Высокая ўзнагарода
Пра людзей, такіх як Мікалай Красуцкі, у народзе звычайна кажуць: «соль зямлі». І гэта не перабольшванне. Менавіта на іх – працавітых, руплівых, апантанных сваёй справай – і трымаецца наша краіна.
Мікалая Рыгоравіча ведаюць як дбайнага кіраўніка – амаль два дзесяцігоддзі ён з’яўляецца дырэктарам саўгаса «Рачкавічы» Беларускай чыгункі, што на Случчыне.
А калі падлічыць, колькі гадоў ён увогуле прысвяціў роднай гаспадарцы, то атрымаецца амаль паўстагоддзя!
Ён сам з гэтых мясцін, з вёсачкі Васілінкі, што непадалёк ад райцэнтра. Пасля заканчэння Бабруйскага сельскагаспадарчага тэхнікума і службы ў арміі прыйшоў у «Рачкавічы» бухгалтарам па будаўніцтве.
З 1974-га працаваў эканамістам-нарміроўшчыкам. Праз два гады прызначаны галоўным эканамістам – як раз пасля атрымання дыплома Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. У 1989-м ён становіцца намеснікам дырэктара саўгаса, а ў лістападзе 2001-га – дырэктарам. З таго часу тут многае змянілася.
– Раней у нас была тысяча кароў, кожная давала па 9 літраў малака за суткі, цяпер – больш за 1,5 тыс. галоў, і ад кожнай атрымліваем па 27 літраў! Агульны аб’ём – каля 43 тон за суткі, – дзеліцца Мікалай Рыгоравіч. – Пры гэтым прыкладна 97% – класа экстра.
Канешне, дасягнуць такіх вынікаў удалося не адразу. Прыйшлося як след паднапружыцца. Мы перабудавалі ўсе нашы малочна-таварныя фермы (іх пакуль тры). Задзейнічалі як уласныя, так і крэдытныя сродкі. Пэўную падтрымку аказала і Беларуская чыгунка. Цяпер будуем чацвёртую МТФ – таксама з сучасным даільна-малочным блокам. Пасля яе ўвядзення плануем нарасціць аб’ёмы да 60 тон за суткі.
Не менш эфектыўна «Рачкавічы» працуюць і ў галіне раслінаводства. Да 20 жніўня паспелі скончыць уборку збожжавых і зернебабовых культур. Намалацілі 14 тыс. тон. Ураджайнасць – на зайздрасць: 54,8 ц/га (лепшы паказчык сярод гаспадарак Беларускай чыгункі). Дзяржаве прададзена 3,5 тыс. тон (600 тон – звыш плана).
– У чым сакрэт? – пытаюся.
– А няма сакрэту, – паціскаяе плячыма дырэктар. – Трэба дакладна вытрымліваць тэхналогію (своечасова пасеяць, апрацаваць, сабраць). Не шкадаваць грошай на найноўшае абсталяванне і тэхніку. Усё гэта дапамагае павысіць вытворчасць працы, скараціць выдаткi.
Саўгас – узорная арганізацыя ў раёне і вобласці, якая рэгулярна выходзіць у лідары па надоях і намалотах. Яго экіпажы не аднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласных і раённых «Дажынак».
Сёлета саўгас «Рачкавічы» занесены на Дошку гонару Случчыны. А яго дырэктар Мікалай Красуцкі адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай – медалём «За працоўныя заслугі». Але куды больш, чым медалямі і знакамі, кіраўнік ганарыцца сваімі работнікамі, агульнымі дасягненнямі калектыву.
– Праца на вёсцы нялёгкая, – падкрэслівае дырэктар. – Падчас уборкі збожжа камбайнёры, вадзіцелі выязджалі на поле ў 7 гадзін раніцы і вярталіся дадому пасля 21.00, і ў такім рэжыме – больш за 30 дзён без выхадных і святаў. Бо збожжа чакаць не будзе. За такую працу хлебаробам трэба ў ногі кланяцца. Не кожны такое вытрывае. У аператараў малочнага даення таксама вялікі аб’ём работы, працуюць пазменна, і скажу, выдатна працуюць.
У «Рачкавічах» увогуле гультаёў няма. Мясцовыя цэняць сваё працоўнае месца, трымаюцца за яго, бо заробкі тут добрыя, а выплаты стабільныя. Перадавікоў вытворчасці адзначаюць прэміямі, каштоўнымі падарункамі (у тым ліку і ад раённых улад, галіновага прафсаюза). Як таленавіты кіраўнік, Мікалай Рыгоравіч умее хутка вызначыць, на што здатны новы работнік, якія ў яго моцныя і слабыя бакі, і ў якім сектары ён зможа прынесці найбольшую карысць гаспадарцы. Таму тут кожны – на сваім месцы. Адсюль і вынікі.
У наступным годзе саўгасу споўніцца 100 гадоў. А Мікалаю Рыгоравічу – 70. Але гэта не нагода для адпачынку. Проста чарговая вяха на шляху да новых дасягненняў для прадпрыемства і яго дырэктара.
Інга МІНДАЛЁВА