Октябрь
Пт
30
2020

Повязь старажытнасці і сучаснасці

Магілёўскі раён, размешчаны ў цэнтры аднайменнай вобласці, здаўна быў эпіцэнтрам важных гістарычных падзей розных перыядаў. Сённяшні горад на Дняпры вылучаецца багатым эканамічным патэнцыялам і культурнымі традыцыямі, натхняе мясцовых жыхароў і вабіць турыстаў.

Гісторыя Магілёва, як вынікае са старажытных хронік, пачалася ў 1267 годзе. Паселішча ўзнікла на высокім беразе Дняпра, на скрыжаванні гандлёвых шляхоў.
Ёсць некалькі версій паходжання назвы гэтага мястэчка. Адна з іх пайшла ад імя галіцкага князя Льва Данілавіча Могія, якога за яго адвагу называлі Магутным ільвом. Іншыя звязваюць тапонім з полацкім князем Львом Уладзіміравічам (Львом Магутным).
У больш рамантычнай легендзе ўзгадваецца асілак Машэка, які загінуў з-за няшчаснага кахання і быў пахаваны на беразе Дняпра, а само месца назвалі Магілай льва. Менавіта гэту гісторыю Янка Купала паклаў у аснову сваёй паэмы «Магіла льва», завершанай у 1913 годзе. Там ёсць такія радкі:

Яго высокую магілу –
Дзе лес ды вецер панаваў –
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай льва» народ назваў.

Да падання аб Машэку звярталіся і іншыя знакамітыя дзеячы беларускай літаратуры – Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі, Еўсцігней Міровіч (яго п’есу і паэму Янкі Купалы ўзяў за аснову кампазітар Рыгор Пукст пры напісанні музыкі для оперы «Машэка»).
Між тым, за цяперашнюю назву гораду давялося «пазмагацца». Як сцвярджаюць гісторыкі, у XVII – XIX стагоддзях гэта мястэчка нярэдка называлі Магілёвам-на-Дняпры (каб не блытаць з тагачасным украінскім Магілёвам-на-Днястры, які пазней перайменавалі ў Магілёў-Падольскі).
Герб горада таксама змяняўся. Першы быў падараваны разам з прывілеем на самакіраванне паводле Магдэбургскага права яшчэ ў 1577 годзе: у блакітным полі «вежа мураваная высока выведзеных». Менш чым праз стагоддзе яго ўдасканалілі. Разам з граматай караля Яна Казіміра ў 1661-м горад атрымаў новы герб: у блакітным полі – тры срэбныя вежы, у адчыненай браме сярэдняй – рыцар, узброены мячом, а ўверсе, над варотамі, на круглым чырвоным шчыце (шыльдзе) – вершнік (асноўны элемент дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага «Пагоня»). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі выява «Пагоні» была заменена двухгаловым арлом. Такі герб праіснаваў параўнальна нядоўга. А ў найноўшай гісторыі Магілёва за аснову афіцыйнага герба ўзялі варыянт 1661 года.
Гарадская ратуша – яшчэ адзін важны сімвал горада. Гэты велічны будынак вышынёй каля 47 метраў быццам нябачнымі ніткамі яднае важныя этапы гісторыі. Ратуша – жывая сведка няскоранасці гараджан і прагі аднаўлення.
Гісторыя помніка архітэктуры налічвае больш за чатыры стагоддзі. Яго пабудавалі ў 1578-м як сімвал гарадскога самакіравання. Першапачаткова ратуша была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту, а яе месцазнаходжанне кожны раз мянялася. Напрыканцы XVII стагоддзя ўзвялі больш надзейны будынак – каменны. Падчас Паўночнай вайны і ён згарэў, але гараджане яго аднавілі. Цяжкім выпрабаваннем сталі і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля яе завяршэння абмяркоўваўся праект рэстаўрацыі. Але ў 1957-м будынак узарвалі.
Аднаўленне пачалося толькі ў 2007 годзе. І цяпер ратуша – важны культурны аб’ект горада, адзін з турыстычных «магнітаў». Першы і трэці, мансардны, паверхі аддалі пад музей Магілёва. На другім знаходзіцца зала пасяджэнняў і адміністрацыйныя памяшканні.
– Ратуша сапраўды ўпрыгожвае наш горад, – пагаджаецца маняўровы дыспетчар станцыі Магілёў Павел Саўчанка. – Мне давялося пабываць у розных мясцінах. Спачатку вучыўся ў аршанскім каледжы чыгуначнага транспарту, а потым у Гомелі, у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Але Магілёў для мяне вельмі дарагі. Тут я нарадзіўся і вырас, жыву цяпер. Побач мая сям’я, родныя людзі. З абласным цэнтрам звязаны цёплыя ўспаміны.

Маняўровы дыспетчар станцыі Магілёў Павел Саўчанка

Павел прыйшоў на чыгунку ў 2008 годзе. Пачынаў прыёмаздатчыкам грузу і багажу. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю, і яму даручылі пасаду маняўровага дыспетчара.
– Гэта праца няпростая, – адзначае ён. – Трэба аналізаваць шмат інфармацыі і аператыўна прымаць рашэнні.
Неабходна мець і добрую памяць, прасторавае мысленне, фізічную вытрымку і быць гатовым кантактаваць з шырокім колам людзей, дамаўляцца, кантраляваць дакладнасць выканання заданняў. Пасля напружанай 12-гадзіннай змены Павел любіць трошкі прайсціся па вуліцах роднага горада. Такая вандроўка надае фізічных і душэўных сіл.
Па словах чыгуначніка, у Магілёве шмат цікавых мясцін. Напрыклад, пешаходная частка вуліцы Ленінскай, дзе захаваліся будынкі XIX стагоддзя. Цікава паглядзець і на абласны драматычны тэатр, узведзены ў 1888-м. Традыцыйна турыстаў вабіць і помнік астраному, створаны знакамітым скульптарам Уладзімірам Жбанавым, чые работы сталі важнымі турыстычнымі аб’ектамі і ў Мінску. Кампазіцыя астранома з тэлескопам мае вышыню каля васьмі метраў. Яе размясцілі на плошчы Зорак. І гэта не проста прыгожы і рамантычны помнік, але і важны элемент сонечнага гадзінніка: у светлы дзень з чыстым небам па ценю ад скульптуры можна вызначыць, колькі цяпер часу.
Павел Саўчанка раіць таксама наведаць заалагічны сад, размешчаны ў аграгарадку Буйнічы, што ў прыгарадзе Магілёва. Гэты прыродны парк, заснаваны ў 2004 годзе, займае плошчу каля 120 гектараў і знаходзіцца ля Дняпра. Там ёсць заапарк з дзікімі жывёламі. Большасць з іх жыве ў вальерах, якія арганічна ўпісваюцца ў мясцовы пейзаж. Да заасаду прымыкае стылізаваная «Этнаграфічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. Там можна наведаць дом каваля, ганчара, азнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ стагоддзя. У панскім маёнтку размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.
Непадалёку, з іншага боку аўтамабільнай шашы, знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». Яго плошча – каля 22 гектараў. Гэтым аб’ектам ушанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай, якія ўдзельнічалі ў абароне Магілёва.
Цэнтральны аб’ект мемарыяла – капліца з чырвонай цэглы. Купал пакрыты меддзю, яго вянчае крыж старагрэчаскага ўзору. Вышыня пабудовы – 27 метраў. На яе сценах размешчаны 4 памятныя дошкі з імёнамі воінаў-абаронцаў. У капліцы ўстаноўлены маятнік Фуко, які сімвалізуе вечную памяць пра загінуўшых воінаў. Да капліцы вядуць чатыры алеі. Адна – у гонар паэта Канстанціна Сіманава. Ля яе ляжыць камень-волат вагой 15 тон. Яго перавезлі сюды з мінскага музея камянёў. Гэты помнік – даніна павагі легендарнаму паэту-франтавіку.
Ваенная тэма стала лейтматывам і ў творчасці знакамітага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава – выхадца з Магілёва (па іншых звестках – Магілёўскага раёна). На яго долю выпалі цяжкія выпрабаванні: падчас Вялікай Айчыннай бацьку-партызана забілі фашысцкія акупанты, а сам ён разам з маці і сястрой трапіў у канцлагер. Таму і ў сваёй творчасці часта звяртаўся да тэмы вайны.
У яго фільмаграфіі ёсць, напрыклад, кінастужкі «Я родам з дзяцінства», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой». Апошнім фільмам стаў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
Абласны цэнтр і Магілёўскі раён сталі малой радзімай і многіх іншых знакамітых і таленавітых людзей. Сярод іх Ота Шмідт – матэматык, астраном, даследчык Поўначы, Герой Савецкага Саюза.
У 1930 – 1934 гадах узначальваў арктычныя экспедыцыі на ледакольных параходах «Георгій Сядоў», «Аляксандр Сібіракоў» і «Чалюскін». Ён быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук СССР, а таксама адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам «Вялікай Савецкай Энцыклапедыі».
У памяць пра яго назвалі першы савецкі навуковы ледакол, спушчаны на ваду ў 1979 годзе. У Ліпецку, Адэсе, Казані, Вінніцы, Ніжнім Ноўгарадзе, Мурманску ёсць вуліцы, названыя ў гонар вучонага, а ў Магілёве – праспект.
Тут нарадзіўся і Віталь Лагуценка – інжынер-будаўнік і архітэктар, аўтар праекта першых «хрушчовак». Творчыя здольнасці ён, відаць, перадаў у спадчыну сваім нашчадкам. Сярод яго ўнукаў – Ілля Лагуценка, лідэр гурта «Мумій Троль».
Горад на Дняпры стаў малой радзімай і для акцёра Генадзя Аўсяннікава, а таксама зорак беларускай і расійскай эстрады – Ірыны Дарафеевай, Іны Афанасьевай, Пятра Ялфімава, Алёны Ланской, Наталлі Падольскай, Барыса Маісеева і іншых.
– Магілёў – і мой родны горад, – адзначае намеснік начальніка мясцовага вагоннага дэпо Аляксандр Тарасевіч. – Для мяне ён камфортны і гасцінны. Утульны для людзей рознага ўзросту.
Аляксандр Мікалаевіч прыйшоў на чыгунку ў 2002 годзе. Пачынаў слесарам, і паступова яму даручалі больш адказную працу. Не меншую адказнасць нясе і за сям’ю: ён – бацька пецярых дзяцей.
– Мы часта разам гуляем у горадзе, – распавядае ён. – Наведваем тэатры, паркі.
Ім асабліва падабаецца парк «Падніколле». Ён мае цікавы ландшафт, там шмат дзіцячых пляцовак, фантанаў… Яго адкрылі некалькі гадоў таму, і ёсць планы па далейшаму развіццю. Прыгажэюць і іншыя мясціны старажытнага Магілёва.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика