Сентябрь
Ср
18
2024

Свята роднай мовы

Роднае слова напрыканцы мінулага тыдня гучала ў самабытным Добрушы. Сёлета гэты райцэнтр стаў сталіцай XXIX Дня беларускага пісьменства. 3 і 4 верасня Беларуская Венецыя шчыра сустракала гасцей: аматараў прозы і паэзіі, выдаўцоў і літаратараў, журналістаў і чытачоў, даследчыкаў славянскага пісьменства і друку – усіх, хто шануе народныя традыцыі і гісторыю краіны.

Добраўпарадкаваныя вуліцы і помнікі, шматлікія святочныя пляцоўкі і майстар-класы, выставы рэдкіх друкаваных выданняў і часопісаў, рэканструкцыя бою і мноства іншых цікавых імпрэзаў – тут было на што паглядзець і падзівіцца.
Афіцыйная лічба: удзел у фестывалі кнігі і прэсы прынялі не менш за 50 тыс. гасцей, у тым ліку і замежных. Гэта прыкладна ў тры разы больш за колькасць насельніцтва горада. Свой унёсак у тое, каб фэст прайшоў выдатна, зрабілі і чыгуначнікі. Для дастаўкі ўдзельнікаў графікам руху было прадугледжана курсіраванне 38 цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа Гомель – Добруш – Гомель. З іх 26 дадаткова прызначаны на перыяд свята.
Цягнік лёгка можна было заўважыць па вонкавым выглядзе – ён быў упрыгожаны лагатыпам фестывалю, а таксама беларускімі пейзажамі, валошкамі, зубрамі. Такі чыгуначны экспрэс рухаўся без прамежкавых прыпынкаў, дастаўляў пасажыраў з Гомеля ў Добруш ці ў адваротны бок хутка – за 25 хвілін. Дасканала прадумалі арганізатары і транспартную сувязь станцыі з цэнтрам горада. Для зручнасці гасцей былі прызначаны дадатковыя аўтобусы.

Першы святочна аздоблены цягнік адправіўся 3 верасня з чыгуначнага вакзала Гомеля ў 9.45. Сярод яго пасажыраў быў і начальнік станцыі Навабеліцкая Аляксандр Ярашэвіч з жонкай Ірынай і сынам Мацвеем.
– Прыехалі раней, каб паспець усюды і больш убачыць, – дзеліцца планамі суразмоўца. – Атмасфера свята адчувалася ўжо ў паездцы. На вокнах цягніка размешчаны партрэты беларускіх класікаў і цытаты з іх твораў. Сярод славутых асоб – Іван Мележ, Іван Шамякін, Францыск Скарына, Уладзімір Караткевіч і многія іншыя. У кожным вагоне была прадстаўлена свая творчая праграма. Напрыклад, у другім вагоне дзеці ў нацыянальным адзенні сустракалі пасажыраў вершамі і частавалі прысмакамі, чыталі вытрымкі з твораў Івана Шамякіна. З трэцяга вагона чуліся казкі. Было вельмі цікава і ўрачыста.
Напярэдадні буйнога мерапрыемства папрыгажэла і мясцовая аднайменная чыгуначная станцыя, якая першая сустракала гасцей. І не толькі чысцінёй, парадкам і яркімі кветкамі, але і народнымі песнямі пад гармонік. Дарослыя і дзеці з задавальненнем спявалі разам з артыстамі калектываў мясцовай мастацкай самадзейнасці, а пасля фатаграфаваліся сярод арыгінальных і цікавых малых архітэктурных форм, якія ўпрыгожваюць прывакзальную плошчу. Іх аўтары – работнікі Гомельскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў.

Дарожны майстар Гомельскай дыстанцыі пуці Віталь Войтка з жонкай Аленай

У начальніка станцыі Добруш Марыны Філіпавай у суботу звычайна выхадны. Але гэты святочны дзень яна правяла на працоўным месцы. З ранку гаспадарыла тут – рупліва аглядала тэрыторыю і давала калегам апошнія даручэнні, каб ніякая дробязь не сапсавала гасцям іх узнёслага настрою.
– А вось мае родныя ў горадзе з самага ранку. Сын некалькі разоў ужо тэлефанаваў, дзяліўся ўражаннямі. Вельмі задаволены, – распавядае суразмоўца. – Наведалі павільёны на цэнтральнай плошчы, дзе размясціўся фестываль кнігі і прэсы, зазірнулі і на прэзентацыю новых выданняў, у тым ліку і дзіцячых, падрыхтаваных беларускімі пісьменнікамі. Асабліва родных зацікавілі інтэрактыўныя экспазіцыі музеяў баявой славы «Памяць пакаленняў», мабільная экспазіцыя «Мы разам па дарозе памяці» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і праект Нацыянальнага мастацкага музея «Ніколі не забудзем». А ўвечары плануюць паглядзець ваенна-гістарычную рэканструкцыю «Добруш партызанскі», якая будзе прадстаўлена на беразе ракі Іпуць.
Спяшаемся на свята і мы, каб усё ўбачыць на ўласные вочы. У захапленні ад урачыстых мерапрыемстваў і дзяжурны па станцыі Добруш Юрый Гарошка. Ён прыйшоў на свята з сям’ёй – жонкай Алай, сынам Максімам і мамай жонкі Таццянай. Мужчына сёння пасля начной працоўнай змены, але прызнаецца, што не мог прапусціць такую падзею і застацца дома.
– Перш-наперш пабывалі на майстар-класах у «Горадзе майстроў» – цудоўна! На памяць набылі прывабныя сувеніры, згулялі партыю ў вялічэзныя шашкі, пачаставаліся духмянай гарбатай, – расказвае чыгуначнік. – Прайшліся і па «Газетным бульвары». Было вельмі цікава даведацца, аб чым пісалі ў газетах і часопісах амаль стагоддзе таму. Зараз адпраўляемся ў сквер, побач з плошчай, дзе зладзілі вялікую інтэрактыўную зону. А пасля плануем зайсці на рыцарскую пляцоўку. Гавораць, што там можна навучыцца страляць з лука і арбалета, прымерыць рыцарскія даспехі і зрабіць арыгінальныя фотаздымкі.

Маленькаму Максіму свята таксама прыйшлося даспадобы: усё навокал такое яркае, прыгожае, нібы ў казцы. З захапленнем хлопчык удзельнічаў у розных гульнях, забавах і імпрэзах, падрыхтаваных рэдакцыямі дзіцячых выданняў краіны.
А Юрыя Гарошку найбольш зацікавілі выставы ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Жанчыны з задавальненнем наведалі літаратурны салон княгіні Ірыны Паскевіч, разглядалі «Дыяменты стагоддзя» – выданні рэдкіх кніг, прадстаўленых у праекце, прысвечаным 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гульні, віктарыны, конкурсы, тэатралізаваныя пастаноўкі – кожны знайшоў занятак па сваіх інтарэсах.
А вось у сям’і дарожнага майстра Гомельскай дыстанцыі пуці Віталя Войткі пра свята загаварылі задоўга да вызначанай даты. Яго жонка Алена працуе намеснікам дырэктара гімназіі города Добруш па вучэбнай частцы і прымала непасрэдны ўдзел у арганізацыі святочных канцэртаў ад аддзела адукацыі.

– Каб падтрымаць яе ў такі адказны момант, у горад выйшлі таксама мая сястра Наталля з сынам Міхаілам і пляменніца Маша. Мы будзем тут да самага вечара, – распавядае Віталь Войтка. – Прыемна, што сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў наш Добруш. Выбар на карысць яго невыпадковы. З раёнам звязаны лёс многіх выдатных людзей. Тут нарадзіўся знакаміты пісьменнік Іван Шамякін. Пазнаёміцца з яго творчасцю ды спадчынай іншых славутых землякоў можна на тэматычных пляцоўках. Іх вы ўбачыце адразу – яны выкананы ў выглядзе стосаў кніг з падпісанымі імёнамі і прозвішчамі пісьменнікаў.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў і гасцей павітаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Ён зачытаў віншаванне са святам ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Пра важнасць роднага слова са сцэны гаварылі і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.
Ганаровыя госці ўсклалі кветкі і вянкі да мемарыяльнага комплексу «Памяць». Яркай падзеяй стала ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сёлета на конкурс было пададзена 68 твораў у 7 намінацыях. Таксама прайшло памятнае гашэнне канверта з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы». На ілюстрацыі – будынак мясцовага краязнаўчага музея і бюст князя Фёдара Паскевіча. Яшчэ адна падзея – прэзентацыя творчых праектаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і праграм аматарскіх літаратурных суполак Гомельшчыны. Сімвалічна, што творчая сустрэча прайшла каля помніка Івану Шамякіну, які ўрачыста адкрылі 3 верасня.

Дзяжурны па станцыі Добруш Юрый Гарошка з жонкай Алай і сынам Максімам

…Два дні былі напоў-нены разнастайнымі цікавымі мерапрыемствамі. Канцэпцыя сёлетняга свята прысвечана Году гістарычнай памяці, гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыне Добрушскага раёна, юбілеям класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Гэта адбілася на асаблівасцях як сцэнічных, так і інтэрактыўных пляцовак. Арганізатары падрыхтавалі і шмат выставачных праектаў. Напрыклад, каля фантана калектывы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці прадэманстравалі шэраг праектаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны і народным традыцыям нашай краіны.
Святочны настрой стваралі артысты беларускай эстрады і народныя калектывы вобласці і раёна. Завяршылася двухдзённая імпрэза гала-канцэртам і феерверкам.
У наступным годзе гасцей юбілейнага ХХХ Дня беларускага пісьменства будзе прымаць Гарадок Віцебскай вобласці.

Лідзія СЯРГЕЕВА

Яндекс.Метрика