Свята музыкі і песні
Юбілейным канцэртам адзначыў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль беларускай песні «Церніца» iмя Iосiфа Несцяровiча 40-годдзе сваёй дзейнасці. Свята музыкі і спеваў адбылося ў сцянах сталічнага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў.
Павіншаваць «імянінніка» прыйшлі прадстаўнікі Упраўлення Беларускай чыгункі, Мінскага аддзялення, а таксама сябры, калегі, аматары народнай песні. Першым на сцэну запрасілі начальніка аддзела ідэалогіі і сацыяльна-культурнай работы Андрэя Баравога. Ён адзначыў высокі ўзровень прафесіяналізму і выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў калектыву, пажадаў ім новых творчых знаходак, зачытаў прывітальны адрас кіраўніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава і ўручыў каштоўны падарунак ад кіраўніцтва Беларускай магістралі і Мінскага аддзялення. Далучыўся да віншаванняў намеснік начальніка Мінскага аддзялення Павел Навуменка. Ён падзякаваў калектыву за яскравыя эмоцыі, якія дорыць кожнае выступленне, і ўручыў Ганаровую грамату аддзялення.
Апроч прыхільнікаў таленту артыстаў і шаноўных гасцей у зале прысутнічалі члены камісіі Міністэрства культуры і дзяржаўнай установы «Мінскканцэрт», бо ансамбль «Церніца» у чарговы раз пацвярджаў ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
Днём нараджэння «Церніцы» лічыцца 9 мая 1984 года. Калектыў заснавалі Іосіф і Галіна Несцяровічы – таленавітыя, апантаныя сваёй справай людзі. Іосіф Аляксандравіч з’яўляўся кіраўніком, адказваў за музычную частку, а Галіна Дзмітрыеўна была хормайстрам. Усе свае сілы гэты творчы дуэт скіраваў на папулярызацыю беларускай песні. Спачатку ў калектыве выступалі спевакі-аматары, але з часам іх замянілі прафесійныя выканаўцы і музыканты з профільнай адукцыяй. Яно і зразумела: ускладніўся рэпертуар, павялічылася нагрузка. Больш за 30 гадоў Галіна Несцяровіч выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Некаторыя яе студэнты прыходзілі ў «Церніцу» на практыку і потым не маглі з ёй развітацца, заставаліся. Апроч спеваў вялікае значэнне Іосіф і Галіна Несцяровічы надавалі харэаграфіі, якая стала неад’емнай часткай падрыхтоўкі артыстаў. Між іншым, «Церніца» – адзіны ў Беларусі калектыў, дзе ўдзельнікі не толькі спяваюць, але і танчаць. Пастаноўкай харэаграфіі займаецца ў тым ліку балетмайстар Зоя Лапцэвіч. Раней яна была салісткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», а ў «Церніцу» прыйшла па запрашэнні Іосіфа Аляксандравіча.
Дзякуючы высокапрафесійным спецыялістам у галіне народнай музычна-песеннай творчаці і самаадданай працы кіраўнікоў калектыву Галіны і Іосіфа Несцяровічаў, а таксама за высокі творчы ўзровень і выканальніцкае майстэрства ансамблю «Церніца» ў 1987 годзе было прысвоена найменне народнага самадзейнага калектыву. А ў 2002-м «Церніца» першай у краіне атрымала званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (найменне пацверджана ў 2009-м, 2014-м, 2019 гадах). У 2010-м ёй была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Сённяшняя «Церніца» – гэта ўжо чацвёртае пакаленне артыстаў (12 спевакоў і 4 у аркестровай групе). У рэпертуары – лепшыя ўзоры беларускага песеннага, танцавальнага і музычнага мастацтва, якія адрозніваюцца сваёй яркасцю, самабытнасцю і непаўторнасцю. Кожны год творчая скарбонка калектыву папаўняецца новымі нумарамі, з якіх складаюцца разнастайныя канцэртныя праграмы: «Спяваем разам» (2019, 2022 гады), «Памяцi Iосiфа Несцяровiча», «Мы славяне», «Будзе свята» (2022 год) і інш.
«Церніцу» можна смела назваць кузняй кадраў: там пачыналі свой творчы шлях многія вядомыя артысты, такія як Паліна Смолава, Вольга Вронская, Жана Піваварава, Сяргей Мядзведзеў.
Шмат выхаванцаў зараз працуюць у прафесійных калектывах: Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, Беларускім дзяржаўным ансамблі народнай музыкі «Свята», Беларускім дзяржаўным акадэмічным заслужаным харэаграфічным ансамблі «Харошкі».
Для ўмацавання традыцый і пераемнасці пакаленняў па ініцыятыве Несцяровічаў і пры падтрымцы адміністрацыі Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення чыгункі былі створаны ансамбль народнай песні «Скарбніца», куды ўвайшлі былыя ўдзельнікі «Церніцы», і дзіцячы ансамбль беларускай песні «Цернічка», які ў 2012 годзе атрымаў званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь.
У скарбонцы «Церніцы» ёсць і аўтэнтычныя, і аўтарскія кампазіцыі. Аснову юбілейнага канцэрта пад назвай «Па старонках мінулага» склалі народныя песні, што выконваліся 35 – 40 гадоў таму, але з новымі аранжыроўкамі і харэаграфіяй, сучасным пераасэнсаваннем творчай спадчыны. У тым ліку «Як хадзiла дзеванька беражком», якая адкрывала свята. Значную частку праграмы склалі песні, прысвечаныя палявым работам: «Ой, лета», «Касары косяць», «Сеем мы сеем». З іх асобна можна вылучыць «жніўны» блок – «Расло жыта», «А ў нашым у сэлы». Нашы продкі былі людзьмі працавітымі, аднак і яны ўмелі бачыць прыгажосць прыроды, роднага краю, кахаць, сумаваць і перадаваць свае перажыванні праз песню: «Як па лесе я гуляла», «Пасадзіла я рабіну», «Пайду я на рэчку», «Ночка цёмная». Знайшлося месца ў юбілейнай праграме і для купальскай тэматыкі: «Ой, рана на Купала», «Купала на Івана». У зале (дзе, між іншым, не было вольных месцаў) прысутнічалі ўдзельнікі першага складу «Церніцы». Ім было вельмі цікава ацаніць новую адаптацыю сваёй першай праграмы, з якой яны некалі выступалі на сцэне. Безумоўна, многае змянілася за 40 гадоў. Але высокі прафесіяналізм, бездакорнае выкананне, паважлівае стаўленне да народнай культуры, жывы гук (салістам акампанавалі цымбалы, скрыпка і баян) засталіся. Усё гэта разам і ёсць «Церніца».
Напрыканцы артысты выканалі дзве аўтарскія песні: «Кірмаш» у новай апрацоўцы, а таксама прадставілі прэм’еру – кампазіцыю «Белыя крылы», якой завяршыўся канцэрт. Гледачы ўзнагародзілі выканаўцаў гучнымі апладысментамі і яшчэ доўга не адпускалі іх са сцэны. Той, каму пашчасціла пабываць на любым выступленні «Церніцы», пацвердзіць, што калектыў мае асобую, «сонечную» энергетыку, якой шчодра дзеліцца з аўдыторыяй. Гэта сапраўды нешта магічнае, штосьці большае, чым проста прафесіянальнае выкананне. Перад канцэртам мы запыталіся ў Галіны Несцяровіч, што яна пажадала б свайму любімаму калектыву з нагоды яго 40-годдзя. «Хацелася б, каб наша з Іосіфам Аляксандравічам агульная справа не знікла, каб маладое пакаленне падтрымала гэтую ідэю, каб «Церніца» працягвала існаваць», – прызналася суразмоўца. Безумоўна, так і будзе. Бо дзе «Церніца», там заўсёды свята. Свята музыкі і песні.
Інга МІНДАЛЁВА