Не стань ахвярай курэння!
У рамках рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!» ратавальнікі нагадалі аб бяспецы наведвальнікам гандлёва-забаўляльнага цэнтра, размешчанага побач з чугыначным вакзалам.
Расказаць аб магчымых наступствах непатушаных акуркаў, забароне курэння ў жылых дамах, а таксама дапамагчы раз і назаўсёды пазбавіцца ад шкоднай звычкі – такія мэты паставілі перад сабой супрацоўнікі Кастрычніцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пры правядзенні мерапрыемства ў гандлёвым цэнтры.
Ратавальнікі прапанавалі наведвальнікам паўдзельнічаць у віктарынах і конкурсах, праверыць свае веды з дапамогай тэсціравання і нават памяняць цыгарэту на салодкі прыз. Падчас мерапрыемства кожны атрымаў магчымасць больш даведацца пра наступствы легкадумнага стаўлення да пытанняў бяспекі, зрабіць некаторыя высновы, пераацаніць свае ўчынкі і дзеянні.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ад ратавальнікаў карысную інфармацыю і тэматычныя буклеты, якія, магчыма, аднойчы дапамогуць прадухіліць пажар ці іншую надзвычайную сітуацыю.