Январь
Пт
22
2021

Карпаратыўны і інтэрактыўны

Сталёвая магістраль у творах жывапісу пад акампанемент музыкі двух стагоддзяў паўстала ў карпаратыўным насценным каляндары Беларускай чыгункі на 2021 год. Складальнікі прыгатавалі сюрпрыз: зрабілі яго інтэрактыўным.

На кожнай старонцы каляндара – рэпрадукцыі знакамітых карцін з выявамі чыгункі. Падарожжа праз 12 месяцаў новага года пачынаецца з карціны расійскага мастака Уладзіміра Казанцава (на фота). У гэтым творы 1891 года ён намаляваў цягнік на паўстанку ў сонечны марозны дзень.
На лютаўскай старонцы эстафета пераходзіць да беларускага творцы Мая Данцыга. У 1967-м ён адлюстраваў на палатне дарагі яго сэрцу горад – Мінск. Дынаміку развіцця сталіцы мастак вырашыў перадаць праз станцыю Мінск-Пасажырскі і пуцеправод, які вядзе да галоўнай плошчы сталіцы з Чырвоным касцёлам. Акрамя таго, у каляндары выкарысталі рэпрадукцыі карцін яшчэ двух беларускіх мастакоў – Паўла Гаўрыленкі і Васіля Сумарава.
Складальнікі каляндара, канешне ж, не змаглі абыйсці ўвагай творы прадстаўнікоў імпрэсіянізму і пастімпрэсіянізму: Клода Манэ, Вінсэнта Ван Гога, Каміля Пісаро, натхнёных энергіяй руху паравозаў і гульнёй промняў сонца на клубах пары. Вабіла чыгунка і расійскіх мастакоў Ісаака Левітана, Барыса Кустодзіева, а таксама творцаў з іншых краін.
Паўплывала яна і на развіццё сусветнага музычнага мастацтва. Кампазітары праз гармонію гукаў спрабавалі перадаць рытмічны перастук колаў і яркія ўражанні ад змены пейзажаў.
Гэту магію гукаў вырашылі скарыстаць і складальнікі карпаратыўнага каляндара Беларускай чыгункі. На кожнай яго старонцы размясцілі QR-код. Прачытаць яго можна з дапамогай сканера на мабільным тэлефоне, а потым па спасылцы перайсці на сакрэтную старонку з падрабязным апісаннем карцін і творчай біяграфіяй мастакоў. Там жа знаходзяцца і спасылкі на 12 музычных твораў, прысвечаных чыгунцы. Гэтыя кампазіцыі нарадзіліся ў розныя гістарычныя перыяды: ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя да 90-х гадоў мінулага. Сярод іх не толькі класіка, але і джаз, сучасная электронная музыка.
– Пры падрыхтоўцы каляндара мы імкнуліся творча падысці да чыгуначнай тэматыкі, – распавялі ў Цэнтры навукова-тэхнічнай інфармацыі Беларускай магістралі. – Мы выбралі найбольш цікавыя, на наш погляд, карціны і музыку. І з дапамогай інфармацыйных тэхналогій аб’ядналі іх, зрабілі каляндар не звычайным, а інтэрактыўным. Такі крэатыўны падыход, як мяркуецца, дапаможа паглядзець на магістраль па-новаму, убачыць яе колеры і пачуць гукі.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика