Бліскучая спадчына Шклоўскай зямлі
Шклоў, які знаходзіцца на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, за паўтысячы гадоў сваёй гісторыі перажыў перыяды росквіту і цяжкіх выпрабаванняў. Гэты край, які часам называюць агурковай сталіцай Беларусі, і цяпер вабіць архітэктурнымі і прыроднымі аб’ектамі, мастацкай і музычнай спадчынай.
Гэта паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў 1520 годзе (у іншых крыніцах – у 1535-м). Мястэчка, нібыта птушка Фенікс, некалькі разоў паўставала з попелу, адбудоўвалася нанова. Адзін з вялікіх пажараў адбыўся ў 1769 годзе. Тады, як сцвярджаюць гісторыкі, згарэлі каля 300 дамоў. На іх месцы будаўніцтва разгарнулася па новых стандартах: ужо не хаатычна, а па кварталах.
Мястэчка з’яўлялася важным гандлёвым цэнтрам. Аб гэтым сведчыць і гістарычны герб, на якім адлюстраваныя шалі-бязмен. Значную ролю ў развіцці рамесніцтва і гандлю адыгрывалі яўрэі. У пэўны перыяд іх доля ў агульнай колькасці насельніцтва перавышала 20 працэнтаў. Гэтымі землямі ў пэўны час валодалі прадстаўнікі славутых сем’яў Хадкевічаў, Чартарыйскіх, Сапегаў ды іншых.
Асаблівага росквіту Шклоў дасягнуў у другой палове ХVІІІ стагоддзя. Менавіта тады на 22 гады яго ўладаром стаў Сямён Зорыч. Дзякуючы яго намаганням культурнае і эканамічнае развіццё мястэчка выйшла на новы ўзровень. У горадзе пабудавалі крамы, ратушу з гандлёвымі радамі і палац, адкрылі тэатр. Акрамя таго, заснавалі кадэцкі корпус, які па сваіх высокіх стандартах адукацыі быў прыкладам для аналагічных устаноў, у тым ліку ў Маскве. Таму і нядзіўна, што Шклоў стаў моцным канкурэнтам для Магілёва. Цяпер гэта нязвыкла, а раней маглі так тлумачыць размяшчэнне цяперашняга абласнога цэнтра: «Магілёў знаходзіцца пад Шкловам».
Нашчадкі высока ацанілі руплівасць Зорыча. Помнік яму адкрылі ў горадзе ў 2007 годзе. Ён размясціўся ў вялікім парку, закладзеным напрыканцы ХІХ стагоддзя па ініцыятыве міністра шляхоў зносін Расійскай імперыі Апалона Крывашэіна, які таксама быў гаспадаром Шклоўскай зямлі. Той паклапаціўся не толькі пра прыгажосць горада, але і аб яго эканамічным развіцці. Ён падтрымліваў новыя вытворчасці. Менавіта дзякуючы намаганням гэтага чалавека адкрылася папяровая фабрыка. Яна некалькі разоў перабудоўвалася, дапаўнялася новымі лініямі і працягвае дзейнічаць сёння.
– Мне вельмі падабаецца наш парк, – прызнаецца дзяжурны па станцыі Шклоў Марыя Таўстапятава. – Там свежае паветра, прыгожыя дрэвы. Парк – гэта рэшткі маёнтка сям’і Крывашэіна. Гавораць, што некаторым дрэвам больш за 200 гадоў.
Чыгуначніца нарадзілася і жыве ў райцэнтры. Атрымала профільную адукацыю ў Оршы, а пазней прыехала працаваць на малую радзіму.
Марыя лічыць свой горад прыгожым і ўтульным, са мноствам цікавых аб’ектаў. Сярод іх гарадская ратуша, якая перыжыла некалькі рэстаўрацый і цяпер цешыць вока, вабіць турыстаў. Захаваліся ў гора-
дзе сінагога, царква і касцёл – яскравыя адбіткі архітэктурных і рэлігійных традыцый мінулых пакаленняў.
Турыстычную карту горада гарманічна дапаўняе помнік агурку. Яго адкрылі ў 2007 годзе як напамін аб тым, што край славіцца багатымі ўраджаямі гэтай гародні ны. Помнік – вынік творчай фантазіі магілёўскага скульптара Андрэя Вараб’ёва. Пазней ён працаваў для Быхава: на плошчы ля чыгуначнай станцыі ўсталявана яго кампазіцыя, прысвечаная героям твораў Якуба Коласа.
Каля помніка агурку не толькі фатаграфуюцца. Мясцовыя вераць: калі пацерці насенне агуркоў аб кошык помніка – будзе багаты ўраджай, а прыкласці да «тулава» металічныя грошы, яны будуць хутчэй памнажацца. Наколькі спраўджваюцца такія прыкметы, невядома. Але наяўнасць асабліва бліскучых элементаў скульптуры сведчыць пра тое, што ахвочых нямала. Гэты помнік у цэнтры ўвагі круглы год. Але асабліва шматлюдна ля яго падчас агурковага свята, якое стала добрай традыцыяй.
– Я з ахвотай наведваю і фестываль «Александрыя збірае сяброў», які на Купалле праходзіць у нашым раёне, – адзначае дзяжурны па станцыі Шклоў Генадзь Шуцікаў.
Яго малая радзіма – вёска Лотва. Дасёння з цеплынёй узгадвае бесклапотнае маленства і юнацтва, калі шмат часу праводзілі на вуліцы. А падчас летніх канікул да сваіх бабуль і дзядуль прыязджалі дзеці з розных куткоў Беларусі. На жаль, цяпер усё інакш, Лотва прыйшла ў заняпад.
Генадзь Уладзіміравіч пераехаў у Магілёў. Але па-ранейшаму адчувае сваю вясковую сутнасць, з ахвотай ездзіць да маці, якая жыве ў вёсцы недалёка ад Лотвы.
На чыгунцы ён працуе з 1987 года. Пачынаў складальнікам цягнікоў. Але потым атрымаў дадатковую кваліфікацыю, стаў дзяжурным па станцыі. І цяпер ён – адзін з самых дасведчаных у калектыве.
Чыгуначнік лічыць, што ў Шклове шмат цікавых мясцін. Адна з іх – Алея славы. Яе заклалі яшчэ ў 1985 годзе. Тут ушанаваны імёны Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай працы – ураджэнцаў гэтых мясцін. У 2005-м выканана рэстаўрацыя, комплекс дапоўнены абеліскам тым, хто загінуў падчас вайны ў Афганістане. Пазней на алеі з’явілася ваенная тэхніка.
На Шклоўшчыне нямала тых, кім землякі могуць ганарыцца. Напрыклад, важны ўнёсак у беларускую навуку зрабілі фізік Усевалад Радзько, юрыст Віктар Шабайлаў. Менавіта ў гэтым раёне прайшлі дзяцінства і маладосць першага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
У вёсцы Чарапы нарадзіўся Васіль Раінчык – народны артыст Беларусі, кампазітар і мастацкі кіраўнік легендарнага ансамбля «Верасы». Гэта зямля падаравала свету і Міхаіла Гузікава, якога лічаць вынаходнікам ксілафона. Малая радзіма мастака Паўла Масленікава – вёска Нізкая Вуліца. Ён нарадзіўся ў год пачатку Першай сусветнай вайны. Атрымаў прафесіянальную адукацыю ў Віцебску і Ленінградзе, годна прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай. А ў пасляваенны перыяд – з 1946-га па 1960 год – працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Беларускім дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Акрамя таго, займаўся афармленнем спектакляў у тэатры імя Янкі Купалы. У 1960-х гадах быў рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1994-м у Магілёўскім абласным мастацкім музеі адкрылася карцінная галерэя Паўла Масленікава, а яшчэ праз тры гады музей стаў насіць яго імя, побач з будынкам з’явіўся яго бюст.
На творчае светаўспрыманне мастака магчыма паўплывала прырода Шклоўскага краю. Па тэрыторыі раёна цячэ Днепр і каля 30 малых рэчак – яго прытокаў.
Шклоўшчына літаральна аплецена сеткай глыбока ўрэзаных яроў, дзе агаляюцца ледавіковыя і міжледніковыя пароды – Ніжнінскі роў. Па дну яго выяўляецца старажытнаазёрная тоўшча. Гэта месца дэталёва даследавана беларускімі вучонымі і аб’яўлена помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Ніжнінскі роў – помнік, які атрымаў сусветную вядомасць. Яго адкрылі ў 1965 годзе ў ваколіцах Шклова на левабярэжжы Дняпра. Яго плошча – 7,7 га. Па сваёй прадстаўнічасці, магутнасці і асаблівасцям структуры значна пераўзыходзіць аналагічныя аб’екты ў іншых рэгіёнах свету. Шырыня агалення – 150 м, вышыня – 27. Лысая гара – вышэйшая кропка прыроднага аб’екта. У гэтым цікавым месцы ўжо ў наш час з’явіўся турыстычны комплекс, у склад якога ўваходзяць драўляныя будынкі, выкананыя ў найлепшых традыцыях старажытнаславянскага дойлідства. Сюды прыязджаюць госці з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама замежжа.
Шклоўскі раён знаходзіцца на поўначы Магілёўскай вобласці, ад раённага да абласнога цэнтра – каля 35 км. Ён мяжуе з Горацкім, Дрыбінскім, Магілёўскім, Круглянскім, Бялыніцкім раёнамі Магілёўскай вобласці, а таксама Талочынскім і Аршанскім – Віцебскай. Чаму Шклоў атрымаў менавіта такую назву, дакладна невядома. Ёсць некалькі версій. І большасць з іх звязана са шклом. Напрыклад, некаторыя даследчыкі спасылаюцца на легенду, паводле якой нібыта нейкі шляхціч паклаў на бераг ракі каштоўныя ўпрыгожанні, якія ззялі на сонцы. Паводле іншага падання, яркі бляск нараджаўся на паверхні цёмных хваляў ракі. Прыхільнікі альтэрнатыўнай тэорыі звязваюць паходжанне мястэчка з мясцовымі гідронімамі.
Нягледзячы на невызначанасць этымалогіі, можна пагадзіцца з тым, што Шклоў, як і ўвесь раён, апраўдвае сваю «бліскучую» назву: гістарычная, прыродная і культурная спадчына гэтага краю яскрава вылучае яго сярод іншых рэгіёнаў нашай краіны.
Руслан АНАНЬЕЎ