Трымацца сваіх каранёў

Дзень добры, мілы Клецк, пяшчота і любоў,
Душы маёй найпершая сталіца.
Ты – край жывых легенд і прыстань журавоў,
Цудоўнага жыцця майго крыніца.
Сярод журбы, нягод і радасных падзей
Ты крочыш з даўніны сівой, глыбокай.
Люблю тваё імя, люблю тваіх людзей,
Тут шчасця і надзей маіх вытокі…

Гэтыя шчырыя радкі паэт-аматар Віктар Худавец прысвяціў Клецку – прыгожаму ўтульнаму гораду на паўднёвым захадзе Мінскай вобласці. Цэнтральная частка тэрыторыі гэтага раёна занята Клецкай раўнінай, паўночная – Капыльскай градой, паўднёвая размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Тут працякае рака Лань з прытокамі Нача і Цапра, ёсць вадасховішчы Чырвонаслабодскае і Лактышы. Чвэрць плошчы рэгіёна займаюць лясы – пераважна хваёвыя і бярозавыя. Знаўцаў расліннага свету зацікавяць батанічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння – парк Радзівілімонты і чарэшчатыя дубы (у Галынкаўскім і Навінкаўскім лясніцтвах), а таксама мясцовага значэння – дубовыя алеі сядзібы Чарноцкіх.

Сфорца, Радзівілы, Будны

Клецк – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Упершыню ён згадваецца ў летапісах 1127 года ў сувязі з паходам паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю, у якім удзельнічала і дружына Вячаслава Яраслававіча з «Клечьска». З гэтай даты і вядзецца адлік гісторыі горада, але ўзнік ён значна раней. Некаторыя археалагічныя знаходкі датаваны Х стагоддзем, а ўжо ў першай палове ХІ стагоддзя на левым беразе ракі Лань быў пабудаваны драўляны замак, вакол якога і вырас горад. Да сярэдзіны ХІІІ стагоддзя гэта быў ужо буйны гандлёва-рамесны, адміністрацыйны і культурны цэнтр. У складзе Вялікага княства Літоўскага Клецк доўгі час быў сталіцай удзельнага княства, межы якога значна пераўзыходзілі памеры цяперашняга раёна.
XVI стагоддзе пачалося з набегаў крымскіх татар. У пошуках здабычы іх рухомыя атрады даходзілі да Полацка, Гродна і Вільні, спусташаючы ўсё на сваім шляху. У 1503 годзе адзін з такіх атрадаў захапіў і абрабаваў Клецк. Праз тры гады шматтысячная арда зноў стала лагерам на беразе Лані. 5 жніўня 1506-га адбылася адна са знамянальных падзей шматвекавой гісторыі горада – Клецкая бітва, у якой нашы продкі разбілі крымскіх татар і вызвалілі гэтыя старажытныя беларускія землі.
Пасля пачаўся паўтаравекавы перыяд мірнага развіцця Клеччыны. З 1523-га да 1556 года горадам валодала каралева Бона Сфорца. Пры ёй Клецк забудоўваўся па новай планіроўцы, рысы якой захаваліся да нашых дзён. Менавіта ў Клецкім княстве Бона ўпершыню правяла аграрную рэформу, так званую «валочную памеру», вынікам якой стала ўпарадкаванне падаткаабкладання і землекарыстання. Як следства – ажывілася эканоміка. Праведзеная на Клеччыне рэформа аказалася настолькі ўдалай, што ўжо праз некалькі гадоў яе ажыццявілі ў маштабах усяго Вялікага княства Літоўскага.
Пасля Боны Клецк перайшоў да Радзівілаў, якія валодалі ім да 1939 года. Першы клецкі Радзівіл – Мікалай Чорны – зрабіў горад адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Вялікім княстве. У якасці прапаведніка сюды быў запрошаны вядомы філосаф і гуманіст Сымон Будны. Менавіта ў Клецку ён напісаў свой «Катэхізіс» – кнігу пра асновы хрысціянскага веравучэння, выкладзенага ў пытаннях і адказах.
На асноўныя еўрапейскія карты Клецк быў нанесены ў XVI стагоддзі: у ліку 30 беларускіх гарадоў і мястэчак ён пазначаны на старонках першага ў свеце геаграфічнага атласа, выдадзенага ў Антвэрпене ў 1570-м. 27 жніўня 1652-га горад атрымаў уласны герб – паляўнічы ражок пад княжацкай каронай, які падкрэсліваў яго прыналежнасць Радзівілам. Карона сімвалізавала яго статус як цэнтра ардынацыі (непадзельнага валодання), ражок быў элементам радзівілаўскага радавога герба.
У жніўні 1655-га Клецк захапілі войскі маскоўскага цара. Большасць гараджан была забіта або запалонена, замкі разбураны, дамы і цэрквы спалены. Не паспеў горад акрыяць ад аднаго спусташэння, як увесну 1706-га зноў быў знішчаны падчас бітвы паміж шведскімі і рускімі войскамі. Пасля гэтай падзеі пачаўся паступовы заняпад Клецка. Як невялікі горад, які згубіў былую веліч, у 1793-м ён увайшоў у склад Расійскай імперыі.
У ХІХ стагоддзі гэта быў валасны цэнтр Слуцкага павета Мінскай губерніі, які славіўся кірмашамі, куды з’язджаліся купцы і пакупнікі з усёй акругі. У Клецку і ваколіцах дзейнічала некалькі невялікіх прадпрыемстваў: цагляны завод і бровар, фабрыка касцяных грабянёў, паравыя і вадзяныя млыны, спіртзавод. У пачатку 80-х гадоў ХІХ стагоддзя тут быў заснаваны банк, а праз стагоддзе адкрылася друкарня.
У гады рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны горад не раз пераходзіў з рук у рукі, перажыў нямецкую, дзве польскія акупацыі, тры стаўленні савецкай улады.
З 1921-га да 1939 года Клеччына ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы. Неўзабаве пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939-м быў утвораны Клецкі раён. Не паспела наладзіцца новае жыццё, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ужо на пяты яе дзень горад быў заняты немцамі. Акупацыя працягвалася тры гады, да ліпеня 1944-га. За гэты час ад рук гітлераўцаў, па афіцыйных звестках, загінула і было сагнана ў Нямеччыну 8505 чалавек. Амаль тры чвэрці забітых складалі яўрэі, знішчаныя ў Клецку, Сіняўцы і Заастравеччы.
У студзені 1963-га Клецкі раён быў скасаваны і далучаны да Нясвіжскага, а ў жніўні 1966-га зноў адноўлены.

… і сухі фантан

На тэрыторыі раёна захаваліся помнікі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва: Свята-Успенская царква ў вёсцы Бабічы, Свята-Петра-Паўлаўская царква, брама-званіца, галубятня і капліца ў Галынцы, касцёл Узнясення Крыжа Пана ў Нагорным, будынак паштовай станцыі ў Сіняўцы, сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Туча. А вось ветраны млын канца ХІХ стагоддзя, што раней быў у Даматканавічах, цяпер можна пабачыць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, дзе ён прадстаўлены ў экспазіцыі «Цэнтральная Беларусь». Гасцей Клеччыны можа зацікавіць драўляны будынак Свята-Пакроўскай царквы, узведзены на сродкі прыхаджан у вёсцы Ёдчыцы (з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння). Яшчэ адзін помнік мясцовага драўлянага дойлідства – Свята-Дыянісаўская царква ў вёсцы Заастравечча – занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Як і палацава-паркавы комплекс у вёсцы Радзівілімонты (сёння Чырвоная Зорка). Яго ў 1778 – 1783 гадах пабудаваў італьянскі архітэктар Карла Спампані ў стылі класіцызму. На жаль цяпер гэта руіны.
Вартыя ўвагі Благавешчанскі касцёл (цяпер праваслаўная царква) і кляштар дамініканцаў у Клецку (абодва – помнікі рэспубіканскага значэння). І не толькі яны. Увесь горад – нібыта адзіная мастацкая кампазіцыя, малюнак выбітнага творцы, які захацеў перадаць прыгажосць дарагога сэрцу куточка. Нездарма па выніках рэспубліканскага агляда-конкурса санітарнага стану і добраўпарадкавання за 2019 год Клецк стаў першым у Мінскай вобласці і чацвёртым сярод райцэнтраў краіны.

Дзяжурныя па станцыi Пётр Шыш і Хрысціна Уласень

– Усім, хто раней у нас не бываў, мы раім прагуляцца ўздоўж возера Меляўня, што ў цэнтры горада, – расказвае дзяжурны па станцыі Клецк Пётр Шыш. – Турыстаў зацікавіць алея з 12-ці трохмятровых статуй, якія з’явіліся вакол возера пасля абласнога свята-конкурса майстроў драўлянай манументальнай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва». Некалькі гадоў таму ля вадаёма быў устаноўлены памятны знак, які сімвалізуе сувязь пакаленняў. Тэрыторыя добраўпарадкавана: радуе вока новы пірс, кветнікі, малыя архітэктурныя формы, скамейкі. Яшчэ адной адметнасцю Меляўні з’яўляецца фантан – ён плавае.
– Між іншым, гэта не адзіны арыгінальны фантан у нас. У гарадскім парку таксама ёсць: ён сухі і свеціцца, – далучаецца да размовы калега Пятра Тадэвушавіча Хрысціна Уласень. – Струмені бьюць проста з зямлі, выкладзенай дэкаратыўнай пліткай, а на глыбіні трох метраў пад ёй размешчаны помпы (гэта зроблена для таго, каб зімой вада не замярзала). Апроч фантана наш парк цікавы сваім адрэстаўраваным амфітэатрам, дзіцячай, танцавальнай і спартыўнай пляцоўкамі. Паблізу ад горада яшчэ ёсць возера – там таксама любяць бавіць час мясцовыя жыхары.
Мае суразмоўцы – землякі, абодва з Клеччыны: Пётр Шыш – з вёскі Бабаевічы, яго калега – з Якшыц. Пётр Тадэвушавіч у свой час скончыў вялікалуцкі профільны тэхнікум, адслужыў на Балтыйскім флоце, працаваў у лакаматыўным дэпо Баранавічы памочнікам машыніста цеплавоза. Але душа рвалася дадому. Таму ў 1989-м ён вярнуўся ў матчыну хату і ўладкаваўся на станцыю Клецк, дзе спачатку працаваў складальнікам цягнікоў. З 1997-га ён – дзяжурны па станцыі.
Хрысціна Уласень сюды прыйшла маладым спецыялістам у 2016-м пасля заканчэння брэсцкага галіновага каледжа. Спачатку была прыёмаздатчыкам грузу і багажу, а цяпер яна – дзяжурны па станцыі. «Абраць чыгунку мне параіў стрыечны дзядуля, які калісьці працаваў брыгадзірам пуці, – прызнаецца дзяўчына. – І я не пашкадавала. Цяпер сама раю тое ж свайму малодшаму брату. Калектыў у нас цудоўны, у асноўным усе мясцовыя – працавітыя, шчырыя, добразычлівыя. Я цяпер жыву ў Клецку, а на выхадных бываю ў бацькоў – трэба ж дапамагчы па гаспадарцы. У вольны час люблю непрацяглыя велападарожжы па раёне, якія даюць мачымасць бліжэй пазнаёміцца з помнікамі прыроды і архітэктуры. Кожны чалавек павінен ведаць і трымацца сваіх каранёў, гэта моцная духоўная апора, якая падсілкоўвае, напаўняе цябе энергіяй».
Пётр Тадэвушавіч знайшоў на малой радзіме і свой лёс: ажаніўся з дзяўчынай з роднай вёскі. «У горад мы і не імкнемся, – прызнаўся чыгуначнік. – Тут наша зямля, хата, гаспадарка, сям’я, сябры – усё сваё. Як жа без гэтага?..»

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика