Декабрь
Сб
05
2020

Свая гісторыя

Усяго некалькі фотаздымкаў, а ўражанне, што прамільгнула цэлае жыццё. Дзіцячыя эмоцыі, юнацкія захапленні, вайсковая служба і працоўныя дасягненні… Дзякуючы ініцыятыве кіраўніцтва лакаматыўнага дэпо Мінск чыгуначнікі розных пакаленняў могуць падарожнічаць у мінулае.

Гэты стэнд на першым паверсе адміністрацыйнага будынка міжволі прыцягвае ўвагу. Спачатку – інфармацыя пра таго ці іншага працаўніка, потым – шэраг фотаздымкаў. Вось, напрыклад, Аляксандр Вавулаў. Ён нарадзіўся ў Талочынскім раёне. Працуе на прадпрыемстве з 1980 года. Займаў розныя пасады, цяпер брыгадзір у паліўна-аўтаматным цэху. Многім чыгуначнікам знаёма імя машыніста-інструктара Леаніда Дэмскага. Яго малая радзіма – вёска Міхеевічы, што ў Крычаўскім раёне. Яго шлях на чыгунку пачаўся яшчэ ў 1975 годзе, калі хлопчык стаў займацца на Дзіцячай магістралі…
А вось у работніка па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў Анатоля Швадовіча (на фота) свая гісторыя.
– Я нарадзіўся ў вёсцы Чыкі Дзяржынскага раёна, – з захапленнем расказвае чыгуначнік. – На першым фота – зусім немаўля. А гэта я ўжо ў сёмым класе, у ганаровай варце ля помніка тым, хто загінуў у гады вайны. Наступны кадр – з сынам. У дэпо я ўладкаваўся ў 1982 годзе. Працаваў мастаком-афарміцелем. Колькі ж за гэты час было зроблена! Разам з калегамі афармляў скарбніцы гісторыі – музеі депо, аддзялення, музей на станцыі Негарэлае і не толькі… А яшчэ рабіў плакаты для дэманстрацый, іншых урачыстых мерапрыемстваў. Як раней казалі, займаўся нагляднай агітацыяй.
У кожнага працаўніка свая біяграфія, а разам яны складаюць гісторыю прадпрыемства.
Дарэчы, першапачаткова ў дэпо з поспехам прайшла іншая выстава, прысвечаная Году малой радзімы. З такой прапановай выступіў савет ветэранаў прадпрыемства. Як распавяла яго старшыня Яўгенія Лапіцкая, фотаздымкі з уласных архіваў прадставілі былыя працаўнікі, якія знаходзяцца зараз на заслужаным адпачынку. Выстава выклікала выключна пазітыўныя эмоцыі, таму добрую традыцыю вырашылі працягваць. Далучайцеся!

Дзмітрый УЛАДЗІМІРАЎ

Яндекс.Метрика