Зямля ў абдымках хваёвага «мора»
Глускі раён, які знаходзіцца на ўскрайку Магілёўшчыны на мяжы з Міншчынай і Гомельшчынай, быццам хаваецца ў абдымках лясоў, якія пакрываюць больш за палову яго тэрыторыі. Нягледзячы на такую «сціпласць», гэта зямля вабіць сваёй багатай гісторыяй і новымі здабыткамі.
Раён суседнічае з Акцябрскім Гомельскай вобласці, Любанскім і Старадарожскім Мінскай, Бабруйскім і Асіповіцкім Магілёўскай. Асноўныя рэкі – Пціч і яе прытокі: Зарудзеча, Ліса, Бежыца, Даколька, Альніца і Цюрынка. Буйнейшыя азёры – Выгада, Дзікае і Баравое. Лясы займаюць каля 53% плошчы раёна, больш за дзве трэці з іх – хваёвыя. Знакаміты беларускі паэт Сяргей Грахоўскі, маленства і школьныя гады якога прайшлі менавіта сярод такіх маляўнічых пейзажаў, вельмі натхнёна і пяшчотна распавядаў пра сваю малую радзіму:
За Глускам, у глухіх барах,
Яшчэ маё блукае рэха,
I дзень суніцамі прапах,
Даспелі першыя арэхі,
I золкі золак на Пцічы
Мяне штодня дадому кліча,
Дзе расцвітаюць касачы
I дзе гады зязюля лічыць,
Дзе каля цёмнае вады,
На вузенькім пясчаным мысе
Мае дзіцячыя сляды
Дасюль, магчыма, засталіся.
Сяргей Іванавіч Грахоўскі нарадзіўся ў Пінскім павеце ў 1913-м. Але ўжо ў наступным годзе сям’я пераехала ў Глуск, які стаў для яго дарагім і па-сапраўднаму родным. У беларускай літаратуры ён пакінуў след як паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. На жаль, яго жыццёвы шлях быў азмрочаны дзесяцігоддзямі сталінскага ГУЛАГУ. Творчасць гэтага таленавітага чалавека вызначаецца ў айчыннай літаратуры незвычайна плённымі і важкімі мастацкімі дасягненнямі ў самых розных жанрах. Бо пачаў ён сябе сцвярджаць у прыгожым пісьменстве толькі ў 1958 годзе – кнігай вершаў з сімвалічнай назвай «Дзень нараджэння». Гэта адбылося ўжо пасля рэабілітацыі і праз 32 гады пасля публікацыі першых спроб пяра ў 1920 – 30-х гадах.
Гэты край стаў крыніцай натхнення і для многіх іншых людзей. Сярод знакамітых яго выхадцаў – беларускі мастак Вячаслаў Захарынскі, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце Юрый Голуб, кампазітар Валерый Іваноў, артыстка Маскоўскага тэатра аперэты Зоя Белая.
Цяпло Глускай зямлі сагравае сэрца і майстра ўчастка Магілёўскай дыстанцыі ахоўных лесанасаджэнняў Аляксандра Новіка. Ён нарадзіўся менавіта ў райцэнтры.
– Тады не было кампьютараў і мабільнікаў, таму мы з сябрамі шмат часу бавілі на вуліцы, на свежым паветры, – узгадвае ён. – Я асабліва любіў футбол. Акрамя таго, заўзята гуляў у баскетбол, а ўзімку – у хакей.
Як і многія хлопцы-аднагодкі, цікавіўся тэхнікай. З вялікай ахвотай хадзіў на бацькаву працу. Ён быў трактарыстам.
Сам жа хлопец, відаць, уражаны прыродай Глускай зямлі, вырашыў звязаць свой лёс з лясной гаспадаркай. Атрымаў адпаведную прафесійна-тэхнічную адукацыю ў Магілёве. Потым вучыўся ў полацкім тэхнікуме. І, нарэшце, завочна атрымаў вышэйшую галіновую адукацыю ў расійскім Бранску.
Пасля працы ў лясгасе вырашыў перайсці на чыгунку і паступова вырас да майстра ўчастка. Тэрыторыя яго абслугоўвання – ад Нясеты да Чавусаў (напрамак Асіповічы – Магілёў – Крычаў). Такім чынам Аляксандр Міхайлавіч, які нарадзіўся ў раёне, дзе няма ніводнай чыгуначнай станцыі, «парадніўся» са сталёвай магістраллю.
Цяпер ён з жонкай і трыма дзецьмі жыве ў Магілёве. Па-ранейшаму любіць спорт, рэгулярна выступае за каманду дыстанцыі на турнірах па футболе, валейболе. Імкнецца прывучыць да здаровага ладу жыцця і дзяцей.
– Гавораць, што кожны мужчына павінен у сваім жыцці зрабіць тры справы: выгадаваць сына, пабудаваць хату і пасадзіць дрэва, – жартуе ён. – Можна лічыць, што я з гэтым справіўся: стаў шматдзетным бацькам, пабудаваў дачу. А колькі пасадзіў дрэў – ужо перастаў і лічыць!
Майстар участка хоць і пусціў карані ў Магілёве, але малую радзіму не забывае: ён рэгулярна наведвае Глуск, дзе жывуць яго бацькі. Для малых гэта цікавае падарожжа, а для іх дзядулі і бабулі – радасць сустрэчы з унукамі.
– За апошні час райцэнтр вельмі змяніўся, – адзначае Аляксандр Новік. – У 2019 годзе яго рыхтавалі да правядзення «Дажынак», адрамантавалі многія аб’екты, пабудавалі новыя.
І сапраўды, невялікі гарадскі пасёлак з насельніцтвам каля 7 тыс. чалавек стаў больш прывабным. Тут, у прыватнасці, добраўпарадкавалі вуліцы, адрамантавалі дамы, бальніцу, стадыён. Цэнтральнай падзеяй стала адкрыццё Цэнтра культуры і вольнага часу «Арыён», дзе размясціліся кінатэатр, ЗАГС, дысказала і памяшканні для заняткаў дзяцей творчасцю.
Каля гэтага шматпрофільнага аб’екта з’явілася цікавая скульптурная кампазіцыя «Роднае гняздо». Яе асноўныя элементы – дрэва, гняздо з бусламі і радкі з твора Сяргея Грахоўскага, у гонар якога ў райцэнтры назвалі бульвар і школу. Аўтар – магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў, які ўпрыгожыў многія гарады Беларусі. Сярод яго аб’ектаў – помнік агурку ў Шклове і лірычна-рамантычная кампазіцыя паводле творчасці Якуба Коласа, што размяшчаецца ў Быхаве побач з пасажырскім будынкам мясцовай чыгуначнай станцыі.
Такім чынам, у 2019-м была перагорнута яшчэ адна старонка гісторыі Глуска. Дагэтуль яго лёс быў такім жа няпростым, як і многіх іншых мястэчак Беларусі, якія апынуліся ў віры шматлікіх войнаў, цяжкіх выпрабаванняў. Але, нібыта чароўны Фенікс, ён заўжды адраджаўся.
Гісторыкі адзначаюць, што ў Глуска два дні нараджэнні. Першы – у XIV стагоддзі, калі гэту зямлю Іван Гальшанскі атрымаў ад вялікага князя літоўскага Вітаўта. Тады цэнтр населенага пункта размяшчаўся за 18 кіламетраў ад сучаснага. Цяпер гэта вёска Гарадок.
Другі дзень нараджэння – першая палова XVI стагоддзя. Менавіта тады Юрый Гальшанскі-Дубровіцкі на высокім беразе ракі Пціч пабудаваў драўляны замак. Новае мястэчка пэўны час называлі Глускам-Дубровіцкім. Асаблівага росквіту паселішча дасягнула падчас княжання Аляксандра Палубінскага. Менавіта па яго ініцыятыве прыкладна паміж 1670 – 1675 гадамі з’явіўся новы каменны замак, які вырас на месцы драўлянага, спаленага казакамі. Пазней і каменная фартэцыя не вытрымала выпрабаванне часам і войнамі, паступова прыйшла ў заняпад.
У другой палове XVII стагоддзя на гэтым месцы пабудавалі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар бернардзінцаў. Апошні перастаў дзейнічаць пасля паўстання 1830 года. У савецкі час улады забралі касцёл у вернікаў, падчас Вялікай Айчыннай ён быў узарваны.
Пра былую веліч Глуска нагадваюць рэшткі фартэцыі і касцёла на замкавай гары. Стылізаваныя абрысы галоўнай вежы замка і прылеглых абарончых сцен можна ўбачыць і на гербе горада. Гэты важны геральдычны сімвал быў зацверджаны ў 1997 годзе.
Яркім чырвона-белым абліччам і арыгінальным архітэктурным рашэннем вабіць гасцей Глуска Свята-Богаз’яўленчая царква. Яе гісторыя, як сцвярджаюць даследчыкі, пачалася яшчэ ў XVI стагоддзі. З таго часу храм неаднаразова перабудоўвалі. Цяперашні выгляд царква набыла напрыканцы мінулага стагоддзя.
Яшчэ адзін важны рэлігійны аб’ект раёна – царква Святых Казьмы і Дзям’яна. Гэты драўляны храм размяшчаецца ў вёсцы Гарадок. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што яе пабудавалі яшчэ ў 1814 годзе.
Раней Глуская зямля была багатая на прыватныя маёнткі. На жаль, не ўсе яны захаваліся. Аднак, каб пазнаёміцца з асаблівасцямі жыцця продкаў, можна наведаць маёнтак Халопенічы. Там захаваліся гаспадарчыя пабудовы і вінакурня. А ў вёсцы Завалочыцы размяшчаецца сядзіба Жылінскіх – таксама з вінакурняй, сховішчам і паркам. Мясцовыя жыхары раяць пабываць і ў вёсцы Сіманавічы. Там захавалася паштовая станцыя, пабудаваная ў сярэдзіне XIX стагоддзя.
Аматарам даўніны будзе цікава паглядзець і на комплекс гарадскіх будынкаў, узведзеных у XIX – пачатку XX стагоддзя.
Руслан АНАНЬЕЎ