Грамадзянін Зямлі «Эцьен»
Жыццё і подзвіг легендарнага разведчыка-нелегала з Чавусаў Льва Маневіча
«Прыязджаць сюды, у Чавусы, у адпачынак ты не можаш. Але, можа, хоць які-небудзь адрас у цябе ёсць? Ці адрас так хутка мяняецца, што мой ліст цябе не зможа дагнаць?» – «Адрас у мяне якраз пастаянны, – аджартаваўся Лёвушка. – Зямля, да запатрабавання»…
Яўген Вараб’ёў.
«Зямля, да запатрабавання»
Менавіта так, «Зямля, да запатрабавання», называўся вядомы ў свой час раман савецкага празаіка Я. Вараб’ёва, а потым і фільм, якія, у адрозненне ад многіх іншых падобных твораў «пра разведчыкаў», былі заснаваныя на рэальных фактах і расказвалі пра незвычайны лёс рэальнага чалавека. Менавіта дзякуючы мастацкім творам асоба Льва Маневіча, чыё імя да лютага 1965 года было вядома вузкаму колу людзей у сценах Галоўнага разведвальнага ўпраў-лення Генштаба Савецкай арміі ды заставалася ў памяці блізкіх, стала вядома на ўвесь свет.
Ён быў рэзідэнтам савецкай разведкі ў Аўстрыі і Італіі, дзе паспяхова здабываў каштоўныя звесткі з кастрычніка 1929-га па верасень 1932 года. Заслугі гэтага чалавека былі настолькі важкія, што пра яго з павагай гаварыў нават Уладзімір Рэзун – былы савецкі разведчык, які ў свой час перабег на Захад і стаў займацца там літаратурай у галіне гістарычнага рэвізіянізму. У сваім нашумелым шпіёнскім рамане «Акварыум» Віктар Сувораў (літаратурны псеўданім Рэзуна) напісаў пра «Эцьена» (такі псеўданім меў Леў Маневіч) і яго месца працы – Італію: «Можа, хтосьці і недаацэньвае Італію як радзіму геніяльных мысліцеляў, ды толькі не савецкае ГРУ. У гэтай канторы ведаюць, што ў італьянцаў – галовы мысліцеляў. Галовы геніяльных вынаходнікаў. Мала хто ведае пра тое, што Італія ў перадваенныя гады мела небывалы тэхналагічны ўзровень. Ваявала яна без асаблівага бляску, менавіта гэта і засланяе італьянскія дасягненні ў галіне ваеннай тэхнікі. Але гэтыя дасягненні, асабліва ў авіяцыі, падводных лодках, хуткасных катэрах, былі проста ўражальныя. Палкоўнік ГРУ Леў Маневіч перад вайной пераправіў у Саюз тоны тэхнічнай дакументацыі, непераўзыдзенай важнасці».
Леў Яфімавіч Ма-невіч (агентурны псеўданім Эцьен) –савецкі ваенны разведчык, Герой Савецкага Саюза.
Нарадзіўся ў 1898 годзе ў горадзе Чавусы (цяпер Магілёўская вобласць) у сям’і дробнага служачага. Юнацкія гады правёў у Швейцарыі, дзе далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці.
У 1917 годзе вярнуўся на Радзіму, у красавіку 1918-га добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны на Усходнім фронце і Каўказе, быў камісарам бронецягніка, штабным работнікам, камандзірам атрада спецыяльнага прызначэння.
Скончыў вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА, Ваенную акадэмію і курсы пры Ваенна-паветранай акадэміі імя М. Я. Жукоўскага, служыў у разведупраўленні РСЧА.
З сярэдзіны 1920-х да пачатку 1930-х гадоў перыядычна знаходзіўся за мяжой, выконваючы заданні разведкі, у тым ліку нейтралізоўваў ворагаў савецкай улады (у асноўным белаэмігрантаў і перабежчыкаў). Афіцыйна быў пераведзены на службу ў Народны камісарыят замежных спраў СССР.
У 1935 годзе Льву Маневічу было прысвоена званне палкоўніка.
Быў арыштаваны італьянскай контрразведкай і асу-джаны да працяглага турэмнага зняволення. У 1943-м перададзены немцам. Утрымліваўся ў лагерах Маўтгаў-зен, Мельк і Эбензэе. У канцлагеры стаў адным з кі-раўнікоў падполля.
Быў вызвалены 6 мая 1945 года амерыканскімі войскамі, але неўзабаве памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Лінцы.
І гэта сапраўды так: Італія 1930-х гадоў была далёка не адзінай дзяржавай, якой цікавілася савецкае разведупраў-ленне. Пасылалі туды лепшых, і Леў Маневіч ускладзены на яго давер апраўдаў.
Лёсы разведчыкаў бываюць вельмі трагічнымі. Усяго тры гады працы, але якія! А затым гады турмаў, канцлагераў і, нарэшце, свабода, якая толькі паманіла змучанага вязня. Ён ужо не меў сіл жыць, каб дабрацца дадому.
Леў Яфімавіч Маневіч нарадзіўся ў горадзе Чавусы Магілёўскай губерніі 20 жніўня 1898 года. Яго старэйшы брат Якаў з маладых гадоў удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, быў членам РСДРП. У 1905 годзе падчас службы ў арміі яго арыштавалі за захоўванне ў казарме гектографа (капіравальнага прыбора для размнажэння адбіткаў з рукапіснага або машынапіснага тэксту), бальшавіцкіх пракламацый і зброі. Ён быў адпраўлены ў дысцыплінарную вайсковую часць у Бабруйскай крэпасці. Але сябры не пакінулі ў бя-дзе, і з дапамогай баявой групы (куды, дарэчы, уваходзіла і сястра Маневіча) Якаў збег з катаржнага цэнтрала, перайшоў мяжу, дабраўся да Германіі і выехаў у Швейцарыю. Вясной 1907 года ў Цюрых, дзе ён асеў, пасля смерці маці прывезлі і малодшага брата Льва.
Там дзевяцігадовага хлопчыка ўладкавалі ў політэхнічны каледж, дзе ён вельмі хутка асвоіў гутарковую нямецкую мову. Да заканчэння ўстановы Леў Маневіч свабодна валодаў таксама французскай і італьянскай мовамі, на якіх размаўляюць у швейцарскіх кантонах. Браты хадзілі на выступленні Леніна. У той час ён знаходзіўся ў Швейцарыі. Маневічы слухалі яго даклады ў Цюрыхскім Народным доме, чыталі артыкулы правадыра бальшавікоў у газеце «Сацыялдэмакрат». 9 красавіка 1917 года нават праводзілі цягнік, на якім разам з Леніным у рэвалюцыйную Расію адправіліся чатыры дзясяткі палітэмігрантаў. А праз два месяцы Маневічы самі выехалі на Радзіму. Ваенны лёс закінуў Льва ў Баку, у рады Першага інтэрнацыянальнага палка. Ваяваў у Мешадзі Азізбекава – аднаго з 26 бакінскіх камісараў, які ў складзе міжнароднага палка Бакінскага Савета ўдзельнічаў у баях супраць мусавацістаў (грунтуючыся на ідэях панісламізму і панцюркізму, мусавацісты вылучылі лозунг стварэння пад эгідай Турцыі і Азербайджана адзінай цюркскай дзяржавы).
Расказваючы пра тыя гады, яго баявы таварыш Якаў Мікітавіч Старасцін, чыім імем і біяграфіяй праз 25 гадоў рэзідэнт «Эцьен» прыкрыецца ў фашысцкім канцлагеры, успамінаў: «У 1920 годзе я быў прызначаны старшынёй райпалітаддзела станцыі Самара. Зімой у раёне Сызрані, Сургута, Падбельскай меншавікі ўзнялі паўстанне сялян-башкір. Мне было даручана мабілізаваць членаў партыі. Маневіч сам прыйшоў да мяне першым. Я прызначыў яго камандзірам атрада. Калі атрад камуністаў прыбыў на месца, Маневіч адзін пайшоў да паўстанцаў і пераканаў іх скласці зброю. Ноччу башкіры праводзілі Маневіча да склада, дзе камунары чакалі свайго камандзіра». Пра гэта расказваецца ў зборніку «Чэкісты», які выйшаў у 1970 годзе.
Тым часам малады дзяржаўны апарат Краіны Саветаў, у тым ліку і разведка, вострамелі патрэбу ў новых супра-цоўніках, асабліва ў тых, хто валодаў замежнымі мовамі. Таму 9 сакавіка 1920 года ЦК РКП(б) разаслаў па ўсёй вертыкалі краіны тэлеграмы з просьбай прадаставіць Цэнтральнаму Камітэту звесткі
аб такіх людзях. У адказ на гэта Самарскі губернскі камітэт партыі выслаў у Маскву адпаведны спіс, у якім было прозвішча Маневіча. Ужо тады ён «валодаў трыма замежнымі мовамі і меў вопыт жыцця ў еўрапейскіх краінах».
Якраз у гэты ж час, у красавіку 1920 года, начальнік савецкай ваеннай разведкі Уладзімір Хрысціянавіч Аусэм звярнуўся з лістом у Аргбюро ЦК РКП(б), у якім пісаў, што з заканчэннем Грамадзянскай вайны на першае месца выходзіць «глыбокая разведка» ў краінах Еўропы, Японіі і Амерыкі, «якія могуць разглядацца як патэнцыйныя праціўнікі».
І адзначаў далей, што замежная сакрэтная разведка «значна адрозніваецца ад разведкі ў тыле белагвардзейцаў» і патрабуе ад асоб, якія яе вядуць, «вялікага палітычнага далягляду, ведання моў і мясцовых умоў». Рэзалюцыя на дакуменце была станоўчай: «тав. Аусэму неабходна дапамагчы людзьмі, хто ведаў тамтэйшыя ўмовы і мовы».
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 лютага 1965 года за доблесць і мужнасць, праяўленыя пры выкананні спецыяльных заданняў Савецкага ўрада перад Другой сусветнай вайной і ў гады барацьбы з фашызмам, палкоўніку Маневічу Льву Яфімавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).
Неўзабаве Льва Маневіча выклікалі ў Маскву і накіравалі на вучобу ў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА, якую ён скончыў у 1921 годзе і ў ліку іншых выпускнікоў быў прыведзены да прысягі 1 мая 1922 года на Краснай плошчы каля сцен Крамля. Потым перспектыўнага маладога чалавека прызначылі слухачом Ваеннай акадэміі Чырвонай арміі, дзе ён вывучаў яшчэ адну мову – англійскую. Адразу ж пасля выпуску, 22 жніўня 1924 года, яго накіравалі ў распараджэнне разведвальнага ўпраўлення.
З лістапада 1925-га па сакавік 1927-га «Эцьен» (Леў Маневіч атрымаў такі аператыўны псеўданім) паспяхова выконваў свае першыя заданні ў Германіі. Вярнуўшыся на Радзіму, месяц правёў з сям’ёй у падмаскоўным доме адпачынку ваеннай разведкі. А 1 мая 1927-га быў прызначаны начальнікам сектара 3-га (інфармацыйна-статыстычнага) аддзела Разведупра і праз восем месяцаў накіраваны ў армейскую часць на стажыроўку. Яе павінны былі прайсці ўсе выпускнікі Ваеннай акадэміі. Завяршыў яе ў 1928 годзе на пасадзе камандзіра роты 164-га стралковага палка, пасля чаго паступіў на страявое аддзяленне Курсаў удасканалення начсаставу ВПС пры Ваенна-паветранай акадэміі імя М. Я. Жукоўскага.

Кадр з фільма «Зямля, да запатрабавання», заснаванага на рэальных фактах з жыцця Льва Маневіча, кінастудыя імя М. Горкага, 1972 год
Перад выпускам, калі яму было прысвоена званне «Лётчык-назіральнік» Паветранага флоту РСЧА, Леў Яфімавіч атрымаў наступную атэстацыю: «Выдатных разумовых здоль-насцяў. З вялікім поспехам і лёгка авалодвае ўсёй вучэбнай работай, падыходзячы да вывучэння кожнага пытання з разуменнем, здаровай крытыкай і сістэматычна. Акуратны. Вельмі актыўны. Валодае вялікай здольнасцю перадаваць веды іншым. Дысцыплінаваны. Характару цвёрдага, рашучага; вельмі энергічны, часам залішне гарачы. Здаровы, прыдатны да лётнай працы. Мае вопыт начных палётаў. Карыстаецца аўтарытэтам сярод слухачоў і імпануе ім сваімі ведамі. Актыўна вядзе грамадска-па-літычную работу. Выснова: Маневіч цалкам паспяхова можа несці страявую лётную службу. Пасля стажыроўкі абяцае быць добрым камандзірам асобнай авіячасці і не менш добрым кіраўніком штаба».
Не менш бліскуча быў атэставаны Маневіч і камандзірам эскадрыллі 44-га авіяатрада, дзе ён стажыраваўся, старшым лётчыкам Вярнігародам: «Да работы адносіцца ў вышэйшай ступені добрасумленна і зацікаўлена. Лётае з вялікай ахвотай. Энергічны, дысцыплінаваны, валодае доб-рай ініцыятывай і кемлівасцю. Вынослівы. Часцяком працуе з перагрузкай. Свае веды і вопыт умее добра перадаваць іншым».
Пасля такіх характарыстык выпускніка трох ваенных навучальных устаноў пачалі рыхтаваць да новай замежнай камандзіроўкі. Спачатку Ян Карлавіч Берзін, адзін са ства-ральнікаў і кіраўнік савецкай ваеннай разведкі, армейскі камісар 2-га рангу, меркаваў выкарыстоўваць Маневіча на рабоце па легальнай лініі ў ЗША – верагодна, у «Амгандлі» (акцыянернае таварыства, заснаванае ў штаце Нью-Ёрк у 1924 годзе з мэтай садзейнічання развіццю савецка-амерыканскага гандлю ў першыя гады існавання Савецкага Саюза). Там служылі многія супрацоўнікі разведкі ваенна-тэхнічнага напрамку. Аднак потым было вырашана адправіць яго ў Італію ў якасці нелегала.
У жыцці разведчыкаў-нелегалаў ёсць асобная драматычная старонка – гэта сям’я. Кожны па-свойму вырашаў гэтую праблему. Невядома, што горш: браць жонку і дзяцей з сабой у «замежкамандзіроўку», падвяргаючы іх усім небяспекам сваёй работы, ці пакідаць іх у СССР, асуджаючы на пастаяннае расстанне. Калі жонка – таксама разведчыца, калі яна падрыхтавана да канспіратыўнай работы – тады ўсё прасцей. А калі не?
Улетку 1921 года Леў Маневіч ажаніўся з 22-гадовай Надзеяй Міхінай, дачкой самарскага фельчара, студэнткай медыцынскага факультэта. Пасля германскай камандзіроўкі Берзін, да радасці жонкі, абяцаў больш не накіроўваць Маневіча на працу за мяжу. Але тым не менш Леў Яфімавіч сваю маленькую дачку Таню, якая з’явілася на свет праз год пасля вяселля, вучыў нямецкай мове ўсур’ёз, аж да таго, што дзяўчынка магла з лёгкасцю чытаць не толькі лацінскі, але і гатычны шрыфт. І калі высветлілася, што ў Італію, акрамя Маневіча, паслаць няма каго, Надзея настаяла на тым, каб ехаць разам з мужам.
«Разам» – аказалася, вельмі ўмоўна. Сям’я павінна была жыць у Вене, куды бацька будзе прыязджаць толькі час ад часу. Дзяўчынка на той момант ужо нядрэнна гаварыла па-нямецку, яе маці не ведала ніводнай замежнай мовы. Пашпарт Надзея Дзмітрыеўна атрымала на імя грамадзянкі Фінляндыі Марыі Вестэрхольм, Таня ў яе дакументах была запісана як дачка Айна.
Што значыць для нелегала ехаць за мяжу з маленькім дзіцём, якое павінна ўвесь час памятаць свае новыя імя і прозвішча, новую нацыянальнасць, іншыя, нават дробязныя рэчы, на якіх «сыплюцца» часам і вопытныя разведчыкі? Таццяна Маневіч пазней успамінала: «У Берліне, у гасцініцы, адбыўся адзін маленькі эпізод, які мог каштаваць нам вельмі дорага. Я, як і бацька, вельмі любіла спяваць, спявала цэлымі днямі. І вось аднойчы, прытан-цоўваючы па калідоры гас-цініцы, накіроўваючыся да нашага нумара, я спявала песню, якая заканчвалася словамі: «Ура, ура советская страна!».
І з гэтымі словамі я ўляцела ў нумар. Да гэтага часу памятаю збялелыя твары бацькоў…». Успаміны яе, дарэчы, былі надрукаваны ў майскім нумары часопіса «Нёман» за 1984 год.
Неўзабаве жонка і дачка засталіся ў Вене. На развітанне Маневіч сказаў дачцэ: «Татусь, памятай, ад тваіх паводзінаў залежыць ваша і маё жыццё!». Але яны так і не здолелі цалкам ужыцца ў ролю. Дзяўчынку трэба было рыхтаваць у школу. Згодна з дакументамі яны лічыліся лютэранкамі, і аднойчы настаўніца Тані павяла клас у мясцовую кірху. Тая засыпала яе пытаннямі. Вярнуўшыся, настаўніца здзіўлена спытала ў маці: «Фраў Марыя, чаму Айна нічога не ведае пра Хрыста?».
Не было нічога дзіўнага ў тым, што неўзабаве за імі пачалося сачэнне. Калі яны шпацыравалі па вуліцы, маці прасіла дзяўчынку непрыкметна назіраць, ці ёсць за імі «хвост». Таня ўжо ведала шпіка, які суправаджаў іх, у твар. Аднойчы да іх дадому прыйшлі двое ў цывільным, якія вельмі падрабязна распытвалі пра бацьку.
Надзеі Дзмітрыеўне ўжо было ясна, што рашэнне паехаць за мяжу разам з мужам было авантурай. Трэба было з’язджаць. Візіты ў пастпрадства ім былі самым строгім чынам забаронены. Але аднойчы на вуліцы яны выпадкова сустрэлі знаёмую – Наталлю Уладзіміраўну Званарову, якая па лініі Разведупра якраз там і працавала. Маці расказала ёй пра тое, што адбываецца, і сям’ю тут жа вывезлі назад у СССР. Таня больш ніколі не бачыла бацькі. Некаторы час яны атрымлівалі ад яго рэдкія лісты, а потым перасталі прыходзіць і яны…
Такім чынам, у снежні 1929 года пасля адпаведнай падрыхтоўкі Маневіч з дакументамі на імя Конрада Кёртнера быў легалізаваны ў Аўстрыі. У Вене, на Марыя-хільферштрасэ, Кёртнер адкрыў патэнтнае бюро «Эўрыка», дзе можна было аформіць патэнт або набыць ліцэнзію на вынаходніцтва, ужо зарэгістраванае ў бюро патэнтаў. Для той дзейнасці, якую фірма прадставіла як асноўную, назва падыходзіла як нельга лепш: аўстрыйскі прадпрымальнік Конрад Кёртнер заснаваў абсалютна незалежнае патэнтнае бюро. Яно мела шырокія сувязі ў прамысловых колах па ўсёй Еўропе і нават за акіянам. Трэба сказаць, што «Эўрыка» не збіралася канкурыраваць з Міжнародным патэнтным бюро. Ды і вынаходніцтва яна не збіралася патэнтаваць. Маневіч-Кёртнер прапанаваў еўрапейскім наватарам зусім іншае. Ён прымаў у сябе інжынераў, чые вынаходкі ўжо былі зарэгістраваныя, але пакуль не знайшлі шырокага прымянення. Менавіта гэта – самае шырокае прымяненне – гер Кёртнер і прапаноўваў аўтарам. Але толькі ў тым выпадку, калі інжынеры дадуць яму УСЮ тэхнічную дакументацыю па новых тэхналогіях.
Вядома, у той хвалі зваротаў, якая абрынулася на «Эўрыку», было вельмі шмат утапічных або проста вар’яцкіх праектаў. Аднак Маневіч і сам быў інжынерам. А таму разумеў, дзе вынаходніцтва дутае, а дзе можа быць рэальнае рацыянальнае зерне. У СССР пацякла самая разнастайная інфармацыя. Пачынаючы ад новых металасплаваў і заканчваючы распрацоўкамі фарсажных рухавікоў.
Прыкрыццё пад маскай прадпрымальніцкай дзейнасці аказалася вельмі карысным, тым больш што гаспадар канторы быў пілотам, часта бываў на аэрадромах. У Маневіча склалася шырокае кола знаёмстваў сярод лётчыкаў, планерыстаў, тэхнікаў, матарыстаў, наладчыкаў, а таксама авіяканструктараў. Разведчыку ўдалося заваяваць давер нямецкіх прамыслоўцаў, і ў далейшым ён прадстаўляў цэлы шэраг вядучых германскіх авіяцыйных, суднабудаўнічых і машынабудаўнічых фірмаў за межамі Трэцяга рэйха. У выніку Эцьен атрымаў унікальную магчымасць дасканала, што называецца, да вінціка, вывучыць як моцныя, так і слабыя бакі найноўшай варожай тэхнікі.
Здабываемыя ім матэрыялы праз Цэнтр неадкладна паступалі ў савецкія авіяцыйныя канструктарскія бюро, дзе ўжо поўным ходам ішла праца над стварэннем нашых новых знішчальнікаў – знакамітых у далейшым «Як» і «Ла», на якіх савецкім лётчыкам падчас Вялікай Айчыннай вайны і давялося граміць хвалёных асаў «люфтвафэ».
Для сувязі з Цэнтрам у распараджэнне нелегальнай рэзідэнтуры Эцьена ў Італію была паслана радыстка. «Дахам» для яе стала міланская кансерваторыя, дзе студэнтка з Вены фройляйн Інгрыд вырашыла працягнуць музычную адукацыю. Нелегальны перадатчык, які выходзіў у эфір з пазыўнымі «Травіята», быў уманціраваны ў патэфон, на якім студэнтка кансерваторыі слухала оперную музыку.
Зразумела, большую частку патрэбнай інфармацыі Маневіч мог атрымаць толькі ад агентаў. Таму пытанне вярбоўкі агентуры было для яго прыярытэтным. Адразу, толькі прыехаўшы ў Мілан, ён даў у газеце аб’яву: «Канторы «Эўрыка» патрабуецца сакратар». З усіх прапаноў Маневіч выбраў кандыдатуру Джаніны Эспазіта. Прычын было некалькі. Бацька Джаніны памёр ад траўмаў, атрыманых у бойцы з фашыстамі каля прахадной завода, дзе ён працаваў, і Маневіч вырашыў праз яе выйсці на італьянскіх левых.
1932 год стаў пераломным у лёсе Льва Маневіча. Небяспечная праца пачынала адбівацца на фізічным стане, вырасла нервовае напружанне. Маневіч стаў прасіць замену.
Ён адчуваў, што ў Італіі для яго становіцца горача. І хоць нехта калісьці сказаў, што незаменных людзей няма, але такія ўсё ж былі. Знайсці другога праверанага чалавека, які меў унікальныя здольнасці камерсанта і разведчыка і быў пры гэтым лётчыкам, аказалася немагчымым. Другога Маневіча, які змог бы ўзяць у свае рукі кіраванне італьянскай агентурай, у Разведупра не было.

Уручэнне граматы аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза жонцы і дачцэ Маневіча 18 сакавіка 1965 года
Падчас чарговай паездкі ў Вену яго нечакана арыштоўваюць па падазрэнні ў незаконных аперацыях з крадзенымі дыяментамі, мастацкімі каштоўнасцямі і наркотыкамі, але суда ўдалося пазбегнуць. Ці то мясцовая Феміда не знайшла складу злачынства, ці то ў адваката быў добра падвешаны язык, але справа развалілася. Тым не менш гэта быў сур’ёзны выклік.
Нарэшце 25 жніўня з Масквы прыйшоў станоўчы адказ: «Мы ў стане выканаць вашу просьбу аб замене. Кандыдат ужо падрыхтаваны і ў канцы верасня можа выехаць і прыняць ад вас справы». Аднак новы рэзідэнт з ліку балгарскіх камуністаў-палітэмігрантаў, цёпла прынятых у Савецкім Саюзе і аблашчаных ваеннай разведкай, з «Эцьенам» так і не сустрэўся. Хуткай сустрэчы з таварышамі таксама не адбылося.
Трапіў пад падазрэнне і адзін з агентаў «Эцьена» – Паскуале Эспазіта. Не маючы фактычных доказаў шпіянажу Кёртнера (Маневіча), супрацоўнікі тайнай італьянскай паліцыі ў кастрычніку арыштавалі Эспазіта, падманам дамагліся ад яго прызнання і згоды супрацоўнічаць. Інфарматар вымушаны быў дапамагаць выкрыць свайго шэфа.
Сам Маневіч, заўважыўшы за сабой сачэнне, прыняў рашэнне пакінуць Італію. Ён даў указанне Інгрыд утапіць перадатчык у возеры, а самой выехаць у Швейцарыю. Перад ад’ездам вырашыў сустрэцца з Эспазіта, які паведаміў, што можа перадаць чарцяжы новага самалёта. Ад гэтага нельга было адмовіцца. 3 кастрычніка 1932 года ў міланскай траторыі блізу кандытарскай фабрыкі «Мота» у момант перадачы пакета з чарцяжамі Кёртнер быў арыштаваны. А душэўна зламаны Эспазіта скончыў жыццё самагубствам у турэмнай камеры, павесіўшыся на ваўнянай вяроўцы, сплеценай са шкарпэтак.
Рэзідэнтура «Эцьена» мела ў 1931 – 1932 гадах дзевяцярых агентаў-крыніц і трох агентаў, якія выконвалі дапаможныя функцыі. За гэты перыяд Маневіч перадаў у Цэнтр 190 каштоўных дакументаў і інфармацыйных данясенняў, якія былі высока ацэнены камандаваннем.
Пакуль у Італіі ішло следства па справе «Конрада Кёртнера», у СССР Льву Яфімавічу Маневічу сакрэтным загадам НКА СССР ад 16 снежня 1935 года (праз некалькі гадоў пасля арышту) было прысвоена званне палкоўніка.

Кадр з фільма «Зямля, да запатрабавання», заснаваны на фактах з жыцця Льва Маневіча, кінастудыя імя М. Горкага, 1972 год
3 студзеня 1937 года арыштаванаму было прад’яўлена абвінавачванне ў ваенным шпіянажы. У абвінаваўчым заключэнні яму ставілася ў віну, у прыватнасці, нелегальнае набыццё чарцяжоў розных самалётаў. «Злачынная дзейнасць Кёртнера была шырокая, – адзначала следчая камісія. – Ён працягнуў свае шчупальцы таксама на Турын, Геную, Балонню, Брэшыю і Спецыю. Яму ўдалося прыцягнуць каштоўных спецыялістаў і вопытных тэхнікаў, якія знаходзіліся на службе ў прамысловых прадпрыемствах і забяспечваюць італьянскія і германскія ўзброеныя сілы». 9 лютага 1937 года ён быў асу-джаны Асобым трыбуналам па абароне фашызму на 12 гадоў турэмнага зняволення (пазней прысуд быў зніжаны да 6 гадоў). У прысудзе адзначалася, што падсудны, магчыма, не той чалавек, за якога сябе выдае, але «трыбунал гэта не цікавіць».
Пасля вынясення прысуду «Эцьен» быў накіраваны ў турму Кастэльфранка дэль Эмілія, дзе ён значыўся як вязень № 2722. Але і там Маневіч ухітраўся пасылаць у Маскву каштоўныя матэрыялы.
Каштоўнымі данясеннямі «Дырэктару» стала інфармацыя «Эцьена» з турмы аб тэрміновым заказе, атрыманым італьянскімі авіязаводамі ад Японіі, на самалёты, якія можна было б выкарыстоўваць пры нізкіх тэмпературах. Гэта азначала, што японцы плануюць баявыя дзеянні не на цёплым поўдні Кітая, а ў суровых кліматычных умовах Маньчжурыі, Манголіі і Далёкага Усходу. Гэты сігнал пераклікаўся з данясеннямі «Рамзая» (Рыхарда Зорге), што надавала аператыўным разведданым апошняга дадатковую пераканаўчасць.
У чэрвені 1937 года начальнік Разведупра Ян Берзін прадставіў палкоў-ніка Ма-невіча да звання камбрыга і напісаў у атэстацыі: «Здольны, шырокаадукаваны і культурны камандзір. Валявыя якасці добра развіты, характар цвёрды. На працы праявіў вялікую ініцыятыву, веды і разуменне справы. Трапіўшы ў цяжкія ўмовы, паводзіў сябе па-геройску, паказаў выключную вытрымку і мужнасць. Прыкладны камандзір-бальшавік, варты прадстаўлення да ўзнагароды пасля вяртання».
У Маскве пра разведчыка, які трапіў у бяду, не забылі. Разведупраўленне Генштаба планавала акцыі па вызваленні «Эцьена», пачынаючы ад чыста юрыдычнай падтрымкі, заканчваючы падрыхтоўкай уцёкаў. Новы рэзідэнт у Італіі склаў даведку пра турму Кастэльфранка дэль Эмілія. У ёй прадугледжваліся тры варыянты ўцёкаў, два з іх былі заснаваны на прыцягненні баявой групы. Але рэалізаваць гэта не ўдалося. Падаваць прашэнне аб памілаванні аказалася справай бессэнсоўнай – палітычная падаплёка пазбаўляла задуму нават тых мізэрных шанцаў на добразычлівасць Мусаліні і караля Італіі, якія часам выпадалі крымінальнікам.
Вызваліць Маневіча сілай проста не паспелі. Вясной 1941 года ён захварэў на сухоты. Маневіча перавялі на поўдзень Італіі ў катаржную турму на востраве Санта-Стэфана, дзе ён знаходзіўся да пачатку восені 1943-га. 9 верасня туды высадзіўся амерыканскі дэсант, і савецкі разведчык быў вызвалены. Назваў ён сябе аўстрыйскім грамадзянінам. Па просьбе «Эцьена» яму аказалі медыцынскую дапамогу. На наступны дзень пасля вызвалення вострава ён з групай былых зняволеных, выплаціўшы салідную суму ўладальніку парусніка, вырашыў адправіцца на мацярык, у порт Гаэта, які знаходзіўся за 40 км ад вострава Санта-Стэфана, не ведаючы, што там ужо нямецкія войскі. І менавіта на гэтым востраве Эцьен быў знойдзены, зноў арыштаваны і перададзены гітлераўцам. З 1943-га па 1945-ты ён утрымліваўся ў лагерах Маўтгаўзен, Мельк і Эбензэе. У арыштанцкім эшалоне Маневіч здолеў абмяняць сваю куртку на куртку памерлага ад тыфу рускага ваеннапалоннага Якаўлева. Па прыбыцці ў аўстрыйскі канцлагер «Эбензэе» Маневіч схітрыўся растлумачыць эсэсаўцам на добрай нямецкай мове, што адбылася блытаніна і што ён не Якаўлеў, а – Якаў Старасцін. Імя рэальнага чалавека, біяграфію якога Маневіч добра ведаў, было неабходнай умовай канспірацыі – у лагеры заўсёды поўна тых, хто мог за лішні кавалак хлеба зліць усю інфармацыю адміністрацыі. Таму жыццяпіс павінен быў быць гладкім і стыкавацца ва ўсіх дэталях, для чаго прасцей было не выдумляць, а проста скарыстацца чужой біяграфіяй.
«Легенда» падазрэнняў не выклікала. Маневіч атрымаў нумар R-133042, пад якім і лічыўся ў спісе зняволеных. У лагеры ён цесна сышоўся з бакінцам Грантам Айрапетавым, былым афіцэрам штаба 23-й танкавай арміі. З ім ён уваходзіў у падпольны штаб супраціўлення, арганізоўваў дыверсіі на вытворчасці. Як успамінаў пазней Айрапетаў, «выдатна валодаючы замежнымі мовамі, багата адораны, Старасцін, які хутка арыентаваўся ў любым становішчы, быў нашым мозгам, ён інфармаваў аб усіх падзеях». Пад імем палкоўніка Старасціна і быў вядомы Маневіч у нямецкіх канцлагерах. У канцы вайны «Эцьен» выратаваў жыцці 16 тыс. вязняў канцлагера Эбензэе, паспеўшы крыкнуць на трох мовах калоне зняволеных, каб яны спынілі рух да шахты, у якой іх планавалі падарваць. Калона стала і не зрушылася з месца.
6 мая 1945 года лагер быў вызвалены амерыканскімі войскамі. Палітычных зноў выпусцілі на волю і пасялілі ў «Спорт-гатэлі» гарадка Штайнкогель на беразе ракі Зэе. Там 9 мая, праз тры дні пасля вызвалення з канцлагера, Маневіч і памёр ад сухотаў і знясільвання. Перад смерцю Леў Яфімавіч паспеў сказаць Айрапетаву: «Перадай у Маскву, я – Эцьен. Скажы, каб не чапалі сям’ю. Я зрабіў усё, што мог… Запомні – Эцьен». Пасля ён назваў Айрапетаву адрас, па якім яму неабходна было звярнуцца ў Маскве. Таварыш выканаў даручэнне, так і не зразумеўшы яго каштоўнасці. І толькі праз дваццаць гадоў ён, як і ўся краіна, даведаўся аб подзвігу савецкага разведчыка палкоўніка Льва Маневіча.
…На яго магіле паставілі крыж з надпісам «Тут спачывае савецкі палкоўнік Старасцін Якаў Мікітавіч». У 1965 годзе, пасля апублікавання ў газеце «Праўда» Указа аб прысваенні звання Героя імя Маневіча афіцыйна было рассакрэчана.Група савецкіх разведчыкаў прыбыла з Вены на пошукі яго магілы. Пасля трохтыднёвых пошукаў месца пахавання было ўстаноўлена. Астанкі разведчыка ўрачыста перапахавалі ў Лінцы, на мемарыяльных могілках Санкт-Марцін, дзе ляжаць савецкія воіны, якія загінулі пры вызваленні Аўстрыі. З таго часу на помніку з зоркай значыцца сапраўднае імя патрыёта: «Герой Савецкага Саюза палкоўнік Л. Я. Маневіч. 1898 – 1945».
Анатоль СЛАНЕЎСКІ