Декабрь
Ср
04
2024

Наша почта

Рытмічны стук колаў валізак па асфальце, чэргі з жадаючых хутчэй адправіцца ў вандроўку або апынуцца на любімай дачы, гарэзлiвы смех дзяцей, якія перыядычна цікавяцца, цi хутка адпраўленне. Улетку на чыгуначных вакзалах і ў цягніках – асаблівая атмасфера. А ў рэдакцыйнай пошце – эсэ мастака-афарміцеля, у мінулым працаўніка Культурна-спартыўнага цэнтра Баранавіцкага аддзялення, які зараз ужо на заслужаным адпачынку, Анатоля Лепскага.

«Пасажырка цягніка Наталля Чорнагалова з першага погляду – чалавек звычайны, якiх у транспарце не пералiчыць. А апынуўшыся з ёю побач, неўзабаве пачынаеш заўважаць яе востры, прываблiвы, цёплы погляд, і што ён нясе пячатку нечага неардынарнага і захоплівае твае пачуццi i думкі.
А іначай і быць не можа, таму што Наталля Арсенцьеўна – мастак. Гледзячы на яе работы, раптам уяўляеш, як яна бярэ тубу з фарбай, i ў iмгненне вока з’яўляецца цуд – рознакаляровы свет, якi на карцiнах вандроўнiцы адбiваецца самымi рознымi спалучэннямі фарбаў i адценняў, форм i паўтаноў. Жанчына-мастак, якая ў творчасці адмовiлася ад дробязяў штодзённага побыту. Сваiмi творамі Наталля абуджае неардынарныя думкі, запрашае да пашырэння светапогляду, фантазійнага палёту… i ўрэшце да цеплынi сэрцаў, аднаўлення самотных душ. Яе работы ўздзейнiчаюць на гледача на ментальным узроўнi, пазбаўляючы аматараў творчасцi магчымасцi бяздумнага сузірання, узносячы яго да вяршыняў Сусвету i акунаючы ў глыбiнi чалавечай душы i космасу.
…Але вернемся да рэалiй. За акном вагона цягніка ў няспынным колазвароце бягуць краявiды. Наталля вандруе з Брэста да малой Радзімы – Жыткавiчаў. Гэта месца, напоўненае бацькоўскім каханнем, кожны раз дае ёй новыя сiлы. На жаль, яшчэ не так даўно яе сустракала матуля, а цяпер толькi хатнія гадаванцы жанчыны – каты, якiх Наталля ўяўляе ў вобразе анёлаў, пасланых як выратаванне ад адзiноты. У яе адсутнасць iх даглядаюць суседзi. Гэтыя мiлыя iстоты жывуць i ў замалёўках мастачкi, якія яна стварае iмгненна, перадаючы гледачу настрой суiснавання з навакольным светам.
…Краявiды бягуць i бягуць, улiваючыся ў душу мастачкi такiмi знаёмымi з дзяцiнства пачуццямi i адчуваннямi роднага краю, яго людзей i наваколля. І вось мэта вандроўкi дасягнута. У бліжэйшыя днi для Наталлi, як у каляровым калейдаскопе, закруцяцца родныя мясцiны, бацькоўская хата, суседзi, краявiды, думкі i ўражаннi, пошукi новага… А пасля – у зваротны шлях. Туды, дзе пад крыламi анёла Наталля будзе дарыць гаражанам, суайчыннiкам свой рознакаляровы свет на вулiцы Савецкай. Запрашаем! Брэст – горад з багатай гiсторыяй, такi старажытны i прыгожы сёння. Ён родны для Наталлі Чорнагаловай яшчэ i таму, што яна прымала непасрэдны ўдзел у стварэннi другой у Беларусі дзiцячай мастацкай школы разам з яе дырэктарам Аляксандрам Алонцавым (1976 год) i была там выкладчыкам. Яе рукамi зроблена шмат аб’ёмных копiй экспанатаў, лiстоў з фронта, дакументаў, якiя захоўваюцца ў фондах Музея абароны Брэсцкай крэпасці.
P.S. Мы сустрэлiся з мастачкай Наталляй Чорнагаловай амаль што каля анёла, пад яго крыламi. Так, таго самага анёла, якi апякае горад i стаiць на скрыжаваннi вулiц Савецкай i Гогаля ў Брэсце. Наталля Арсенцьеўна была i застаецца для многіх настаўнiкам. У гады нашага юнацтва яна, малады спецыялiст, выкладала жывапiс у паралельнай групе на курсах мастакоў-афармiцеляў i арганiзатараў мастацкай самадзейнасці (1977 год). Памятаю яе погляд, акуратна выкладзеную фрызуру i нястрыманыя рукi, якія знаходзіліся быццам у вечным пошуку. Пры сустрэчы ў аудыторыi нашы погляды перасякаліся толькi некалькi разоў… Сёння я заўважыў, што погляд настаўнiцы застаўся такi ж, як i шмат гадоў назад…
…На развiтанне Наталля Арсенцьеўна напісала мне на адваротным баку сваёй карцiны: «Жадаю любовi і болей нiчога. Наталля Чорнагалова – член Саюза мастакоў Рэспублiкi Беларусь з 1989 года».

Узрост – звыш мільярда гадоў, вага – ад 100 кілаграмаў і да 26 тон. Незвычайны Парк валуноў ёсць у Брэсце.

«Усе турыстычныя маршруты чыгуначнага i аўтамабiльнага транспарту на паўднёвым захадзе нашай краiны вядуць у Брэст – горад з 1003-гадовай гiсторыяй. На працягу ўсяго гэтага часу стваральная праца яго жыхароў спрыяла жыццядзейнасцi гэтага пагранiчнага фарпоста. У гады ваеннага ліхалецця Брэст не раз быў зруйнаваны, але, як легендарная птушка Фенiкс, паўставаў з попелу i зноў адраджаўся.
Сёння адно з найбольш маляўнічых яго месцаў – Гарадскi сад. Ён быў закладзены яшчэ ў Брэст-Лiтоўску ў 1835 годзе на тэрыторыi Кобрынскага прадмесця i стаў любiмым месцам адпачынку гаражан i гасцей горада. Як сведчаць гiстарычныя летапiсы, месца для парка выбралі невыпадковае: прадстаўнікі ўлады хацелі зберагчы для нашчадкаў гэтую зямлю, таму што менавіта тут знаходзіўся курган – рэшткі старажытнага паганска-лiтоўскага альбо яцвяжскага капiшча багiнi Мажаны, як сведчыць народнае паданне.
А цяпер да галоўнай тэмы свайго аповяду. У 2022-м на адпаведным участку парка (паўднёвая частка i набярэжная ракi Мухавец) быў закладзены Парк валуноў. Экспазiцыя ўключае 41 ледавiковы валун. Камянi сабраныя ў Брэсцкім, Пружанскiм і Камянецкiм раёнах. Тут ёсць тры вiды горных парод. Большасць з іх – гранiты, прадстаўлены таксама габро і гнейсы. «Кожная з парод мае QR-код, якi вядзе на сайт з падрабязнай iнфармацыяй пра яе. Самы вялiкi валун – з габро. Ён важыць 26 тон», – адзначыў Максiм Багдасараў, прафесар кафедры геаграфii i прыродакарыстання, адзiн з аўтараў праекта.
Парк валуноў складаецца з некалькiх лакацый. Самая незвычайная – цэнтральная зона. Яе стваральнік – Наталля Мартысюк, старшы выкладчык кафедры архітэктуры БрДТУ. У аснову парка яна паклала японскi сад камянёў, але адаптавала iдэю для Беларусi. Цэнтр мае дзве часткі, якія носяць сiмвалiчныя назвы: «Палi Беларусi» i «Лясы Беларусi». Першая з іх складаецца з пасадак вейнiка, а таксама адной бярозкі (вельмi часта на беларускiх палях можна сустрэць дрэва, якое расце асобна). Тут устаноўлена таксама дубовая скамейка – сiмвал рэсурсаў краiны. На другой частцы цэнтральнай зоны – «Лясы Беларусi» – растуць сосны. Гэтыя дрэвы пацярпелі ад жука-караеда i былi дастаўлены ў парк. Такiм чынам, аўтар акцэнтуе ўвагу на праблеме дефiцыту і аднаўлення прыродных рэсурсаў, нагадвае, што яны могуць пацярпець як ад самой прыроды (напрыклад, казуркаў-шкоднікаў), так i ад дзейнасцi чалавека. На фоне гэтага высмаглага лесу ёсць і маленькiя зялёныя кусцiкi – сiмвал новага жыцця. «Уся гэта тэрыторыя задумана так, каб чалавек прыйшоў i паразважаў аб тым, што рэсурсы не бясконцыя, як i наша жыцце. I каб у гэтым цiхiм кутку людзi змаглi адчуць камфорт i спакой», – падзялiлася ідэяй канцэпцыі Наталля Мартысюк.
Парк валуноў выглядае лаканiчна i прывабна, падкрэслiвае важнасць гэтага старажытнага месца ў гiстарычным абрысе горада. Калi ён спадабаецца гараджанам, выстава, магчыма, будзе дапаўняцца. Iснуе яшчэ некалькi этапаў развiцця гэтага арт-аб’екта. Напрыклад, з’яўленне тут сухапутнай ракі, каменяпада на схіле ракi Мухавец, а таксама незвычайнай iлюзорнай iнсталяцыі з камянямі.
Дарэчы, парк валуноў у Брэсце, як адна з добраўпарадкаваных зон, прымаў удзел у конкурсе ландшафтнай творчасцi «Горад-сад» i атрымаў высокую ацэнку. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 2 лiпеня мінулага года. Ад чыгуначнага вакзалу станцыі Брэст-Цэнтральны за 20 хвілін пешшу можна апынуцца ў гэтым прыгожым куточку Беларусі і адчуць свежае паветра, убачыць недасягальную глыбiню неба, непаўторнасць аблокаў, якія ствараюць над галавою дзiўныя краявiды. Можна ўявiць сабе дамы, людзей i жывёл, якія калiсьцi тут жылi, убачыць паўнаводную раку Мухавец i маўклівых сведкаў старажытнасцi – валуны. Сардэчна запрашаем у гэты цудоўны куточак!».

Яндекс.Метрика