Сентябрь
Вс
08
2024

«Хваляванне, радасць, гонар»

У чацвер у Палацы Незалежнасці адбылася цырымонія ўзнагароджання выдатных прадстаўнікоў розных галін жыццядзейнасці нашай краіны – навукі, аховы здароўя, сілавога блока, аграрнага сектара, культуры і спорту. Сярод іх быў і дырэктар саўгаса «Рачкавічы» Беларускай чыгункі Мікалай Красуцкі.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне выдатных вытворчых паказчыкаў яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі».
Дзяржаўныя ўзнагароды ўручаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Прыемна бачыць усіх вас тут сёння напярэдадні важнай палітычнай падзеі – Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу», – звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы – мірныя і працавітыя людзі, яны з аптымізмам глядзяць у будучыню, таму што дакладна ведаюць: усё ў іх руках. «Вашы дасягненні – ярчэйшы доказ таго. Практычна за кожным стаіць дружны працоўны калектыў, дзе, я ўпэўнены, падрастаюць новыя прафесіяналы, якіх у будучым мы абавязкова ўбачым у тым ліку тут», – сказаў Прэзідэнт.
Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў медыцынскім работнікам, навукоўцам, дзеячам культуры і мастацтва, а таксама – аграрыям, «сціплым і, як прынята гаварыць, працавітым людзям. Тым, хто сваёй працай корміць усю краіну».
– Я ганаруся, што маю працу і працу ўсяго калектыву нашай гаспадаркі ацанілі на самым высокім дзяржаўным узроўні, – прызнаўся дырэктар саўгаса «Рачкавічы» Беларускай чыгункі Мікалай Красуцкі. – Мне нават цяжка перадаць тыя эмоцыі, якія напаўняюць мяне – хваляванне, радасць, гонар. Такое прызнанне натхняе, стымулюе да развіцця, дасягнення новых вышынь.
Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі – узорная арганізацыя ў раёне і вобласці, якая рэгулярна выходзіць у лідары па надоях і намалотах. Яго экіпажы не аднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласных і раённых «Дажынак». У 2020-м гаспадарка занесена на Дошку гонару Случчыны, а яго дырэктар Мікалай Красуцкі адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай – медалём «За працоўныя заслугі».
Летась Мікалай Рыгоравіч і саўгас адсвяткавалі свае юбілеі: 70 і 100 гадоў адпаведна. А іх агульная гісторыя пачалася паўвека таму – у 1972-м, калі малады хлопец прыйшоў у «Рачкавічы» бухгалтарам па будаўніцтве. З 1974-га працаваў эканамістам-нарміроўшчыкам. Праз два гады быў прызначаны галоўным эканамістам – як раз пасля атрымання дыплома Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. У 1989-м ён ужо быў намеснікам дырэктара саўгаса, а ў лістападзе 2001-га – дырэктарам.
– За мінулы год ад адной каровы мы атрымалі звыш 9,9 тоны малака, – з гонарам адзначае Мікалай Красуцкі. – Агульны аб’ём за суткі – амаль 45 тон. Сёлета, я ўпэўнены, мы пераадолеем 50-тонную мяжу.
У саўгасе тры сучасныя малочна-таварныя фермы, работы па будаўніцтве чацвёртай плануюць завяршыць да лета 2022-га. Тады малочны статак прырасце яшчэ на 800 галоў, адпаведна павялічацца і аб’ёмы «белага золата».
Не саступае гаспадарка суседзям і сваіх лідарскіх пазіцый у галіне раслінаводства. Уборку збожжавых і зернебабовых культур «Рачкавічы» па традыцыі завяршаюць аднымі з першых. Летась хлеб у саўгасе сабралі з 2,6 тыс. га, намалацілі 14,2 тыс. тон пры ўраджайнасці 55,7 ц/га.
Гаспадарка працягвае расці і развівацца. Перад калектывам стаяць новыя сур’ёзныя задачы. І ўжо сёння можна быць упэўненым, што ўсё запланаванае – здзейсніцца. З такім кіраўніком, як Мікалай Красуцкі, любая задача выканальная.

Інга
МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика