У самым сэрцы краіны
Сталіца Беларусі і Мінскі раён на працягу мінулых стагоддзяў перажылі шмат змен і выпрабаванняў. І сёння гэта зямля, якая знаходзіцца ў самым сэрцы краіны, актыўна развіваецца і служыць добрым прыкладам для іншых рэгіёнаў нашай дзяржавы.
Мінск – гонар і цэнтр прыцягнення людзей, сучасных тэхналогій і творчых ідэй. У сталіцы жыве кожны пяты жыхар краіны. Прадпрыемствы МАЗ, МТЗ, «Гарызонт», «Атлант», «Камунарка» ды іншыя – славутыя брэнды, добра вядомыя не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў далёкім замежжы. Рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій выводзяць эканамічнае развіццё ўсёй краіны на прынцыпова новы ўзровень. Мінск – месца важных культурных і спартыўных падзей, у тым ліку еўрапейскага і сусветнага маштабу.
Сталіца – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Упершыню ён згадваецца ў «Аповесці мінулых часоў». Датай заснавання лічыцца 1067 год. Доўгі час горад называўся Менскам. Большасць гісторыкаў лічаць, што гэты тапонім пайшоў ад гідроніма – назвы невялічкай рэчкі Менкі, на беразе якой першапачаткова з’явіўся горад. Ёсць і некалькі іншых версій: эканамічная (тут гандлявалі, адбываўся абмен), прыродная (ад назвы рыбы) і эпічная (ёсць паданне пра волата Мянеска, які тут жыў і малоў муку з каменняў). Пэўны час называлі Міньскам-Літоўскім (каб адрозніць ад польскага Міньска-Мазавецкага, размешчанага недалёка ад Варшавы). Сучасную назву сталіца атрымала ў 1939 годзе, калі Менск перайменавалі ў Мінск. На пачатку 1990-х абмяркоўвалася ідэя вяртання папярэдняй назвы, але дэпутаты такую ідэю не падтрымалі.
У гісторыі горада, які на працягу стагоддзяў развіваўся як важны гандлёвы і эканамічны цэнтр, а таксама транспартны вузел, было нямала драматычных момантаў. Шматлікія войны не аднойчы спусташалі яго. Вельмі пацярпеў Мінск і падчас Вялікай Айчыннай: з-за авіяналётаў, артылерыйскіх абстрэлаў і вулічных баёў амаль усе пабудовы былі знiшчаны. Пасля Перамогі горад адбудоўвалі нанова. У 1974 годзе беларускай сталіцы ў памяць аб самаадданай барацьбе прысвоілі званне «Горад-герой».
Нягледзячы на такія цяжкія выпрабаванні, Мінск працягваў расці. Цяпер, калі колькасць яго жыхароў перавышае два мільёны чалавек, цяжка ўявіць, што напрыканцы XIX стагоддзя было трошкі больш за 90 тысяч. Сучасны Мінск падзелены на 9 раёнаў, кожны з якіх па колькасці жыхароў пераўзыходзіць буйныя раённыя цэнтры Беларусі.
Для Валерыя Савіча, начальніка Дзіцячай чыгункі імя К. С. Заслонава, самы важны куточак Мінска – Старажоўка, раён, які знаходзіцца каля Камсамольскага возера і Траецкага прадмесця. Менавіта там прайшло яго дзяцінства.
– Мы жылі ў трохпавярховым доме. Усе суседзі добра ведалі адзін аднаго. Я і сёння памятаю душэўнае цяпло, якое адчуваў у родным двары, – узгадвае ён. – Цяпер гэта тэрыторыя з’яўляецца цэнтрам горада, а раней Старажоўка была перыферыяй з птушкафабрыкай ды мясцовым кірмашом.
Па словах Валерыя Віктаравіча, на гэты кірмаш ён з сябрамі бегаў, каб купіць семачак, а таксама паглядзець на жывёл, якімі там гандлявалі. Тады не было мабільных тэлефонаў і камп’ютэраў, і дзеці шмат часу праводзілі на вуліцы. Такой разнастайнасці цацак, да якой прызвычаіліся сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, таксама не было. Для многіх было шчасцем мець самаробную драўляную машынку ці такую ж «зброю».
Начальнік Дзіцячай чыгункі адзначае, што ў сённяшняй сталіцы ёсць нямала мясцін, якія яго і зараз уражваюць і саграваюць. У першую чаргу гэта Траецкае прадмесце, якое за апошнія дзесяцігоддзі стала яшчэ больш прыгожым і прыцягальным. Падабаюцца і паркі. Сярод іх – імя Янкі Купалы (побач з оперным тэатрам), імя Максіма Горкага (за некалькі крокаў ад яго знаходзіцца вучэбны цэнтр малой Беларускай) і, канешне ж, парк Чалюскінцаў (побач – станцыя «Заслонава», адкуль адпраўляюцца цягнікі Дзіцячай чыгункі).
Дзяцінства білетнага касіра вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі Вольгі Хмяльніцкай прайшло, напэўна, у адным з самых «рэкрэацыйных» раёнаў сталіцы – Зялёным Лузе. Недалёка ад дома, у якім жыла яе сям’я, былі лес і Цнянскае вадасховішча. Таму дзяўчынка шмат часу праводзіла на свежым паветры, заўсёды знаходзіла для сябе цікавы занятак.
На чыгунку яна прыйшла ў 2008 годзе. Пачынала на галоўным вакзале краіны, дзе працуе і зараз. За гэты час атрымала багаты досвед, павысіла кваліфікацыю да білетнага касіра 6-га разраду. А гэта значыць, што ёй даручаюць самую адказную працу.
– Зялёны Луг – мой родны куточак вялікага горада. У гэтай частцы Мінска я і цяпер адчуваю сябе ўтульна, – прызнаецца Вольга Сяргееўна.
Яна з задавальненнем гуляе з маленькім сынам па гэтым мікрараёне. Яшчэ падабаецца бываць на Нямізе ля Траецкага прадмесця. Любяць і паездкі ў сталічныя заапарк і дэльфінарый. З асаблівым захапленнем хлопчык адпраўляецца ў вандроўку па Дзіцячай чыгунцы імя К. С. Заслонава. Цікавасць да магістралі яму нібыта перадалася ў спадчыну.
У сталіцы ёсць таксама шмат іншых аб’ектаў, якія вабяць гасцей Мінска. Уражвае сваімі памерамі і арыгінальным дызайнам чыгуначны вакзал, побач знаходзяцца вядомыя многім беларусам «Вароты Мінска». Недалёка ад іх і плошча Незалежнасці з Чырвоным касцёлам і Домам ураду. Калі рухацца па праспекце Незалежнасці, можна ўбачыць легендарны мемарыял на плошчы Перамогі, а далей – будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Абавязкова варта паглядзець і на шматлікія спартыўныя аб’екты, пагуляць у парках, наведаць музеі (у горадзе іх каля 20) і тэатры (прыкладна столькі ж).
Сталіца пастаянна развіваецца, пашырае свае межы. Толькі за 2006 – 2020 гады яе плошча павялічылася з 307 да 349 кв. км. І ў адпаведнасці з генеральным планам да 2030 года гэта лічба можа вырасці да 381 кв. км. Сёння ў горадзе больш за 600 вуліц і праспектаў. Па колькасці жыхароў сталіца Беларусі (без уліку прыгарада) займае дзясятае месца ў Еўропе і пятае – на прасторы былога СССР.
Нягледзячы на паступовае пашырэнне межаў галоўнага горада краіны, Мінскі раён (сталіца не ўваходзіць у яго склад) не хаваецца ў цені вялікага горада, не губляе сваё цікавае аблічча і багатую культурна-гістарычную спадчыну. З цягам часу яго абрысы неаднаразова мяняліся, у 30-х гадах мінулага стагоддзя на кароткі перыяд нават перайменавалі ў Прыгарадны.
На тэрыторыi Прысталічча, як часта называюць раён, знаходзяцца горад Заслаўе, Мачулішчанскі пасялковы савет і 18 сельсаветаў. Многія пункты маюць цікавую гісторыю і свае традыцыі.
Напрыклад, Заслаўе, што ў 27 км ад сталіцы. Яго мінулае пераплятаецца з гісторыяй такіх славутых гарадоў, як Кіеў і Полацк. Паводле падання, кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч назваў паселішча ў гонар сына Ізяслава. Яшчэ падлеткам з мячом у руках ён заступіўся за сваю маці – полацкую князёўну Рагнеду (дачку Рагвалода). Паводле меркаванняў гісторыкаў, Заслаўе заснавана ў 985 годзе. На яго долю выпала шмат выпрабаванняў. На жаль, некаторыя архітэктурныя аб’екты былі страчаны. Але тое, што засталося, сведчыць пра яго багатую спадчыну. Каб пазнаёміцца з імі, можна наведаць гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе». Вельмі сімвалічна, што чыгуначная станцыя, размешчаная ў горадзе, называецца Беларусь. Яна знаходзіцца на ўчастку Мінск – Маладзечна.
Ёсць адметнасці і ў іншых населеных пунктах Мінскага раёна. Напрыклад, у Калодзішчах размяшчаецца тэлемачта. З яе дапамогай забяспечваецца вяшчанне тэлевізійных і радыёпраграм на тэрыторыю Мінска і Прысталічча. Вышыня аб’екта – 350 метраў. Па гэтым параметры ён перавышае Эйфелеву вежу, і на стэндзе якой пра нашу мачту ёсць інфармацыя.
Аграгарадок Прылукі ўпершыню згадваецца ў гістарычных хроніках у 1567 годзе як невялікая вёска. У гэтых мясцінах жылі прадстаўнікі многіх слынных родаў. Пра гэта нагадвае палацава-паркавы комплекс Чапскіх – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XVIII – XIX стагоддзяў. Ён быў закладзены на месцы былога кляштара. Гэты комплекс пакінуў значны след у беларускім кінематографе: менавіта тут праходзілі здымкі мастацкай кінастужкі «Лясная быль», якая лічыцца першай у БССР. Фільм па сцэнарыю Міхася Чарота зняў рэжысёр Юрый Тарыч. Цікава, што ў карціне самі сябе гралі тагачасныя партыйныя дзеячы, у тым ліку Аляксандр Чарвякоў і Вільгельм Кнорын, у гонар якіх назвалі вуліцы ў Мінску.
…Гэтай публікацыяй мы завяршаем цыкл матэрыялаў, прысвечаных раёнам Беларусі. Кожны з іх мае свае адметнасці – уласную гісторыю, традыцыі, ганарыцца сваімі ўраджэнцамі. Аб гэтым шла гаворка ў нашых артыкулах. Спадзяемся, што яны спрыялі таму, каб кожны з чытачоў яшчэ раз з павагай узгадаў сваю малую радзіму. Тое месца, якое ў сэрцы назаўжды.
Руслан АНАНЬЕЎ