Падзяка за матчына цяпло
У Дзень народнага адзінства 124 жыхаркі нашай краіны ўзнагароджаны ордэнам Маці. Сярод іх – прадстаўніцы Беларускай чыгункі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 верасня падпісаў указ аб узнагароджванні ордэнам Маці. За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей яго ўдастоены работніцы розных сфер дзейнасці. У іх ліку прадстаўніцы прамысловых і аграпрамысловых прадпрыемстваў, арганізацый сельскагаспадарчай, будаўнічай і транспартнай галін, гандлю і сувязі, спажыўкааперацыі, устаноў адукацыі, аховы здароўя, спорту, а таксама хатнія гаспадыні. Яны – са ўсіх абласцей краіны, а таксама з Мінска.
Сярод узнагароджаных – прыёмаздатчык грузу і багажу Полацкай гарадской таварнай станцыі прадпрыемства «Віцебскгрузсэрвіс» Ганна Палякова, праваднік пасажырскага вагона рэзерву праваднікоў Гомельскага вагоннага ўчастка Вікторыя Багданава, станцыйны рабочы станцыі Гомель Наталля Цімашкова, а таксама студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту Вольга Тусніна.
У шматтысячным калектыве Беларускай чыгункi працуюць звыш 700 шматдзетных маці, прычым у амаль што 40 чыгуначніц – пяць і больш дзяцей. Такім жанчынам надаецца асаблівая ўвага, ажыццяўляецца ўсебаковая падтрымка.