Январь
Ср
15
2025

Гудагайскія далягляды

Амаль у два разы ў лютым бягучага года павялічылася пагрузка лесаматэрыялаў на станцыі Гудагай Мінскага аддзялення ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. На дынаміку выгрузкі можа станоўча паўплываць рэалізацыя планаў па будаўніцтве ў райцэнтры новых аб’ектаў і рамонце дзеючых.

– У лютым мінулага года Астравецкі лясгас пагрузіў 72 вагона сваёй прадукцыі, а за апошні месяц зімы сёлета – 122, – параўноўвае начальнік станцыі Гудагай Валянціна Бенахомская. – З улікам гэтага агульны аб’ём пагрузкі па станцыі павялічыўся да 150 вагонаў.
На працягу некалькіх апошніх гадоў на станцыю штомесяц прыходзіла ў сярэднім каля 300 вагонаў з грузамі для ўзвядзення ў раёне жылля ды іншых аб’ектаў для работнікаў БелАЭС. Натуральна, што пасля выканання гэтых задач выгрузка ў Гудагаі паменшылася. Аднак у райцэнтры яшчэ плануюць пабудаваць лядовы палац, аўтавакзал, рэканструяваць і добраўпарадкаваць вуліцы. Таму можна разлічваць на пэўнае нарошчванне грузавой работы.
Станцыя Гудагай знаходзіцца прыкладна за 4 кіламетры ад Астраўца і адыгрывае важную ролю ў развіцці раёна. Яе паслугамі ахвотна карыстаюцца пасажыры: на прыгарадным аўтобусе ці прыватным аўтамабілі ад Гудагая да райцэнтра не больш як дзесяць хвілін язды.
У савецкі час гэта станцыя была прамежкавай, на ёй спыняліся толькі пераважна прыгарадныя цягнікі.

Дзяжурны па станцыі Віктар Лысуха

Аднак пасля таго, як у пачатку 1990-х тут прайшла беларуска-літоўская дзяржаўная мяжа, міжнародныя цягнікі пачалі рабіць прыпынак у Гудагаі для правядзення памежнага і мытнага кантролю.
Электрыфікацыя лініі ад Маладзечна да дзяржмяжы зрабіла чыгуначны транспарт яшчэ больш прывабным для мясцовых жыхароў: цяпер з Гудагая да Мінска можна даехаць наўпрост, без перасадкі ў Маладзечне.
На цягніках дабіраюцца да станцыі і некаторыя яе работнікі, якія жывуць у Смаргоні. Мясцовы чыгуначны калектыў аб’ядноўвае 16 чалавек. Пераважная большасць з іх працуе тут звыш дзесяцi гадоў, таму выдатна вывучыла ўсе асаблівасці станцыі. Самыя дасведчаныя, стаж якіх перавышае 30 гадоў, – работнікі таварнай канторы Вераніка Багдановіч і Людміла Вафіна.
Амаль тры дзесяцігоддзі працуе на станцыі і яе цяперашні начальнік Валянціна Бенахомская. Яна нарадзілася і жыла ў Маладзечненскім раёне непадалёку ад станцыі Пруды. Атрымала адукацыю ў аршанскім галіновым тэхнікуме і па размеркаванні прыехала ў Гудагай. Каля дзесяці гадоў была дзяжурным па станцыі, а потым чыгуначніца ўзначаліла калектыў. Жыве тут жа, таму Гудагай стаў для яе другой радзімай.
З маленства звязаны з гэтай зямлёй і дзяжурны па станцыі Віктар Лысуха. Лічыць, што стаць чыгуначнікам яму было наканавана лёсам: яго прадзед быў пуцейцам, ды і сам хлопец з юнацтва цікавіўся тэхнікай. Пачынаў пуцейцам, а пасля навучання ў Оршы пэўны час працаваў дзяжурным па станцыі Княгінін. Пасля яго перавялі ў родныя мясціны. Чыгуначнік адзначае, што ў Гудагаі больш інтэнсіўны рух цягнікоў, немалы аб’ём манеўровай працы. Але да напружанага рытму прызвычаіўся і гатовы дзяліцца сваім прафесійным досведам з маладымі калегамі. Напрыклад, каля года дзяжурным па станцыі тут працуе Ганна Садзілоўская. Два гады таму да калектыва далучылася і білетны касір Яна Савіцкая.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика