Шчодрая крыніца натхнення
Капыльскі край – нібыта шчодрая крыніца. Ён – калыска Нёмана і малая радзіма мноства знакамітых пісьменнікаў і навукоўцаў. Гэту зямлю праславілі на ўвесь свет і «Калядныя Цары» – традыцыйны абрад, уключаны ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА.
Капыльшчына ўваходзіць у склад Мінскай вобласці і мяжуе з Уздзенскім, Слуцкім, Салігорскім, Клецкім, Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнамі. Гэты край мае багатую гістарычную спадчыну. Паводле даследаванняў спецыялістаў, упершыню Капыль узгадваецца ў 1006 годзе (па іншых звестках – у 1274-м). Паляўнічы рог на гербе адлюстроўвае багацце прыроды гэтага краю. А назва райцэнтра сведчыць аб гандлёвых, рамесніцкіх і рэлігійных дахрысціянскіх традыцыях і нават характары і менталітэце яго жыхароў.
Некаторыя даследчыкі звязваюць тапонім з прыладай для апрацоўкі зямлі – накшталт матыкі альбо кіркі. Іншыя ўзгадваюць верхнюю частку шавецкай калодкі альбо малаток. Хтосьці бачыць няўлоўную сувязь з капальняй – элементам дахрысціянскага капішча. Існуе версія, паводле якой мянушкай Капыл маглі называць упартага, незгаворлівага чалавека. І ў яе ёсць лагічнае абгрунтаванне: без цвёрдасці і рашучасці, напэўна, было б вельмі цяжка адстойваць свае пазіцыі ў спрадвечнай канкурэнцыі з суседнімі Слуцкам і Нясвіжам.
У гісторыі гэтай зямлі, як і ўсёй Беларусі, было мноства драматычных момантаў, перыядаў росквіту і цяжкіх выпрабаванняў. У першай чвэрці ХIV стагоддзя горад стаў часткай Вялікага княства Літоўскага. З 1395-га перайшоў да аднаго з сыноў князя Альгерда – Уладзіміра. Менавіта яго сын Аляксандр, за якім замацавалася імя Алелька, паклаў пачатак дынастыі князёў Алелькавічаў. На два стагоддзі яны абралі сваёй рэзідэнцыяй менавіта Капыль. З 1612-га, пасля смерці Соф’і – апошняй з Алелькавічаў, мястэчка перайшло да не менш знакамітага роду Радзівілаў.
У 1652-м Капыль атрымаў ад караля Яна Казіміра Магдэбургскае права, герб, пячатку і дазвол на будаўніцтва ратушы, а таксама на правядзенне кірмашоў. Мястэчка было важным гандлёвым цэнтрам, там дзейнічалі швейны, ганчарны і ткацкі цэхі, актыўна развіваліся іншыя віды рамесніцтва.
Не менш багатая гісторыя і ў аграгарадка Цімкавічы, побач з якім дзейнічае аднайменная чыгуначная станцыя – адзіная ў Капыльскім раёне. Упершыню гэта мястэчка ўзгадваецца ў грамаце вялікага князя літоўскага Аляксандра ў 1499 годзе. У ёй паведамлялася пра далучэнне паселішча да Капыльскага валодання Алелькавічаў. У той час у цэнтры Цімкавічаў знаходзілася плошча з гандлёвымі радамі. Там дзейнічала грэка-каталіцкая царква Святога Іллі, непадалёк была сінагога, заезны дом, карчма. На працягу стагоддзяў мястэчка неаднаразова станавілася ахвярай войн, а жыхары заўсёды аднаўлялі яго. На жаль, некаторыя святыні зніклі назаўсёды. Сярод аб’ектаў страчанай спадчыны – касцёл святога Міхаіла Арханёла, сядзібна-паркавы комплекс, царква святога Мікалая.
З Цімкавічамі звязаны лёс беларускага празаіка, драматурга і публіцыста Кузьмы Чорнага (Мікалая Карлавіча Раманоўскага). Ён нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Боркі Капыльскага раёна, але пэўны час з бацькамі пражыў у Цімкавічах, скончыўшы там народнае вучылішча.
Першыя дзве яго кнігі («Апавяданні» і «Срэбра жыцця») былі выдадзены ў 1925-м. У 1926 – 1931 гадах ён быў старшынёй літаб’яднання «Узвышша». Кузьма Чорны пакінуў след у літаратуры не толькі як аўтар, але і перакладчык. На жаль, яго не абмінула хваля сталінскіх рэпрэсій. Знясілены ад цяжкіх выпрабаванняў, ён памер у
1944-м. Але ў Цімкавічах і дасёння беражліва захоўваюць памяць аб ім. Ёсць некалькі мемарыяльных дошак.
– У нашым аграгарадку дзейнічае літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Яго стварылі на аснове школьнага, – распавядае камерцыйны агент чыгуначнай станцыі Цімкавічы Наталля Берднік. – У яго фондах захоўваюцца асабістыя рэчы пісьменніка (паліто, самавар), а таксама абрус, вытканы яго маці. Акрамя таго, ёсць рукапісы, пераклады, дакументы і фотаздымкі з сямейнага архіва, афішы спектакляў, газеты, прыжыццёвыя выданні і ўнікальны запіс голасу пісьменніка.
Наталля Георгіеўна працуе на чыгунцы з 2012 года. І ўвесь час – на станцыі Цімкавічы, якая знаходзіцца побач з аднайменным аграгарадком – яе малой радзімай. На гэтай зямлі яна правяла бесклапотнае дзяцінства, з цеплынёй узгадвае, як з сяброўкамі і роднымі хадзіла ў лес, купалася ў рэчцы. Любіць выязджаць на прыроду і цяпер – каб надыхацца свежым паветрам і хаця б зрэдку пасядзець з вудай ля вады.
– Наша прырода сапраўды натхняе, – лічыць яе калега Надзея Рудэнка. – Інакш як растлумачыць тое, што сярод нашых землякоў так шмат творчых дзеячаў? Акрамя Кузьмы Чорнага на Капыльскай зямлі нарадзіліся, напрыклад, Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), Адам Русак, Алесь Адамовіч.
Першы быў не толькі пісьменнікам і грамадскім дзеячам. Ён узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў рэспублікі, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з’яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта. На жаль, яго жыццё скончылася трагічна: як і многія іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, ён стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.
На тэксты вершаў Адама Русака напісана амаль 300 песен. Найбольш знакамітая з іх – «Бывайце здаровы». Ён вядомы таксама як выдатны музыкант. Будучы ўжо прызнаным паэтам, стварыў у роднай вёсцы Пясочнае духавы аркестр.
Алесь Адамовіч – пісьменнік-гуманіст, крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст, грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза журналістаў і Саюза кінематаграфістаў.
У 1980 – 90-я займаў пасаду дырэктара Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыні Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». На долю гэтага чалавека выпалі цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Яго творы былі на мяжы дакументалістыкі і мастацкай літаратуры. У цэнтры ўвагі – лёсы простых людзей, у тым ліку партызан, франтавікоў і мірных жыхароў, ахвяр Хатыні і іншых спаленых вёсак. Да спадчыны аўтара неаднаразова звярталіся многія знакамітыя рэжысёры: Віктар Тураў, Элем Клімаў, Аляксандр Сакураў.
Надзея Рудэнка працавала на станцыі Цімкавічы білетным касірам. Пасля атрымання дадатковай адукацыі з’явілася магчымасць змяніць профіль – яна стала дзяжурным па станцыі. Сваю зямлю любіць за прыгажосць прыроды і багатую культурную спадчыну. Яна і сама зрабіла ўнёсак у гэта: у дзяцінстве ўдзельнічала ў пастаноўках Цімкавічскага народнага тэатра. Яго трупа вырасла з гурта, які аб’яднаў таленавітых людзей, у тым ліку і Кузьму Чорнага.
Па словах чыгуначніцы, у Капыльскім раёне вельмі адметная і вёска Семежава. Яна стала знакамітай на ўвесь свет дзякуючы мясцоваму традыцыйнаму каляднаму абраду «Калядныя Цары». Ён уключаны ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА.
Праводзяць яго ў Шчодры вечар – з 13 на 14 студзеня. Галоўныя героі – маладыя мужчыны і юнакі, так званыя «цары», апранутыя ў святочныя касцюмы – белыя штаны і кашулі. На грудзях – завязаны чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам. На галаве – высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Цароў на свяце суправаджаюць камічныя персанажы – Дзед (выконвае дзяўчына ў абарванай мужчынскай вопратцы) і Баба (выконвае хлопец). Гэта працэсія ходзіць па хатах вяскоўцаў і разыгрывае драму «Цар Максіміліян». Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома, якія шчадруюць удзельнікаў абраду.
Ёсць меркаванне, што абрад «Калядныя Цары» з’явіўся ў XVIII стагоддзі. Тады ля вёскі стаялі часці расійскай арміі, і на Каляды салдаты хадзілі па мясцовых хатах і шчадравалі. Іншыя ж гісторыкі лічаць, што традыцыя яшчэ больш старажытная. У савецкі час гэты абрад быў амаль забыты. Але ў 1990-я яго адрадзілі і рэгулярна праводзяць.
Вёска Семежава падарыла Беларусі і ўсяму свету Міхаіла Высоцкага – таленавітага канструктара аўтамабільнай тэхнікі. Ён працаваў на Мінскім аўтазаводзе каля 50 гадоў, з якіх прыкладна 35 – галоўным канструктарам. Менавіта дзякуючы намаганням гэтага чалавека традыцыйнай стала такая кампаноўка вялікіх грузавікоў, калі кабіна размяшчалася над рухавіком. На яго рахунку – і стварэнне канцэптуальнага модульнага магістральнага аўтапоезда МАЗ-2000 «Перестройка», які, на думку многіх спецыялістаў, апярэдзіў свой час. Гэту машыну ў 1988 годзе адзначылі залатым медалём на Парыжскім салоне аўтамабілебудавання.
Руслан АНАНЬЕЎ