Апрель
Сб
19
2025

«Ад зімы да восені»

Як першае дзіця ў маладога таты. Бацька перапоўнены радасцю, шчасцем, гонарам і… палёгкай. Менавіта так адчувае сябе і аўтар, трымаючы ў руках сваю першую складанку твораў. Усе гэтыя перажыванні блізкія вядучаму інжынеру па падрыхтоўцы кадраў службы перавозак Валянціну Бронаву. На пачатку года выйшла ў свет яго першая кніга вершаў «Ад зімы да восені».

З Валянцінам і яго лірыкай мы пазнаёмілі нашых чытачоў два гады таму (№ 81 ад 24 кастрычніка 2020-га), і ўжо тады ён марыў пра ўласную складанку. Нарэшце, мара здзейснілася. Карэктарам выступіла беларуская паэтка, фіналістка і пераможца міжнародных конкурсаў вершаванага слова Тамара Гапоненка. Яна ж напісала і ўступ да кнігі. «Я вельмі ўдзячны ёй за дапамогу, за веру ў мае здольнасці, а таксама за тое, што натхніла на такую сур’ёзную справу – выданне ўласнай складанкі вершаў, – прызнаўся аўтар. – Яшчэ адзін чалавек, без якога гэтая кніга, магчыма, і не з’явілася б, – Данііл Каладзінскі, адказны за мастацкае афармленне і вёрстку. Дзякуючы яму кніга выйшла выдатна ілюстраванай. Амаль кожны верш атрымаў сваё візуальнае суправаджэнне, якое дапамагае раскрыць змест».
У складанку «Ад зімы да восені» ўвайшлі лепшыя творы Валянціна Бронава, напісаныя ў 2018 – 2019 гадах на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах, прысвечаныя самым розным тэмам (каханню, прыродзе, Радзіме, філасофскім разважанням). «Мне б хацелася, каб чытач, узяўшы ў рукі томік, атрымаў агульнае ўяўленне аб маёй творчасці. Гэта як першае знаёмства», – гаворыць аўтар. Некалькі змешчаных тут твораў напісаны ў тандэме з таленавітай паэткай Ксеніяй Ермілавай (яна працуе ў Галоўным разліковым інфармацыйным цэнтры Беларускай чыгункі).
Прынамсі, ёсць у кнізе і вершы пра сталёвую магістраль і яе работнікаў. Нарыклад, «Движенцы», дзе ў якасці ілюстрацый выкарыстоўваюцца фота працаўнікоў службы перавозак і іншых падраздзяленняў.
Тыраж складанкі вершаў «Ад зімы да восені» зусім невялікі – усяго 45 асобнікаў, але на руках у аўтара засталося толькі некалькі. «Я не ўяўляў, што сярод чыгуначнікаў столькі аматараў вершаванага слова, – дзеліцца ўражаннямі Валянцін Бронаў. – Мая кніга разляцелася вельмі хутка. І гэта грэе сэрца». Прыемная навіна: да канца года аўтар абяцае парадаваць прыхільнікаў яго творчасці новай кнігай. Ужо вядомая яе назва – «Цягнік жыцця». Яна будзе ўключаць каля 500 вершаў (удвая больш, чым у першай складанцы), напісаных у канцы 2019-га і ў 2020 – 2021 гадах. Усе – на беларускай мове. «Гэту кнігу я хачу прысвяціць Беларусі, нашай роднай зямлі, людзям, якія тут жывуць, цудоўнай беларускай прыродзе, – патлумачыў Валянцін. – Плануецца, што кніга таксама будзе выдатна ілюстраванай, як і першая».
Чакаем. Напрыканцы паэт звярнуўся да сваіх чытачоў і заклікаў іх больш увагі надаваць духоўным каштоўнасцям, знаходзіць час для таго, каб спыніцца, азірнуцца, усвядоміць непаўторнасць імгнення, што пралятае, адчуць еднасць з прыродай, з роднай зямлёй, з Сусветам. Усё гэта дапаможа знайсці ўнутраны спакой і гармонію.
– Спрабуйце адасобіцца ад побыту і руціны, наведвайце музеі, выставы, тэатры. Часцей бывайце на сонейку, дыхайце свежым паветрам, гуляйце. А калі завітаеце раптам у бібліятэку, закажыце кнігу Валіка Бронава, каб з асалодай бавіць час, – усміхаецца паэт.

Інга МІНДАЛЁВА

О, людзі, стоп! Спыніце бег!
Давайце азірнемся разам
У той мінулы добры свет,
Кахалі дзе мы кожным часам.
Глядзелі ў вочы з дабрынёй,
Дзе песцілі адзін аднога,
Жылі сяброўскаю сям’ёй!
Хіба не будзе больш такога?

Яндекс.Метрика