Декабрь
Ср
04
2024

Свет маляўнічых эмоцый

Летась, у красавіку, мы віншавалі вядучага інжынера па падрыхтоўцы кадраў Цэнтра кіравання перавозкамі службы перавозак Валянціна Бронава з нагоды выдання яго першай і такой доўгачаканай кнігі вершаў «Ад зімы да восені». Ужо тады аўтар дзяліўся планамі аб падрыхтоўцы другой складанкі. Мінуў год, і мара здзейснілася: прадстаўляем нашым чытачам «Цягнік жыцця».

– Атрымалася, як з дзецьмі-пагодкамі, – разважае аўтар. – Праўда, звычайна бацькі кажуць, што з другім дзіцяткам ім прасцей, але мне са сваёй складанкай было нялёгка. У тым ліку і таму, што яна амаль удвая большая па аб’ёме (там каля 300 вершаў).
Першае, што кідаецца ў вочы, гэта падабенства: «Цягнік жыцця» – гэта, так бы мовіць, працяг ці другі том агульнай серыі. Абодва выданні маюць адзіны фармат і шрыфты, выдатную мелаваную паперу і адметнае графічнае афармленне – кожны верш праілюстраваны малюнкам па тэме твора. «Лічу гэта важным момантам, бо так верш лягчэй успрымаць чытачу, – перакананы Валянцін Бронаў. – Я перфекцыяніст, заўсёды імкнуся да лепшага, таму вырашыў захаваць стыль афармлення, які мы з рэдактарам і дызайнерам Даніілам Каладзінскім абралі для першай кнігі. Дзякуй яму за прафесіяналізм і слушнае стаўленне да маіх пажаданняў. А таксама за рэцэнзію да другой кнігі».
Прынамсі, аматарам вершаваных радкоў раім не марнаваць час і пачынаць збіраць кнігi Валянціна Бронава. Тыраж кожнага выдання невялікі (меней за паўсотні экзэмпляраў), таму варта паспяшацца, каб займець складанку – у асабістую калекцыю ці ў якасці эксклюзіўнага падарунку.

Калі першая ўтрымлівае вершы на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах, то «Цягнік жыцця» – выключна беларускамоўны. Сюды ўвайшлі лепшыя творы аўтара, напісаныя ў перыяд з канца 2019-га па 2021 год. Выбар назвы невыпадковы – гэта разважанне пра лёс чалавека, яго шлях і бясконцыя перамены, памкненне і рух, што сімвалізуе чыгунка.

Не, не кажы, жыццё што дробязь,
Адныя станцыі й вакзалы.
А як жа шлях чыгунка робіць?
А рэйкі, святлафоры, шпалы?

Чырвонай стужкай праз кнігу праходзіць тэма любові да роднага краю, да сваёй Радзімы:

Нап’юся водару ляснога:
Хваін, бяроз, дубоў, асінаў,
Спазнаю ягад смак нанова:
Чарніц, суніц ды журавінаў.
Прылягу сонны пад бярозу
І птушак цвырканне пачую.
Няхай мяне паветра ўносіць
У край, з дзяцінства што люблю я.
Далонню ціха дакрануся
Да хвояў, што смалою плачуць…
Я нарадзіўся ў Беларусі –
За гэта Богу вельмі ўдзячны.

Як прызнаўся ў размове паэт, сярод вершаў, якія асабліва блізкія яго сэрцу, – творы аўтабіяграфічныя, пра вёску Рудня Бурыцкая Лоеўскага раёна, дзе ў дзяцінстве бавіў час, дапамагаў па гаспадарцы бабулі і дзядулі:

Рудня Бурыцкая…Час дзяцінства…
Час цудоўны, пяшчотны і просты…
Там на ганку бабуля ў хусцінцы,
Дзед касу ля штыкетніку вострыць.
А на плоце збаны з саганкамі,
З печы водар ад ежы і хлеба.
Ды чароды… чароды з бусламі
Уздымаюцца ў сіняе неба.
І клякочуць, як быццам бы вабяць
За сабою ў прасцяг неабсяжны,
У куток, захавана дзе памяць,
Кожны момант дзе значны і важны.

Увогуле хараство беларускай прыроды, захапленне яе зменлівасцю, разнастайнасцю праяў – адна з любімых тэм Валянціна Бронава. І ў «Цягніку жыцця» яна выдатна адлюстравана. Аўтар перакананы: той, хто адчувае яднанне з прыродай, паважае яе, той і да людзей ставіцца па-людску. Таксама ў другую складанку паэта ўвайшло некалькі дзіцячых вершаў (напрыклад, «Конік», «Салавейка», «Дзік»). Ёсць у «Цягніку жыцця» і філасофская лірыка, творы рэлігійнай тэматыкі.

Я ўвечары зайду ў царкву,
Нячутна Богу памалюся.
Да крыжа прыкладу руку,
Ад дрэнных думак адракуся.
Хрыстос наш, Ойча, да цябе
Звярнуся я ў малітве ціхай.
Дапамажы ўсім, хто ў журбе,
Скіруй на шлях, няма дзе ліха!
Што я зрабіць яшчэ змагу?
Рабіць дабро і верыць, мусіць.
Я ўверачы зайду ў царкву,
Нячутна Богу памалюся…

Калі ўдумліва прагартаць другую складанку, можна заўважыць, што ў творчасці аўтара больш стала вершаў пра музыку («Кантрабас», «Музыка» і г.д.). Усё часцей крыніцай натхнення для яго становяцца шэдэўры Баха, Моцарта, іншых славутых кампазітараў.
– Выключна яркiя эмоцыі ў мяне выклікала Сімфонія № 7 («Ленінградская») Дзмітрыя Шастаковіча, якая стала музычным сімвалам мужнасці абаронцаў блакаднага горада, – патлумачыў Валянцін Бронаў. – Гэты магутны твор увасобіў волю савецкага народу да перамогі, веліч яго духа. І ў мяне нарадзіўся верш пра нашых загінулых салдат. Вось некалькі радкоў з яго:

Схіліўся клён над брацкаю магілай,
Каб вечны сон жаўнераў атуліць.
Бо памяць час страшэнны не спыніла,
Нам Перамогу тую не забыць.

Па традыцыі пытаемся ў аўтара пра яго творчыя планы. «Я вельмі непакоіўся, калі пускаў у друк сваю першую складанку. А калі патрымаў яе ў руках, адчуў так бы мовіць бацькоўскі гонар. Апанавала жаданне выдаць і другую, і трэцюю, – прызнаўся паэт. – Хочацца, каб як мага больш людей змаглі пазнаёміцца з маёй творчасцю, светаўспрыманнем. Таму мы з Даніілам Каладзінскім ужо абмяркоўваем аспекты работы над наступнай кнігай. Магчыма, праз год зможам расказаць вам пра яе выхад».
Напрыканцы прывядзём некалькі вытрымак з рэцэнзіі Данііла Каладзінскага да складанкі «Цягнік жыцця»: «З першых радкоў чытача выносіць у свет канцэнтраваных, яркіх, маляўнічых эмоцый… У рэальным свеце няма і паловы тых фарбаў, якія ёсць у Валянціна Бронава, і гэта выдатна!… Калі б усе радкі вершаў аўтара гэтай складанкі ператварыліся ў карціны, то ніводны музей свету не змог бы змясціць такую экспазіцыю. А ўсё таму, што дзве складанкі вершаў – гэта маленькая частка творчасці Валянціна, і ўсіх нас чакае яшчэ мноства яго светаў і карцін!»

Інга
МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика