Декабрь
Ср
11
2024

Сустрэча са Словам

Асаблівая энергетыка панавала ў Гарадку ў мінулыя выхадныя: тут праходзіў ХХХ Дзень беларускага пісьменства.

Сімвалічна, што юбілейнае свята нацыянальнай культуры, друкаванага слова і беларускай духоўнасці ладзілася на гасціннай Віцебскай зямлі, якая дала імпульс развіццю кнігадрукавання праз выбітных прадстаўнікоў асветніцкага цэнтра Полацкага манастыра – Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага.
Традыцыя адзначаць Дзень беларускага пісьменства была закладзена ў 1994 годзе, упершыню яго правялі напрыканцы жніўня ў Полацку. З 1998-га свята атрымала статус дзяржаўнага. З таго часу яго ладзяць у першую нядзелю верасня. Сталіцамі маштабнага форуму раней станавіліся Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы і іншыя гарады з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай. Не выключэнне і Гарадок. Гарадоцкая зямля – радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара аднаго з самых папулярных твораў беларускай літаратуры XIX стагоддзя – паэмы «Тарас на Парнасе», якая доўгі час лічылася ананімнай.
Асноўнай тэмай свята ў Гарадку стаў юбілей Дня беларускага пісьменства. Апроч таго, праграма прадугледжвала мерапрыемствы, прысвечаныя Году міра і стваральнай працы, 80-годдзю вызвалення мястэчка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 140-годдзю са дня нараджэння Янкі Маўра, а таксама гісторыі, культуры і традыцыям гарадоцкай зямлі.
Мясцовыя жыхары актыўна рыхтаваліся да прыёму гасцей: да свята было адноўлена каля 60 аб’ектаў. На доме па вуліцы Савецкай размясцілі мурал з выявамі гербаў гарадоў, якія раней станавіліся сталіцамі Дня беларускага пісьменства. Упарадкаваны гарадскі сквер. Там з’явіліся скульптурныя кампазіцыі, створаныя студэн-тамі Беларускай акадэміі мас-тацтваў. Асноўны арт-аб’ект – чытанку – урачыста адкрылі ў скверы 2 верасня.
Не засталіся ў баку і чыгуначнікі: яны аднавілі пасажырскі будынак і пост ЭЦ на аднайменнай станцыі, асвятленне платформаў. Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства па маршруце Віцебск – Гарадок – Віцебск курсіравалі 16 цягнікоў рэгія-нальных ліній эканомкласа, з якіх 4 – дадаткова прызначаны на час правядзення форуму. Апроч таго, у дні свята паміж Віцебскам і Гарадком курсіраваў брэндзіраваны цягнік з выявамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія нарадзіліся на Ві-цебшчыне, і цытатамі з іх твораў.
Форум доўжыўся два дні. Усе, хто наведаў Гарадок, змаглі ацаніць маштаб свята і разнастайнасць мерапрыемстваў. Была магчымасць пазнаёміцца з апошнімі кніжнымі навінкамі, сустрэцца з літаратарамі, выдаўцамі, паслухаць выс-тупленні паэтаў, пісьменнікаў. Працавалі кірмашы, выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі, канферэнцыі і майстар-класы. Старт юбілейнаму форуму 30 жніўня дала рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». 2 і 3 верасня праходзіў «Фестываль кнігі і прэсы», адметнай асаблівасцю якога сёлета сталі тэматычныя выставы гарадоў, дзе раней ладзіўся Дзень беларускага пісьменства, а таксама маштабная выстава праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Прайшлі міжнародны круг-лы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя «Гарадоцкія чытанні», арганізаваная сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Тэматычныя мерапрыемствы таксама падрыхтавалі Нацыя-нальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Падключыліся да свята і грамадскія аб’яднанні: інтэрактыўныя пляцоўкі ладзілі Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя і Бе-ларускі саюз жанчын. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі правёў абласны фестываль дзяцей і моладзі «Прастора». У памяць аб форуме адбылося гашэнне арыгінальнай паштовай маркі.
На цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства былі ўзнагароджаны пераможцы Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Адметнай асаблівасцю сёлетняга форуму стала пастаноўка-мюзікл «Тарас на Парнасе».
Адной з асноўных лакацый быў Вераніцынскі сквер, дзе прайшоў фестываль народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», а таксама фестываль «Мара гурмана» з конкурсамі тортаў, пірагоў і ядомых букетаў. Уразілі гасцей форуму гістарычная рэканструкцыя «Гарадоцкі кір-маш», арганізаваная пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, і тэматычная рэканструкцыя, прысвечаная Году міра і стваральнай працы.
У нядзелю святочныя мерапрыемствы пачаліся з традыцыйнай Боскай літургіі, якой завяршылася навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Моцныя эмоцыі ў слухачоў выклікаў гала-канцэрт фіналістаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».
На галоўнай сцэне прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза «Мірная, моцная, суверэнная» Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе аўтары чыталі свае казкі, байкі і вершы. У гэты дзень узнагароды атрымала таленавітая моладзь краіны па выніках конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі – 2023», а таксама журналісты – лаўрэаты творчага конкурсу «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».
– Мяркую, што кожны, каму пашчасціла трапіць сёлета на Дзень беларускага пісьменства, атрымаў задавальненне ад свята, – перакананы на-чальнік станцыі Гарадок Аляксандр Хацько (на фота). – Мы з жонкай паста-раліся за вольны час наведаць як мага больш тэматычных пляцовак і аб’ектаў. Напрыклад, з задавальненнем прысутнічалі на ўрачыстым адкрыцці Вераніцынскага сквера, дзе з’явіліся цікавыя каменныя скульптуры. Прынамсі, матэрыялам для іх сталі камяні, якія ў даўнія часы на нашу гарадоцкую зямлю прынёс ледавік. Апроч скульптур у скверы ўсталявана металічная кампазіцыя – «Дрэва беларускага пісьменства» – вышынёй больш за два с паловай метры, у якой замест ствала – кнігі з імёнамі выбітных аўтараў Гарадоччыны.
Яскравыя эмоцыі выклікала наведванне фестывалю «Мара гурмана» (між іншым, ён вядомы не толькі за межамі раёна, але і ва ўсёй краіне). Сёлета кухары запрашалі на дэгустацыю салодкіх кулінарных шэдэўраў – у межах фестывалю адбыўся конкурс тортаў і пірагоў «Квітнеючы край», прымеркаваны да Году міра і стваральнай працы. Там быў незвычайны пяцікілаграмовы торт у выглядзе трох кніг (кожная – са сваім смакам) і торт – разгорнутая кніга, якому далі назву «Летапіс Гарадка». Іх можна было не толькі паглядзець, але і пасмакаваць.
Яшчэ мяне ўразіла вялікая колькасць інтэрактыўных пляцовак, дзе паэты і пісьменнікі чыталі свае творы, тэматычных інсталяцый, выстаў, музычных выступленняў. Была і вулічная бібліятэка, дзе можна было абмяняць кнігі. Прыемна, што на свята Слова да нас з’ехалася шмат гасцей. Многія дабіраліся чыгуначным транспартам. Свята скончылася, але аб ім яшчэ доўга будуць нагадваць абноўленыя аб’екты гарадской інфраструктуры, помнікі і скульптуры, муралы. Наступнай сталіцай Дня беларускага пісьменства стануць Івацэвічы.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика