Сваё слова – у пашане
XXXI Дзень беларускага пісьменства прайшоў на мінулых выходных у горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Свята наведалі больш за 20 тыс. гасцей з розных гарадоў нашай краіны і з-за мяжы. Карэспандэнт галіновага выдання – аб тым, чым запомнілася мерапрыемства чыгуначнікам і як здзіўлялі аматараў роднай мовы арганізатары.
Дзень беларускага пісьменства – гэта штогадовае мерапрыемства, якое праводзіцца ў першую нядзелю верасня. Упершыню цэнтрам гэтага свята стаў самы старажытны горад краіны – Полацк. Пазней эстафету падхапілі Тураў, Наваградак, Нясвіж, Орша, Пінск ды іншыя значныя культурныя і гістарычныя цэнтры Беларусі. Івацэвічы прымалі такое свята ўпершыню, і невыпадкова. У гэтых мясцінах нарадзіліся такія знакамітыя асобы нашай краіны, як пісьменнік і дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі Піліп Пестрак, журналіст, майстар лірычнай літаратуры Яраслаў Пархута. Таксама недалёка ад Івацэвічаў ёсць месцы, якія ўключаны ў некаторыя экскурсійныя турыстычныя маршруты. Напрыклад, музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у Косаве.
Да свята беларускага слова рыхтаваліся старанна і адказна. Не засталіся ўбаку і працаўнікі магістралі.
– Жыхары Івацэвічаў вельмі задаволеныя тым, што менавіта ў нашым рэгіёне прайшло такое мерапрыемства. вельмі хацелася б, каб наш горад стаў яшчэ больш прыгожым. Мы прыклалі шмат намаганняў, каб усе адчувалі сябе тут утульна і захацелі прыехаць да нас зноў, – падзяліўся ўражаннямі начальнік станцыі Івацэвічы Эдгар Эрнэста Канстанцін Вальвачоў.
Дзяжурны па станцыі Вікторыя Якушэвіч таксама адчула пазітыўныя змены. Яна ўпэўненая, што такія святы пісьменства, якія штогод праходзяць у розных гарадах краіны, павышаюць цікавасць беларусаў да роднага слова і папулярызуюць літаратурную творчасць айчынных пісьменнікаў. Неабходна трымацца сваіх каранёў, лічыць чыгуначніца, паважаць традыцыі і падтрымліваць развіццё ўсяго нацыянальнага, у першую чаргу родный мовы.
Вельмі чакала свята і білетны касір Святлана Басалай. Яна чула, што на такіх мерапрыемствах адбываецца шмат цікавага.
– Прыемна было бачыць у нас такую вялікую колькасць людзей. Больш за ўсё спадабаліся кніжная выстава і Горад майстроў. Наша краіна можа ганарыцца такімі таленавітымі і працавітымі людзьмі, – упэўнена Святлана Міхайлаўна.
У Івацэвічах гасцінна сустракалі работнікаў і ветэранаў розных аддзяленняў магістралі.
А паглядзець сапраўды было на што. На галоўнай плошчы города прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця свята з сімвалічнай назвай «Время выбрало нас». Вітальны адрас удзельнікам урачыстасцяў даслаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
– Гэта свята нагадвае нам аб важнасцi захавання i развiцця праз кнiгу нацыянальнай культурнай спадчыны, духоўных традыцый народа. Такiя каштоўнасцi аб’ядноўваюць людзей i спрыяюць росквiту краiны. Лiтаратура i матчына мова былi i застаюцца падмуркам выхавання высокiх маральных якасцяў, фармiравання грамадзянскасцi, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Упэўнены, што беларусы заўжды з павагай будуць адносiцца да нашага гiстарычнага здабытку, берагчы невычэрпныя культурныя скарбы продкаў, штодзённай працай умацоўваць суверэнiтэт дзяржавы, шанаваць нашу мову i славутых майстроў слова – песняроў роднай зямлi.
Прэзідэнт пажадаў усім прысутным здароўя, згоды i дабрабыту, а таксама новых цiкавых сустрэч, поспехаў i творчага натхнення.
Шмат цёплых слоў выказаў і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Ён падкрэсліў значнасць гэтага свята і адзначыў, што Брэстчына ўжо ў пяты раз прымае Дзень беларускага пісьменства. Дарэчы, сёлета рэгіён адзначыць 85-годдзе свайго стварэння.
Далейшая святочная праграма цешыла і натхняла. Напрыклад, вельмі шмат людзей было на пляцоўках Саюза пісьменнікаў, дзе праходзілі сустрэчы з вядомымі літаратарамі – празаікамі, паэтамі. Многія прэзентавалі свае новыя работы, дзяліліся сакрэтамі майстэрства і расказвалі, што іх натхняе на творчасць. Як высветлілася, яны чэрпаюць сілы менавіта ў прыгажосці родных краявідаў. На пляцоўцы «Слова пісьменніка» выступілі сталічныя майстры, адбылася таксама прэзентацыя калектыўных зборнікаў Мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Былі прадстаўлены зборнікі «Пад мірным небам», «Пад зоркай Перамогі», альманах «Литературное созвездие». Акрамя таго, свет убачылі кнігі Аляксандра Плавінскага і Андрэя Шавеля «Березянка», Віктара Праўдзіна «Непераможны злом», а таксама «Верасок», складальніцай і сааўтаркай якой стала Іна Фралова, «Мая зямля – яна мая да скону» Алены Басікірскай. Прайшла прэзентацыя твораў Аліны Грышкевіч, Іны Фраловай, Людмілы Воранавай, Вольгі Шпакевіч, Таццяны Жылінскай і многіх іншых таленавітых аўтараў. На свяце абвясцілі і ўзнагародзілі пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і рэспубліканскага конкурсу «Хвала рукам, что пахнут хлебом».
Прадстаўнікі баранавіцкага Музея чыгункі прывезлі на свята ліхтары, падшклянкі, вопратку работнікаў магістралі. Гасцям распавялі і пра подзвігі чыгуначнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, іх удзел у барацьбе з фашызмам і аднаўленні краіны пасля Вялікай Перамогі. У эпіцэнтры ўвагі была і фотазона, якая адлюстроўвала гісторыю чыгункі.
Многія затрымліваліся і ў Горадзе майстроў. Вельмі цікавымі былі эксклюзіўныя работы чальца Саюза народных майстроў Беларусі, настаўніка-дэфектолага дзіцячага садка з Косава Івацэвіцкага раёна Наталлі Кулецкай. Мяне, палачанку, уразіў абраз-выцінанка з выявай Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Як дакладна перададзена прыгажосць і непаўторнасць дойлідства ХІІ стагоддзя! Праца над некаторымі работамі, па словах аўтара, можа зацягнуцца на некалькі месяцаў! Трэба, каб усё было бездакорна! Дарэчы, майстар выкарыстоўвае плотарную паперу, манікюрныя нажнічкі і канцылярскі нож.
– Тут прысутнічаюць, безумоўна, не ўсе работы. Але самыя ўдалыя, прысвечаныя вядомым беларускім мясцінам і славутым аб’ектам, ёсць.
На іх адлюстраваныя Косаўскі палац, знакамітая брама Мінска і чыгуначны вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны, – адзначыла Наталля Кулецкая. – Менавіта да Дня беларускага пісьменства мы разам з мужам стварылі драўляную кнігу, якую ўпрыгожылі гербамі Івацэвічаў і Ліды, а таксама партрэтам Францыска Скарыны і выявай Косаўскага палаца. Мы вельмі ганарымся тым, што на закрыцці свята яе перадалі прадстаўнікам Ліды. Менавіта гэты горад у наступным годзе прыме чарговае свята беларускага слова.
Нельга было абмінуць і неверагодныя работы Ніны Тысевіч. Вышыўкай жанчына займаецца больш за 50 гадоў!
У свае 86 яна быццам не зважае на ўзрост, працягвае ствараць прыгажосць і здзіўляць. Малая Раздзіма Ніны Мікалаеўны – вёска Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе жыве і цяпер. Яна доўгі час працавала ў калгасе даяркай, але заўсёды знаходзіла час і натхненне для творчасці.
– У асноўным я працую ў тэхніцы роўнядзі і крыжыка. Таксама валодаю тэхнікай бранага і выбранага ткацтва, а таксама двух-, трох- і чатырохніткавага ткацтва. Я часта сустракаюся з моладдзю і перадаю ім свой досвед, – падкрэсліла майстрыха. – Вельмі натхняе тое, што мае дзеці і ўнукі таксама займаюцца творчасцю.
На ўрачыстай цырымоніі закрыцця свята беларускага слова старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў перадаў вымпел старшыні Лідскага райвыканкама Сяргею Ложачніку.
– Гэтыя два дні для Івацэвічаў сталі яскравымі і незабыўнымі. Свята аб’яднала нас павагай да такіх адвечных сімвалаў духоўнасці, як кніга і слова. Гэтую павагу мы павінны перадаць нашчадкам. А яшчэ важна тое, што ў нашых людзей надоўга застануцца не толькі ўспаміны, але і добраўпарадкаваны, утульны горад, – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. – Спадзяюся, што за той час, пакуль ішло свята, яго госці і ўдзельнікі змаглі прасачыць сувязь слова з гісторыяй беларускага народа, атрымаць незабыўныя эмоцыі ад сустрэч з пісьменнікамі. Мы прадставілі ва ўсёй разнастайнасці культуру і самабытнасць Івацэвіцкага краю і першага рэгіёну ў цэлым.
… Гэта ўжо мой другі Дзень беларускага пісьменства. Першы адбыўся на малой Радзіме – у Полацку ў 2017 годзе. Дарэчы, тады я заняла трэцяе месца на конкурсе эсэ ў рамках «Скарынаўскіх чытанняў». Ад свята ў Івацэвічах у мяне засталіся не толькі яркія ўражанні, але і… чароўныя валёнкі. Яны выконваюць усе жаданні! Пра адно з іх абавязкова расскажу ў наступным годзе, калі мне пашчасціць наведаць свята роднага слова ў Лідзе.
Вольга ПЛЮХАЕВА