнік «Выганашчанскае». Біялагічныя заказнікі Борскі і Ялоўскі заснаваны для захавання тэрыторыі, багатай журавінамі.

Мястэчка, пасёлак, горад

Узнікненне і развіццё Ганцавічаў звязана з будаўніцтвам у другой палове ХІХ ст. чыгуначнай лініі Лунінец – Вільня, рух цягнікоў па якой пачаўся ў канцы 1884 года. Тады ж была заснавана чыгуначная станцыя Ганцавічы (назву яна атрымала ад аднайменнай суседняй вёскі). Ля яе сфармавалася паселішча.
У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. тут працавалі паштовае аддзяленне, лесапільня, смалярня, шкляны завод, на якім выраблялі аконнае, люстраное і так званае бемскае (багемскае) шкло. У 1909-м са станцыі Ганцавічы было адпраўлена больш за 45 тыс. пудоў шкляных вырабаў, каля 130 тыс. пудоў лесу. У мястэчку ўжо налічвалася 48 двароў і 376 жыхароў.
Савецкая ўлада прыйшла туды ў лістападзе 1917 года. У лютым 1918-га Ганцавічы акупавалі герман-скія войскі, у сакавіку 1919-га – польскія. Згодна з умовамі Рыжскай мірнай дамовы, з 1921-га мястэчка стала часткай Лунінецкага павета Палескага ваяводства. З 1939-га яно ўжо ў складзе БССР. Праз год Ганцавічы сталі гарадскім пасёлкам, цэнтрам раёна Пінскай вобласці. Там налічвалася 490 двароў, 2690 жыхароў, працавалі лесазавод, млын, электрастанцыя, абутковая, кравецкая, мэблевая майстэрні, кінатэатр, бальніца, амбулаторыя, няпоўная сярэдняя школа, дзве сталовыя.
Цяжкім выпрабаваннем стала Вялікая Айчынная вайна: 30 чэрвеня 1941 года Ганцавічы былі захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі. На тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольныя райкамы КП (б) Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады імя Леніна і Панамарэнкі, 12-я кавалерыйская імя Сталіна. Населены пункт быў вызвалены 7 ліпеня 1944 года войскамі 89-га стралковага корпуса 61-й арміі 1-га Беларускага фронту і партызанамі брыгады імя Леніна Пінскага злучэння.
Прайшло больш за 75 гадоў, змянілася не адно пакаленне, але подзвіг дзядоў і прадзедаў не забыты. На тэрыторыі Ганцавічаў ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў, якія аддалі жыццё ў баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі, а таксама магіла мірных жыхароў, знішчаных гітлераўцамі ў 1942 годзе. На ўсходняй ускраіне горада, ва ўрочышчы Горкі, насыпаны Курган Славы ў памяць пра восем тысяч жыхароў раёна, якіх забілі захопнікі, і 844 воіна-земляка і партызан, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. На вяршыні кургана ўстаноўлены 14-мятровы абеліск.

Не проста словы

Ганцавіцкі раён багаты на помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры і культуры. У Дзяржаўны спіс унесена 26 яго гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Адметнымі аб’ектамі архітэктуры на тэрыторыі раёна з’яўляюцца праваслаўныя цэрквы, каталіцкія капліцы і старадаўнія шляхецкія сядзібы. Варта згадаць Георгіеўскую царкву ў вёсцы Чудзін, Спаса-Праабражэнскую – у Будчы, Святога Архангела Міхаіла ў Начы, капліцу пры былой сядзібе Абуховічаў і Георгіеўскую царкву ў Вялікіх Круговічах, а таксама пахавальную капліцу Вендорфаў у вёсцы Ясянец.
Асобна можна вылучыць Георгіеўскую царкву ў Вялікіх Круговічах. Пабудавана яна ў 1771 годзе як уніяцкая на сродкі мясцовага шляхціца Ксаверыя Абуховіча. У сярэдзіне XIX стагоддзя храм стаў праваслаўным, пасля чаго, верагодна, быў значна перабудаваны. Царква выканана з дрэва ў форме даўгаватага крыжа, асобна пастаўлена званіца, унутры апсіды ад асноўнага аб’ёму царквы аддзяляе двухузроўневы іканастас на 17 абразоў.
Нельга абысці ўвагай і шляхецкія сядзібы: Свяжынскіх-Апацкіх – у Агарэвічах і Падарэўскіх – у гора-дзе Ганцавічы (яна размяшчаецца ва ўрочышчы Горкі). Дакладная дата пабудовы першай невядома, але на думку даследчыкаў, яна адносіцца да пачатку XIX ст. Да нашых дзён, акрамя сядзібнага дома, захаваўся моцны, на трывалым цокалі, будынак свірна. Сядзіба Падарэўскіх узведзена ў другой палове XIX ст. Захаваўся аднапавярховы дом, які цяпер выкарыстоўваецца ў якасці канторы паліўнай гаспадаркі, а таксама рэшткі парку і ліпавая алея.
Да помнікаў археалогіі адносяцца шматлікія курганы і курганныя могіль-нікі, якія ў пераважнай большасці зна-ходзяцца на поўначы раёна. Гэта земляныя насыпы над старажытнымі магі-ламі, па ўсёй бачнасці, прадстаўнікоў славянскіх плямёнаў дрыгавічоў. Найбольш даследаваная група курганоў – ля вёскі Ясянец. Дакладная іх колькасць невядома, але ў большасці навуковых крыніц згадваецца да 100 адзінак. Раскопкі ў гэтай групе праводзіў знакаміты беларускі археолаг-навуковец, стваральнік археалагічнага музея «Бярэсце» Пётр Лысенка.
Вялікую шкоду курганам у савецкі перыяд нанесла сельская гаспадарка, калі для павелічэння пасяўных плошчаў разбуралі цэлыя групы курганоў. Напрыклад, ва ўрочышчы Юліна, што паблізу ад вёскі Шашкі, з 15 насыпаў захаваўся, на жаль, толькі адзін – дзякуючы старажытнаму дубу, што на ім расце. «Гэта прыгожае месца. Будзеце ў нашых краях – завітайце да дуба-асілка, – раіць прыёмаздатчык грузу і багажу станцыі Ганцавічы Раман Пашкевіч (на фота). – Краявіды ў нас цудоўныя, шмат лясоў, людзі – добразычлівыя і шчырыя».
Раман ведае тут кожны куточак, бо вырас у Ганцавічах. У дзяцінстве з малодшым братам і сябрамі гуляў у футбол, бавіў час на суседнім возеры, зімой – хадзіў на лыжах. Да таго, як прыйсці на станцыю, малады чалавек скончыў у Брэсце галіновы каледж, адслужыў у арміі. У жніўні споўніцца 5 гадоў, як ён працуе прыёмаздатчыкам грузу і багажу. «Малая радзіма – не проста словы, гэта аснова асноў станаўлення асобы, – лічыць хлопец. – Шанаванне гісторыі свайго роду, сваіх каранёў, пераемнасць пакаленняў і захаванне традыцый дазваляе нам, маладым, выбіраць правільныя жыццёвыя арыенціры».

Любоў да чыгункі – у спадчыну

Гэтыя мясціны звязаны з імёнамі многіх знакамітых людзей. Напрыклад, у 1902 годзе ў Люсіна пачаў сваю педагагічную дзейнасць Якуб Колас. На хутары (сёння гэта ўрочышча Шарпутоўшчына) непадалёк ад вёскі Чудзін свае дзіцячыя і юнацкія гады правёў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі. У Востраве нарадзіўся вядомы беларускі паэт Міхась Рудкоўскі, суседняя Гута – радзіма вядомых літаратараў Івана Кірэйчыка і Уладзіміра Марука. Горад Ганцавічы стаў другім домам для заслужанага дзеяча культуры БССР Васіля Праскурава. Яго імем названы вуліца і раённая бібліятэка, у яго гонар усталяваныя дзве мемарыяльныя дошкі.
– Да святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2011 годзе ў нашым гарадскім скверы быў устаноўлены геральдычны знак, а на Алеі пісьменства, якую вянчае помнік Якубу Коласу, ушанаваны найбольш вядомыя мясцовыя літаратары, – распавядае начальнік станцыі Ганцавічы Наталля Сідаровіч. Любоў да роднага краю і сталёвай магістралі яна атрымала ў спадчыну ад маці, якая шмат гадоў тут працавала і прайшла шлях ад стрэлачніка да начальніка станцыі. – Самыя яскравыя дзіцячыя ўспаміны ў мяне звязаны менавіта са станцыяй, з яе дружным калектывам. Чыгуначнікі заўсёды вылучаліся згуртаванасцю, усе святы адзначалі разам, сябравалі сем’ямі. І мы, іх дзеці, – таксама, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Выраслі – раз’ехаліся, але пры сустрэчы абавязкова цікавімся справамі, абменьваемся навінамі, не губляем сувязі.
Цалкам натуральна, што дачка вырашыла працягнуць працоўную дынастыю і ў 1988-м прыйшла на станцыю таварным касірам. Маці ёй не патурала. Наадварот: патрабавала ўдвая больш, чым ад іншых работнікаў. Але такая суровая школа прынесла добры плён: Наталля вырасла да дзяжурнага па станцыі, а ў 2017-м узначаліла яе калектыў.
– Я бывала ў Мінску, Магілёве, Баранавічах, вучылася ў Оршы і заўсёды адчувала сябе няўтульна ў буйных гарадах, – прызналася суразмоўца. – Мяне кожны раз цягнула на радзіму, у Ганцавічы, дзе ўсё знаёмае і такое дарагое! У нас ціхі, спакойны гарадок, дзе адзін аднаго ведае. Людзі тут працавітыя, руплівыя. А якія ў раёне ладзяцца святы! На 9 Мая, Дзень Незалежнасці, Новы год заўсёды праводзяцца маштабныя мерапрыемствы, цікавыя і вясёлыя. Прыязджайце, самі пабачыце!

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика