Февраль
Чт
13
2025

Феадосій Смалячкоў: з вострым вокам і пякучай прагай помсты

«…Вораг заняў Беларусь. Мясціны, дзе я нарадзіўся, шчасліва правёў дзяцінства і юнацтва, падвергліся спусташэнню. Там засталіся мае бацькі. Яны трапілі пад ярмо фашысцкіх варвараў. У маіх грудзях – нянавісць, у маім сэрцы – пякучая прага помсты. Напярэдадні 24-й гадавіны Кастрычні-ка я з хваляваннем слухаў даклад таварыша Сталіна. Яго заклік – знішчыць усіх да аднаго акупантаў – стаў маім баявым дэвізам. Паставіў перад сабой задачу – да Новага года знішчыць не менш за 100 фашыстаў. Абавязацельства сваё выканаў: знішчыў сотню нямецкіх акупантаў.

Чырвонаармеец – снайпер Ф. Смалячкоў».

Гэта радкі з апошняга ліста Героя Савецкага Саюза, ініцыятара масавага руху снайпераў-знішчальнікаў Ленінградскага фронту, байца-добра-ахвотніка беларуса Феадосія Смалячкова. Ліст быў апублікаваны 1 студзеня 1942 года ў франтавой газеце «На страже Родины». Праз два тыдні куля варожага снайпера абарвала жыццё нашага ваяра. За тры месяцы – з 19 кастрычніка 1941-га па 15 студзеня 1942-га – Феадосій Смалячкоў знішчыў 125 захопнікаў. На гэта яму спатрэбілася 126 патронаў. Толькі аднойчы ён прамахнуўся…
Коратка пісаць пра Смалячкова цяжка. Калі ж распавядаць усё па парадку, атрымаецца цэлая кніга. Таму лічым магчымым прывесці тут кароткі аповед пра Героя Савецкага Саюза ўсяго некалькімі лічбамі і фактамі.
На фронце іх называлі «радавымі без промаху». Сапраўды, цяжка пераацаніць тую ролю, якую адыгралі савецкія снайперы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Іх велізарныя баявыя заслугі ў дасягненні нашай агульнай перамогі.
Праца снайпера была вельмі небяспечнай і цяжкай. Гадзіны, а то і суткі ў балоце або ў кроне дрэва, на спякоце або ў люты мароз. Нечалавечае напружанне, чаканне, хваляванне, нягледзячы на боль і стомленасць. У любы сезон, у любое надвор’е. І нельга варушыцца, нельга заснуць, як бы ні зліпаліся вочы. Гэта паляванне на звера, але звер такі, што ў любы момант можа распаласаваць кулямётнай чаргой або накрыць мінамётным агнём…
Нарадзіўся 12 ліпеня 1923 года ў вёсцы Падгор’е Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і селяніна. Скончыў 6 класаў, школу ФЗН у Ленінградзе. Працаваў мулярам. З 1941 года – у радах Чырвонай арміі. 27 ліпеня 1941 года ўступіў у 5-ю дывізію народнага апалчэння Выбаргскага раёна Ленінграда, потым служыў у разведцы. Вызначыўся пры абароне горада на Няве.
Снайпер 14-й асобнай мотастралковай разведвальнай роты (13-я стралковая дывізія 42-й арміі Ленінградскага фронту) радавы Смалячкоў адным з першых адкрыў лік знішчаным ворагам. Ён стаў ініцыята-рам баявога спаборніцтва снайпераў Ленінградскага фронту. Падрыхтаваў 10 стралкоў, якія знішчылі некалькі сотняў фашыстаў. Асабіста ліквідаваў 125 салдат і афіцэраў праціўніка. 15 студзеня 1942 года загінуў. 6 лютага 1942 года за мужнасць і вайсковую доблесць, праяўленыя ў баях з ворагам, пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны ордэнам Леніна (двойчы).
Пахаваны ў Санкт-Пецярбургу. Яго імя носяць вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Мінску, Гомелі, Быхаве, пасёлак у Ленінградскай вобласці, сельгаспрадпрыемства ў Быхаўскім раёне, Санкт-Пецярбургскі гарадскі клуб ДТСААФ.
У Санкт-Пецярбургу, а таксама каля вёскі Вароніна Быхаўскага раёна на шашы Магілёў – Гомель устаноўлены помнікі, у Санкт-Пецярбургу і Мінску – мемарыяльныя дошкі.

На франтах Вялікай Айчыннай здабылі сабе славу такія савецкія снайперы, як Уладзімір Пчалінцаў, Фёдар Ахлопкаў, Васіль Зайцаў, Максім Пасар і іншыя. На рахунку кожнага з іх сотні дакладных стрэлаў. Хто ж з савецкіх асаў-стралкоў мае права называцца снайперам нумар адзін?

Сярод мноства іншых экспанатаў у сённяшнім расійскім Цэнтральным музеі Узброеных Сіл знаходзіцца вінтоўка з таблічкай, на якой напісана: «Зброя імя Герояў Савецкага Саюза Андрухаева і Ільіна». Хусен Андрухаеў змагаўся пад Растовам. Там ён і загінуў. У яго памяць была названая снайперская вінтоўка сістэмы Мосіна. А падчас баёў за Сталінград з гэтай вінтоўкі б’е ворага легендарны снайпер – старшына Мікалай Ільін. У кароткі тэрмін ён павялічыў свой паслужны спіс са 115 да 494 знішчаных салдат і афіцэраў праціўніка. Мікалай Ільін па праве лічыцца найлепшым снайперам Вялікай Айчыннай вайны.
Ільін загінуў у рукапашнай сутычцы ў жніўні 1943-га пад Белгарадам. Яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго легендарную вінтоўку ўручылі найлепшаму снайперу часці. Гэтага гонару быў удастоены сяржант Афанасій Гардзіенка. З гэтай вінтоўкай ён давёў лік знішчаных ім фашыстаў да 417. Знакамітая зброя служыла да таго часу, пакуль не была пашкоджана асколкам снарада. З вінтоўкі зрабілі каля 1 тыс. смяротных стрэлаў у ворага.
Другі па колькасці знішчаных фашыстаў – капітан Іван Сідарэнка. На рахунку снайпера – каля 500 адзінак жывой сілы праціўніка. Акрамя таго, ён асабіста падрыхтаваў 250 вучняў.
Трэцім самым трапным стралком стаў гвардыі старшы сяржант Міхаіл Будзянкоў. На яго рахунку 437 варожых салдат і афіцэраў.
Першы дзясятак найлепшых савецкіх снайпераў знішчыў больш за 4,2 тыс. ворагаў, а першая дваццатка – больш як 7,5 тыс. У сярэднім на аднаго стралка першай дваццаткі прыходзіцца каля 375 забітых фашыстаў. Так што каштоўнасць гэтых воінаў для арміі была велізарнай.
У іх шэрагу быў і наш зямляк Феадосій Арцем’евіч Смалячкоў.
Гэта прозвішча добра ведаюць мінчане. Але ці многія з іх усведамляюць, што чалавеку, імем якога названа вуліца ў цэнтры сталіцы, у 1941 годзе было ўсяго 18 гадоў?
23 чэрвеня 1941-га, на другі дзень вайны, Смалячкоў звярнуўся ў райваенкамат з просьбай адправіць яго на фронт.
– Вы яшчэ малады, – сказалі яму.
– Малады? – перапытаў ён. – Я чытаў, што ў Грамадзянскую вайну былі такія, што ў шаснаццаць гадоў палкамі камандавалі. А мне ўжо васямнаццаць.
– Вось і чакай, калі мы для цябе цэлую дывізію сфарміруем…
3 ліпеня, калі ў Маскве і Ленінградзе пачалі стварацца падраздзяленні народнага апалчэння, Смалячкоў вырашыў зрабіць другую спробу. Жыў ён тады ў Ленінградзе на Выбаргскім баку, працаваў за Маскоўскай заставай будаўніком. Там ён усё ж дамогся свайго: 27 ліпеня хлопца залічылі добраахвотнікам у супрацьтанкавую роту 13-й дывізіі народнага апалчэння Выбаргскага раёна Ленінграда.
Але ў палку Смалячкова чакала расчараванне: камандзір прызначыў яго… кухарам. Не гэтага чакаў Феадосій. Аднойчы, калі полк ужо вёў баі, Смалячкоў паглядзеў на сваю паходную кухню і раптам рашуча махнуў рукой:
– Каша і сама даварыцца. Да раздачы вярнуся…
Падклаў дроўцаў і заспяшаўся ў той бок, адкуль чулася стральба. У гэты дзень ён упершыню ўбачыў людзей, якія быццам застылі на зямлі. Людзей, якія ўжо ніколі не ўстануць…
Яго паклікаў паранены, папрасіў піць. Кухар даў яму вады. Зрабіўшы некалькі глыткоў, паранены заціх. Сма-лячкоў пачаў тармасіць яго – салдат ужо не чуў, не варушыўся. Ён быў мёртвы…
Гэта ўзрушыла юнака. Цэлы дзень ён не мог супакоіцца. А тут яшчэ старшына пачаў лаяць яго за адлучку. Нават прыгразіў, што строга пакарае за сыход з баявога паста.
– Які гэта баявы пост? – не стрываў Смалячкоў. – Гэта ж кухня.
Потым паскардзіўся камісару:
– Я ў добраахвотнікі пайшоў не кашу варыць, а ваяваць. Да паходнай кухні можна прыставіць і пажылога чалавека.
Камісар даводзіў яму, што кухня на фронце – таксама баявы пост, але сам жа і дапамог маладому кухару – яму было дазволена ўдзельнічаць у баявых аперацыях. Аднойчы Феадосій з двума іншымі байцамі высачыў «языка», узяў яго ў палон і даставіў у часць. Пра ўдалую разведку кухара стала вядома камандаванню дывізіі. Улічваючы жаданне Смалячкова, яго перавялі ў разведвальны батальён. Так Феадосій стаў разведчыкам. Ён быў вельмі задаволены сваімі новымі абавязкамі.
Аднойчы Феадосій папрасіў таварыша даць яму снайперскую вінтоўку. Той уважліва паглядзеў на маладзенькага байца. Прастадушны твар Смалячкова і невялічкі рост рабілі яго падобным да хлапчука, які дзеля забавы нацягнуў на сябе бацькаву форму.
Перахапіўшы недаверлівы погляд пажылога байца, Феадосій сказаў:
– Промахаў не дам, з дзяцінства прывучаны да палявання. З бацькам на ваўкоў хадзіў.
Праз некалькі дзён група разведчыкаў, у якую ўваходзіў і Смалячкоў, трапіла на
заданні ў цяжкае становішча. Немцы выявілі нашых салдат і сталі пераследаваць іх. Выратаваў таварышаў Феадосій. Ён схаваўся ў зручным месцы і трапнымі стрэламі стаў выводзіць са строю аднаго ворага за другім. Вось калі спатрэбілася яму бацькава навука падчас палявання на ваўкоў! Пад прыкрыццём Смалячкова разведчыкі без страт вярнуліся ў сваю часць. Калі камандзір выклікаў Феадосія, каб аб’явіць яму падзяку, салдат папрасіў даць яму снайперскую вінтоўку і дазволіць выхад на пярэдні край абароны для «палявання» на ворага. Камандзір дазволіў. Праўда, першы выхад Смалячкова аказаўся не зусім удалым. Увесь восеньскі дзень ад світання і да цямна праляжаў з напарнікам пад дажджом, але так і не высачыў ніводнага фашыста. Толькі на досвітку малады снайпер знішчыў першага ворага, праз некаторы час – яшчэ двух. Было гэта 19 кастрычніка 1941-га.
З таго дня кожны выхад Смалячкова на пярэдні край абароны прыносіў яму новыя перамогі. Ужо праз тры тыдні ён напісаў нататку ў дывізіённую газету:
«Атрымаўшы снайперскую вінтоўку, я паставіў сабе мэту як мага больш знішчыць фашысцкіх драпежнікаў… Мною ўжо знішчана 37 захопнікаў, але на гэтым мой баявы рахунак не скончаны. Я абавязуюся яшчэ мацней і бязлітасней біць фашысцкае звяр’ё».
1 лістапада 1941 года Смалячкоў падаў заяву з просьбай прыняць яго ў камсамол. У заяве ён абяцаў за пяць дзён, да 24-й гадавіны Кастрычніка, знішчыць 20 фашыстаў. І стрымаў сваё слова – 6 лістапада на яго рахунку былі 23 знішчаныя ворагі. Вось адзін з прыкладаў хітрасці і знаходлівасці снайпера:
«Стаю ля амбразуры сваёй пазіцыі, – распавядаў Смалячкоў, – і ўважліва вывучаю сектар абстрэлу. Бачу, з нямецкага акопа вылез фашыст і, азіраючыся, накіраваўся кудысьці ўздоўж траншэі. Я прыцэліўся, спусціў курок і параніў яго ў нагу. Мой напарнік пытаецца, чаму я біў у нагу, а не ў галаву. А так было больш выгадна. На крыкі параненага з акопа вылезла яшчэ трое немцаў, і, калі яны пабеглі на дапамогу, я паклаў іх аднаго за другім усіх».
Амаль штодня Феадосій Смалячкоў выходзіў на баявы рубеж і ніколі не вяртаўся без выніку.
Франтавая газета «Вперед!» на першай паласе пад рубрыкай «Пашана і слава найлепшым знішчальнікам фашыстаў» часта змяшчала карэспандэнцыі ваенкараў пра поспехі снайпераў. 13 снежня яна апублікавала перадавы артыкул, прысвечаны Смалячкову. У ім гаварылася: «Выдатны паляўнічы на фашыстаў, ён ляжыць цэлымі днямі ў мароз і непагадзь на пярэднім краі і цярпліва чакае з’яўлення ворага. Патрабуецца жалезная вытрымка, найвялікшае напружанне нерваў, зроку і слыху. Усімі гэтымі якасцямі валодае Феадосій Смалячкоў, за кароткі час ён знішчыў 57 гітлераўскіх галаварэзаў».
Аднойчы, гэта было ўжо зімой, Смалячкова і яго напарніка Зіброва выклікалі да камандзіра. Капітан быў заняты чытаннем рапартаў.
– Сядайце! – запрасіў ён.
Феадосій паспеў прачытаць на адным з рапартаў радок, напісаны па дыяганалі: «Камандзіру разведроты. Прыняць тэрміновыя меры». Побач ляжала нямецкая газета «Deutsche Soldaten Zeіtung» з партрэтам фашысцкага яфрэйтара. На разведчыкаў з газетнай старонкі глядзеў спадылба немец, уціснуты ў парадны мундзір. Усе грудзі завешаны крыжамі і медалямі.
– Хто гэта? – спытаў Смалячкоў, разглядаючы самазадаволеную фізіяномію яфрэйтара.
– Нямецкі снайпер Мінке. Знакамітасць! Аб’явіўся на нашым участку. Са штаба арміі даслалі газету з яго фота, – прамовіў капітан і ўважліва сачыў за тварамі разведчыкаў, каб зразумець, якое ўражанне зрабіла на іх гэтае паведамленне. – Б’е без промаху. Учора забіў трох нашых з баявога ахоўвання. Дасведчаны, відаць.
– Можа быць, калі так б’е, – няўпэўнена сказаў Смалячкоў, не праявіўшы, аднак, ні здзіўлення, ні асаблівага клопату. Будзённа так сказаў.
– Спрытна маскіруецца, – дадаў камандзір роты. – Трэба яго знайсці і знішчыць.
– Зробім, таварыш лейтэнант! – І зноў жа – без усялякіх эмоцый дадаў Феадосій.
На другі дзень з большымі, чым звычайна, перасцярогамі разведчыкі выйшлі на агнявы рубеж.
Світала. Мясцовасць, якая ляжала перад снайперамі, уяўляла сабой заснежную раўніну. Зрэдку, затрымліваючыся на якім-небудзь пагорку або на прысыпаным снегам кусціку, Смалячкоў і Зіброў вялі дбайнае назіранне, імкнучыся ўлавіць што-небудзь новае ў даўно знаёмым ландшафце.
Дарэмна байцы праляжалі гадзіны з дзве. Нават каска, высунутая з-за бруствера на лжывай пазіцыі, не прыцягнула ўвагі фашысцкага снайпера.
– Дрэнь справы, – сказаў нягучна Зіброў. – Адчуў небяспеку і змыўся…
З нашай траншэі застрачыў аўтамат. Смалячкоў азірнуўся, і ў гэты момант у нейтральнай зоне пачуўся сухі трэск, быццам на хвоі абламаўся сук. Аўтамат змоўк.
Феадосій чуў стрэл, але ўспышку празяваў. Ён не спускаў вачэй з таго месца, аднак больш адтуль ніхто не страляў. Толькі праз гадзіну паўтарыўся адзіночны стрэл, таксама за дротам.
– Скача з месца на месца, як блыха, – раззлаваўся Зіброў.
Смалячкоў і Зіброў вярнуліся ні з чым у баявое ахоўванне. Павячэраўшы, яны вырашылі накіравацца да камандзіра роты. Смалячкоў далажыў пра ўсё.
– Я папярэджваў вас, што гэта за птушка, – сказаў капітан. – Можа, пусціць у ход хітрасць?
– Я думаў пра гэта, таварыш капітан, – падхапіўшы словы камандзіра, разважаў Смалячкоў.
– Ну і што?
– Вы ж самі казалі, што вораг дасведчаны і хітры. Мы пераканаліся. Але і мы не лапцем капусту сёрбаем.
Пакідаючы зямлянку камандзіра роты, Смалячкоў прадбачыў, што і ў гэты дзень фашысцкі снайпер застанецца верны сваёй тактыцы: яго стрэлаў не хутка дачакаешся.
Феадосій увесь дзень назіраў за тым месцам, дзе, па яго здагадцы, хаваўся яфрэйтар. Ён прыглядаўся да кожнай купкі мясцовасці, кожнай гурбы снегу. вывучыў звычкі гітлераўца. «Мінке чакае выпадку, каб злавіць мяне на мушку», – увесь час думаў ён.
Ужо па тым, як па-майстэрску маскіруецца нямецкі яфрэйтар, Феадосій зразумеў, што супраць яго дзейнічае мацёры, хітры вораг. Другі дзень таксама не прынёс зменаў. І трэці…
На чацвёрты дзень, перад тым, як заняць агнявы рубеж, Смалячкоў грунтоўна пагутарыў з камандзірам баявога ахоўвання. Было дамоўлена, што калі гітлеравец не праявіць сябе да дзвюх гадзін дня, то нашы стралкі ўжывуць пастку.
Феадосій цярпліва ляжаў на агнявой пазіцыі. Ён горача прагнуў перамогі над ворагам. Прагнуў у імя тых, хто паміраў ад голаду і холаду ў блакадным Ленінградзе, хто пакутаваў і змагаўся, прагнуў у імя жыцця… І верыў у перамогу.
А Георг Мінке пралічыўся. Не выявіўшы зноў патрэбнай цэлі, Мінке спачатку маўчаў, а апоўдні паспрабаваў, што б там ні было, выклікаць стральбу савецкіх снайпераў: вытрымка здрадзіла яму, і ён вырашыў перайсці ў атаку.
Быў сонечны зімовы дзень. Снежнае покрыва зіхацела. Георг Мінке, маскіруючыся, поўз у бок падбітага танка. Тут у яго была абсталявана запасная пазіцыя. З наглядальнай шчыліны машыны, прыкрытай кавалкам матэрыі, можна было сачыць за пярэднім краем абароны праціўніка.
…У дзве гадзіны, як дамовіліся яшчэ раніцай, салдаты баявога ахоўвання пачалі «дражніць» немца. Паспрабавалі падняць над траншэяй каску, насаджаную на сапёрную лапатку. Яфрэйтар не адгукнуўся: Мінке зразумеў, што яго ловяць.
«Значыць, здагадаўся. Адкуль жа ён назірае?» – Феадосій прыкідваў усе магчымыя варыянты і – які раз! – стаў квадрат за квадратам правяраць адкрытую перад ім мясцовасць.
Раптам яго позірк затрымаўся на падбітым танку, яго спынілі яшчэ ў вераснёўскіх баях на мінным полі. «Можа, тут?» – Феадосій насцярожыўся. Ён падзяліўся сваімі назіраннямі з напарнікам. Той таксама пачаў сачыць за падбітай машынай.
– Там нехта ёсць, – далажыў ён Смалячкову.
Феадосій навёў вінтоўку на наглядальную адтуліну танка (толькі праз яе вораг мог нешта бачыць) і працягваў чакаць. Раптам над самым вухам прасвісцела куля, яна ўрэзалася ў заднюю сценку заснежанага акопа.
Смалячкоў не паспеў стрэліць, як аб яго каску звонка пляснула другая куля. Ён адчуў, што яму апаліла лоб. Віскнула, нібы чмель, і трэцяя куля.
Цяпер снайперы былі ўпэўнены: страляюць з танка.
Байцы, выкарыстоўваючы няроўнасці мясцовасці, перапаўзлі на запасную пазіцыю. Адсюль яны працягвалі назіраць за танкам.
Смалячкоў быў упэўнены, што Мінке яго не выявіў. Не стане ж вопытны снайпер тройчы перазараджаць вінтоўку. Маючы дакладную цэль, ён знішчыць яе першай жа куляй. Яфрэйтару, верагодна, надакучыла чакаць. Адчуваючы сваю бяспеку за трывалай бранёй танка, Мінке вырашыў паскорыць развязку дуэлі. Дастань яго цяпер куляй у танку!
Паядынак зацягваўся. Мінула яшчэ гадзіна, ніхто больш не страляў.
– А раптам ён пойдзе? – спытаў напарнік.
– Не пойдзе, – усміхнуўся Смалячкоў. – Сачы за люкам…
Яфрэйтар і сапраўды не спяшаўся сыходзіць. Ён зручна ўладкаваўся ў танку і зноў прыпаў да акуляра. Вось яшчэ адзін чырвонаармеец прабіраецца наперад. Са снайперскай вінтоўкай. Ззаду паўзе другі. Таксама снайпер. Блішчыць прыцэл…
Немец упарта сачыў за савецкай траншэяй, мяркуючы, верагодна, што савецкія снайперы падбіраюцца да танка. Яфрэйтар спусціўся праз люк пад чэрава танка і ўладкаваўся за гусеніцай, тут у яго была абсталявана агнявая пазіцыя.
– Федзя, пад танкам нехта варушыцца, – далажыў назіральнік.
«Бач, куды забраўся! Спрацавала, значыць…» – Смалячкоў так прыпаў вокам да прыцэла, што адчуў холад сталі. Палец знайшоў спускавы кручок.
Гітлеравец узяў пад прыцэл тое месца, дзе залеглі чырвонаармейцы (на самай справе гэта былі два манекены, якія перасоўвалі з дапамогай вяроўкі). Праз некалькі хвілін яны зноў «папаўзлі». Яфрэйтар занерваваўся. Ён, відавочна, спалохаўся, што рускія падбяруцца бліжэй і закідаюць яго гранатамі.
Немец стрэліў і адразу стаў цэліцца ў другую фігуру. Але ўдалечыні нешта трэснула, нібы зламаўся сухі сучок… Георг Мінке дачакаўся ўсё-такі меткай смалячкоўскай кулі!
Імя Смалячкова карысталася вялікай папулярнасцю на ўсім фронце. Ён не толькі сам выходзіў на баявыя заданні, але займаўся падрыхтоўкай і трэніроўкай снайпераў. Чырвонаармеец Смалячкоў стаў ініцыятарам баявога спаборніцтва снайпераў Ленінградскага фронту. У студзені 1942-га камандаванне ўзнагародзіла яго імянным гадзіннікам і ордэнам Леніна.
Вялікай падзеяй у жыцці войскаў Ленінградскага фронту быў злёт снайпераў, што адбыўся 22 лютага 1942 года ў Смольным. На яго былі запрошаны 66 славутых байцоў, якія мелі на сваіх рахунках сотні знішчаных нямецкіх захопнікаў. Абмежаваны склад удзельнікаў мерапрыемства вызначаўся цяжкай сітуацыяй на фронце. На злёце былі абвешчаны загад Ваеннага савета фронту аб узнагароджанні групы снайпераў ордэнамі і медалямі і Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 лютага 1942 года аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза дзесяці найлепшым снайперам за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм. Прысутным узнагароды былі ўручаны тут жа, на злёце. Быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза і пачынальнік снайперскага руху Ленінградскага фронту Феадосій Арцем’евіч Смалячкоў. Пасмяротна. Ён загінуў на баявым пасту раніцай 15 студзеня 1942 года ў баі на Пулкаўскіх вышынях. У дзень сваёй гібелі герой забіў чацвярых немцаў і давёў свой снайперскі рахунак да 125.
Смерць выдатнага снайпера выклікала не толькі смутак, але і імкненне люта помсціць ворагу. Вучань Смалячкова снайпер Ратаеў пісаў у дывізіённай газеце: «Будзем годнымі пераемнікамі героя Смалячкова». «Смалячкоў навучыў мяне снайперызму. Я забіў 48 фашыстаў. Сотня ворагаў заплаціць за жыццё Смалячкова», – паведамляў снайпер Зіброў. «Па 125 забітых немцаў!» – з такім заклікам звярнуўся да ўсіх воінаў злучэння снайпер Астудзін.
Вінтоўка Смалячкова за нумарам 13 914 была ўрачыста ўручана найлепшаму снайперу дывізіі Сталярову. Узяўшы ў рукі зброю настаўніка, на магіле Феадосія ён пакляўся без прамахаў біць ворага. Сваю клятву воіны выканалі з гонарам: да лета 1942-га 26 вучняў Смалячкова знішчылі да 3 тыс. фашыстаў. А яшчэ праз год гэта лічба ўзрасла да 8 тыс. – столькі ворагаў знайшлі смерць ад трапных стрэлаў паслядоўнікаў Феадосія Смалячкова на адным толькі Ленінградскім фронце.
На малой Радзіме Смалячкова – у Быхаўскім раёне – у яго гонар не толькі названа вуліца ў Быхаве, але і ўсталяваны тры помнікі.
Адзін з іх стаіць на пад’ездзе да раённага цэнтра каля вёскі Вароніна. Па даўняй традыцыі сюды прыязджаюць усе мясцовыя вяселлі, так што яго падножжа літаральна патанае ў кветках.
Другі помнік стаіць на трасе Магілёў – Бабруйск, трэці – на пад’ездзе да вёскі Падгор’е Быхаўскага раёна, дзе нарадзіўся і вырас герой. Там засталося ўсяго некалькі жылых дамоў. Але абеліск дагледжаны, ляжаць кветкі.
У суседняй вёсцы Ніканавічы дзейнічае школьны музей імя Смалячкова. Тут захоўваецца арыгінал граматы Героя Савецкага Саюза, сямейныя фатаграфіі Смалячковых, перададзеныя ў музей пасля смерці яго бацькоў – Арцемія Андрэевіча і Фёклы Патапаўны.

Анатоль
СЛАНЕЎСКІ

Яндекс.Метрика