Декабрь
Ср
04
2024

Падарожжа праз стагоддзі

Чарговую экскурсію ў сядзібна-паркавы комплекс «Сула» арганізаваў для сваіх працаўнікоў прафсаюзны камітэт Упраўлення Беларускай чыгункі. Атмасфера старажытнай Беларусі – у нашым матэрыяле.

Парк «Вялікае княства Сула» – гэта першая ў нашай краіне лакацыя інтэрактыўнай гісторыі. Тут чалавек нібыта акунаецца ў мінулае, трапляе ў атмасферу жыцця сваіх продкаў ад з’яўлення іх на гэтай тэрыторыі да станаўлення беларусаў як нацыі. Дарэчы, паўсюдна тут гучыць выключна родная мова. Комплекс адлюстроўвае храналагічную паслядоўнасць развіцця нашай краіны ад часоў каменнага веку і да ХХ стагоддзя.
Тэрыторыя парка аб’ядноўвае восем зон: паселішчы старажытных людзей, тэрыторыя старажытнабеларускіх культаў і вераванняў, землі эпохі варагаў, Сярэднявечча, шляхецтва і асветы, беларускае мястэчка і сядзібна-паркавы комплекс Ленскіх. Гасцей Сулы сустракаюць з музыкай і асобым каларытам. Менавіта так адбываецца паглыбленне ў таямнічую гісторыю Беларусі. Падарожжа «з варагаў у грэкі» пачалося на дракары – ладдзі вікінгаў, якая даставіла ўсіх да прыстані варагаў эпохі ранняга Сярэднявечча. Падчас падарожжа па возеры Сула можна заўважыць на востраве старажытнаславянскае гарадзішча, якое надзейна абараняюць вада, плот і іншыя дэкарацыі.
Першы прыпынак – пляцоўка старажытнаславянскіх культаў: паганскае копішча, пантэон багоў, абрады, танцы і ачышчэнне дымам, а яшчэ жытло ведзьмы – сапраўдная хатка на курыных ножках. Тут можна паваражыць на будучыню, даведацца, якія зёлкі дапамогуць вылечыць хваробу і адчуць сябе ў чароўным свеце магіі.
Наступная эпоха – Сярэднявечча: гатычная архітэктура з элементамі барока, рамантыка замкаў і пышных баляў. Мы зазірнулі ў палацавы комплекс і даведаліся пра час праўлення Міндоўга. Да гэтага перыяду адносіцца і вадзяны млын, а таксама ганчарня і кузня. Як у даўніну, тут і зараз ствараюць некаторыя элементы побыту і зброі тых часоў.
Трэцяя кропка нашага падарожжа – зона асветы, дзе гасцям расказваюць аб з’яўленні роднай мовы, а потым пісьменства і кнігадрукавання. У кнігарні можна прасачыць увесь шлях развіцця беларускай літаратуры ад часоў Міколы Гусоўскага да класікаў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Далей крочым да Ратушы, дзе нам нагадалі пра атрыманне Мінскам ды іншымі гарадамі старажытнай Беларусі Магдэбургскага права. Запрашаюць падарожнікаў і ў стылізаваную школу, дзе распавядаюць пра асаблівасці адукацыі таго часу і нават пра віды пакарання непаслухмяных вучняў.
Эпоха шляхецтва прадстаўлена вельмі разнастайна. Пабудовы тут менш маштабныя. Больш за ўсё запомнілася гэтак званая каралеўская асамблея – там ёсць магчымасць адчуць сябе рыцарам.
Цікава было завітаць і ў мясцовыя пякарню, аптэку «Зёлкі», музей хлеба, майстэрню ткацтва, а таксама ў краму, шапавальскую хату і музей бортніцтва. Усё гэта – экспанаты зоны пад назвай «Беларускае мястэчка». На свае вочы мы ўбачылі ўнікальны від творчасці – лялечны тэатр «Батлейка» і даведаліся пра гісторыю яго стварэння. Асаблівае захапленне ў чыгуначнікаў выклікала конка! Па вузкакалейцы з дапамогай жывой конскай сілы перамяшчаецца невялікі адкрыты вагон.
Завяршае гістарычнае падарожжа сядзібна-паркавы комплекс роду Ленскіх: гэта сам музей, загадкавы масонскі флігель і магільны склеп. Пасля экскурсіі ўсе маглі самастойна больш дэталёва агледзець тэрыторыю парка і нават пазнаёміцца з яе насельнікамі: канямі, козамі і вослікам Цэзарам. Аматарам актыўнага адпачынку прапанавалі конны шпацыр. А заўзятарам шопінгу ў кожным экскурсійным пункце – сувеніры: у ганчарні – збаны і кубкі, у аптэцы – лекавыя зборы, у пякарні, вядома, хлеб адразу з печы, а на пошце – паштоўкі з краявідамі Сулы. Дарэчы, тут іх можна адразу даслаць у любую краіну свету!
Тэрыторыя парка нагадвае велізарную сцэну, дзе яго супрацоўнікі іграюць свае гістарычныя ролі і ствараюць для гасцей атмасферу розных эпох. І ў кожнай яе героі распавядаюць дзіўныя факты пра гісторыю і традыцыі беларусаў, праводзяць майстар-класы. Апошні аб’ект агляду паркавага комплексу ў Суле – гэта мост, які сімвалічна злучае мінулае і сучаснасць. Перасякаючы яго, людзі ўспамінаюць, што жывуць у XXI стагоддзі, дзе па дарогах ездзяць аўтамабілі, а дамы будуюцца ўжо не з дрэва і маюць шмат паверхаў.
Па дарозе ў Мінск мы наведалі яшчэ адзін унікальны аб’ект – касцёл Святога Іосіфа ў Рубяжэвічах. Ён нагадвае сярэднявечны замак, бо абкладзены звычайнымі палявымі камянямі. У Беларусі ўсяго некалькі храмаў такога кшталту.
Акрамя архітэктуры ўсіх па-дарожнікаў вельмі ўразілі мясцовыя краявіды. Маляўнічая сажалка побач са стайняй, яркія фарбы восені і добрае надвор’е зрабілі экскурсію ў Сулу вельмі прыемнай і запамінальнай. Хочам падзякаваць за гэта вельмі цікавае падарожжа прафсаюзнаму камітэту Упраўлення Беларускай чыгункі, яго старшыні Святлане Лукашэвіч і выказаць спадзяванне, што будзе яшчэ шмат такіх пазнавальных паездак.

Дзіяна ЦЫРКУНОВА

Яндекс.Метрика