Жыццё, прысвечанае творчасці
Гэта шчасце – знайсці справу, якая натхняе! Кіраўнік заслужанага калектыву Беларусі ансамбля «Церніца» імя Іосіфа Несцяровіча Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення Галіна Несцяровіч – яскравы таму доказ. Павіншаваць яе з дзвюма знакавыми датамі – 45-годдзем творчай дзейнасці і яе асабістым юбілеем – на канцэрт «Спяваем разам» прыйшлі сябры, калегі, прыхільнікі таленту.
Больш за трыццаць гадоў Галіна Несцяровіч выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Праз яе вакальную школу прайшло шмат студэнтаў. Некаторыя з іх сталі вядомымі спевакамі і запалілі свае зоркі на небасхіле беларускай эстрады.
У скарбонцы калектыву шмат значных рэспубліканскіх і міжнародных узнагарод. Але самыя галоўныя – любоў і павага гледачоў, якія заўсёды цёпла сустракаюць выступленні артыстаў. Сёння ў склад ансамбля ўваходзяць студэнты і працоўная моладзь. У рэпертуары «Церніцы» – лепшыя ўзоры вакальна-харэаграфічнага і музычнага мастацтва, якія адрозніваюцца сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю.
Павіншаваць Галіну Дзмітрыеўну са значнымі падзеямі – 45-годдзем творчай дзейнасці і яе 70-годдзем – завітаў дырэктар Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення Аляксандр Кулага. Ён адзначыў высокі прафесіяналізм удзельнікаў калектыву і пажадаў новых творчых перамог.
«Спяваем разам» – такую назву атрымаў канцэрт, бо не адно пакаленне вырасла ў непаўторным творчым калектыве – ансамблі «Церніца». У зале задоўга да яго пачатку не было свабодных месцаў.
Урачыстае мерапрыемства пачалося з прывітальнай песні ад усіх артыстаў «Церніцы». Пасля музычнымі кампазіцыямі радавала салістка ансамбля Таццяна Гарбузава. Артыстка адзначыла, што ёй вельмі пашанцавала трапіць да сапраўднага майстра – Галіны Несцяровіч. Прыемна, калі вучні разумеюць, як многа для іх робяць настаўнікі.
Другая салістка ансамбля Ксенія Шэшка займаецца ў калектыве з пяцігадовага ўзросту. Сёння, маючы ўжо прафесійную адукацыю, яна па-ранейшаму з любімай «Церніцай».
Галіна Дзмітрыеўна лічыць, што любоў да роднай песні і мовы неабходна прывіваць дзецям з маленства. Па яе ініцыятыве быў створаны ансамбль «Цернічка», які сёння носіць ганаровае званне «Заслужаны аматарскi калектыў». На святочным канцэрце гледачы атрымалі асалоду ад яго выступлення. Яго юныя артысты вельмі адораныя і можна меркаваць, хутка папоўняць дарослую «Церніцу».
Гледачам спадабаліся музычныя кампазіцыі ансамбля народнай песні «Скарбніца», якім кіруе Павел Юхновіч. Калектыў быў створаны таксама па ініцыятыве Галіны Дзмітрыеўны. Удзельнікамі «Скарбніцы» з’яўляюцца ў асноўным артысты першага складу «Церніцы». Прадстаўлены рэпертуар вельмі спадабаўся аўдыторыі, якая дзяквала калектыву гучнымі апладысментамі.
Ад імя выкладчыкаў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў павіншаваць Галіну Дзмітрыеўну прыйшлі загадчык кафедры беларускай народна-песеннай творчасці Людміла Ражкова, прафесар Уладзімір Зеневіч і дацэнт Ларыса Снапкова. Яны пажадалі творчым калектывам далейшага развіцця, вялікіх поспехаў і па-за межамі краіны.
Ансамбль народнай песні «Асалода» таксама ўпрыгожыў святочны канцэрт сваімі кампазіцыямі. Яго кіраўнік – былая студэнтка Галіны Несцяровіч Ірына Змітрукевіч.
Павіншаваць Галіну Дзмітрыеўну прыйшоў таксама старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі. Ён пажадаў ёй доўгіх гадоў творчай дзейнасці і сіл для рэалізацыі новых яскравых праектаў.
Не памылюся, калі скажу, што ансамбль «Церніца» з канцэртамі аб’ехаў палову свету. Дзякуючы гэтаму ў рэпертуары з’явіліся песні іншых народаў. На святочным мерапрыемстве гасцям прапанавалі музычныя кампазацыі на розных мовах.
Сярод артыстаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» ёсць таленавітыя выпускнікі Галіны Дзмітрыеўны. Яны таксама завіталі на свята, каб парадаваць імянінніцу і залу выбітнымі песнямі і танцамі.
Кіраўнік ансамбля «Церніца» Галіна Несцяровіч, хармайстар Павел Юхновіч, музычны кіраўнік Дзмітрый Сарока, балетмайстар Зоя Лапцэвіч і хармайстар ансамбля «Цернічка» Наталля Дзебыш доўга працавалі над творчымі нумарамі, якія радавалі гасцей святочнага вечара.
Канцэрт доўжыўся амаль дзве гадзіны. Усе гледачы былі ўдзячны артыстам за высокі ўзровень прафесіяналізму. Шмат прыгожых букетаў атрымала Галіна Дзмітрыеўна і іншыя артысты ў знак пашаны. Напрыканцы вечара Галіна Несцяровіч падзякавала ўсім, хто раздзяліў з ёй і калектывам радасць гэтай урачыстасці.
– Дзякуй за тое, што сёння ў гэтай зале шмат прыхільнікаў нашай творчасці. Упэўнена, што ўсе госці атрымалі вялікае задавальненне і адпачылі душой, – адзначыла з усмешкай Галіна Несцяровіч. – Абавязкова будзем радаваць нашых гледачоў такімі канцэртамі.
Вольга ПЛЮХАЕВА