Спадчына зялёна-блакітнага «вострава»
Астравецкі раён, размешчаны на паўночнай ускраіне Гродзенскай вобласці, слынны сваімі густымі лясамі і прыгожымі азёрамі. Край вабіць і велічнымі цэрквамі і касцёламі, у тым ліку храмам у Гервятах – адным з трох самых высокіх рэлігійных аб’ектаў Беларусі. Дзіўным чынам гэта зямля «паядналася» з Японіяй, а таксама мае сувязь з назвай афрыканскай дзяржавы Малі.
Амаль палова тэрыторыі раёна пакрыта лясамі. І магутны дуб, адлюстраваны на гербе Астравеччыны, сімвалізуе прыроднае багацце і трывалыя гістарычныя карані, каштоўную культурную спадчыну. А высакародная фарэль – быццам старажытны хрысціянскі сімвал, які нагадвае пра духоўныя традыцыі гэтага краю і шчодры ўлоў у мясцовых рэках і азёрах.
На Астравеччыне зялёную прыгажосць лясоў гарманічна дапаўняе блакіт рэк Віліі, Лошы, Ашмянкі і азёр, частка якіх уваходзіць у склад рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сарачанскія азёры» плошчай 13 тыс. га. У яго складзе – 12 вадаёмаў, сярод якіх самыя буйныя – Тумскае, Ёдзі, Белае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае. Таксама ёсць два ландшафтныя заказнікі мясцовага значэння («Возера Бык» і «Сяржанты») і адзіны ў Беларусі помнік прыроды – геалагічнае агаленне міжледавіковых стужачных глін ля хутара Камарышкі.
– Тут асаблівы мікраклімат, – адзначае Валянціна Бенахомская, начальнік станцыі Гудагай, што за 4 кіламетры ад Астраўца. – Відаць, на надвор’е ўплывае блізкасць да Балтыйскага мора.
Валянціна Аляксееўна нарадзілася ў Маладзечненскім раёне каля станцыі Пруды. У 1992 годзе пасля заканчэння аршанскага тэхнікума прыехала сюды працаваць дзяжурным па станцыі. Здавалася, да родных мясцін недалёка – каля 60 кіламетраў, але бывала, што ад’язджала з работы з парасонам, а вярталася дадому, дзе мама ў двары сушыла сена. Цяпер, калі пражыла на Астравеччыне амаль 30 гадоў, прызвычаілася да такога мікраклімату і прыняла мясцовы лад жыцця. А яшчэ – і спадчыну мінулых стагоддзяў.
Напрыклад, яна раіць ахвочым да вандровак заехаць у мястэчка Гудагай, размешчанае непадалёку ад аднайменнай станцыі. Там можна ўбачыць помнік драўлянага дойлідства – касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго пабудавалі ў 1764 годзе пры кляштары кармелітак, які, на жаль, не захаваўся. У гэтым касцёле знаходзіцца і святая для вернікаў рэліквія – абраз Маці Божай Гудагайскай. Яго стварылі, як лічаць спецыялісты, у XVI – пачатку XVII стагоддзя. У 2007-м адбылося ўрачыстае аздабленне гэтай іконы папскімі каронамі.
У Гудагаі жыве і камерцыйны агент па транспартным абслугоўванні мясцовай станцыі Таццяна Маргуж. Кажа, што ад яе дома да работы можна дабрацца пешшу прыкладна за 10 хвілін.
– Раней зімы былі марознымі, – узгадвае яна сваё дзяцінства. – Бывала, ідзеш па вузкай сцежцы, а навокал – гурбы снега вышэй за мяне.
Тады не было ні камп’ютараў, ні мабільнікаў, таму дзеці і падлеткі шмат часу праводзілі на вуліцы, ведалі безліч гульняў. Пасёлак быў меншым, чым цяпер, і многія адзін аднаго добра ведалі. Апошнім часам Гудагай забудоўваецца. На гэта пэўным чынам уплывае электрыфікацыя чыгункі і паляпшэнне транспартных сувязяў з Мінскам, а таксама будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.
Дзяжурны па станцыі Гудагай Віктар Лысуха жыве ў Астраўцы ўсё сваё свядомае жыццё. На чыгунцы пачынаў пуцейцам, потым быў дзяжурным па станцыі Княгінін і нарэшце вярнуўся на малую радзіму. Па яго словах, за апошнія гады Астравец значна вырас, памаладзеў. Але яго духоўнымі каранямі па-ранейшаму зяўляюцца велічныя храмы.
Па дарозе з Гудагая ў раённы цэнтр на ўскраіне вандроўнікаў на высокім узгорку сустракае касцёл Узвіжання Святога Крыжа. Яго пабудавалі насупраць каталіцкіх могілак у 1910 – 1911 гадах з цэглы на парафіяльныя сродкі.
У савецкі час храм быў зачынены, затым выкарыстоўваўся пад сховішча. Але пазней яго аддалі вернікам.
Менш за дзесяць хвілін пешшу – і яшчэ адзін каталіцкі храм у невялікім парку са скульптурамі – касцёл Святых Казьмы і Дзям’яна, цагляны помнік класіцызму. У 1785 – 1787 гадах яго ўзвялі на месцы драўлянага, што быў закладзены пры кляштары дамініканцаў яшчэ на пачатку XVII стагоддзя.
Вельмі прыкметная і Свята-Петра-Паўлаўская царква, якая з’явілася ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Яна нагадвае найлепшыя прыклады беларускіх храмаў абарончага стылю і добра ўпісваецца ў малапавярховую забудову раённага цэнтра.
У горадзе захаваўся і будынак былога вадзянога млына, а таксама помнік Іосіфу Антонавічу Гашкевічу – беларускаму дыпламату, вучонаму-мовазнаўцу, даследчыку Японіі і Кітая, натуралісту і арыенталісту. Ураджэнец Гомельшчыны, апошнія гады свайго жыцця ён правёў у маёнтку Малі, што на Астравеччыне. Наш зямляк быў першым консулам Расійскай імперыі ў Японіі, склаў першы «Японска-рускі слоўнік».
Сам жа Астравец упершыню згадваецца ў 1468 годзе. Назва горада мае славянскае паходжанне і звязана з умацаваным востравам на правым беразе ракі Лоша, якая перасякае горад. На тэрыторыі раёна знаходзяцца некалькі іншых старажытных паселішчаў. Напрыклад, цяперашняя вёска Варняны ўпершыню згадваецца ў 1391 годзе як уладанне вялікага князя літоўскага Ягайлы. Пра ранейшую веліч мястэчка нагадваюць помнікі архітэктуры XVIII стагоддзя: касцёл Святога Юрыя, дамы ксёндза і аптэкара, астатніх мясцовых жыхароў. Вёска Быстрыца – адно старажытнае паселішча на Астравеччыне. Па прывілеі Жыгімонта І у 1542 годзе тут была створана мытная кантора. Захаваўся і касцёл Узвышэння Святога Крыжа (1760 год). Прыгожыя храмы ёсць і ў вёсках Міхалішкі, Варона, Кемелішкі, Стрыпішкі, Вялікія Свіранкі.
Яшчэ адна каштоўная візітоўка не толькі Астравецкага раёна, але і ўсёй Беларусі – касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты. Мясцовая парафія была створана тут амаль 500 гадоў таму, у той жа час, як сцвярджаюць гісторыкі, тут узвялі невялікі драўляны храм. Капітальны будынак з’явіўся толькі ў 1899 – 1903 гадах і быў пабудаваны ў неагатычным стылі.
Праект належыць архітэктару Вацлаву Міхневічу. Вышыня званіцы – 61 метр. Гервяцкі касцёл уваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі і з’яўляецца адным з найлепшых узораў неагатычнага стылю ў краіне. Перад храмам – некалькі драўляных крыжоў з багатай разьбой. Вакол касцёла разбіты ландшафтны парк з рэдкімі дэкаратыўнымі раслінамі і фігурамі апосталаў. Гервяцкі комплекс часам называюць беларускім Нотр-Дамам. Паводле шэрагу апытанняў, яго лічаць найпрыгажэйшым касцёлам Беларусі.
Руслан АНАНЬЕЎ