Апрель
Ср
30
2025

Каб не забываць свае карані

Тыдзень беларускай мовы з вялікім поспехам прайшоў у Мінскім дзяржаўным коледжы чыгуначнага транспарту імя Я. П. Юшкевіча. На працягу некалькіх дзён для студэнтаў 1-га і 2-га курсаў былі арганізаваны займальныя і пазнавальныя мерапрыемствы.

Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па навучальнай працы Ганны Каранеўскай і выкладчыкаў Ганны Буткевіч і Наталлі Васюк моладзь удзельнічала ў квэстах і квізах. У форме бліц-апытанак, перакладаў і разгадвання крыжаванак яны праверылі, наколькі добра валодаюць роднай мовай.
Кульмінацыяй стаў конкурс «Любі і чытай сваё», падчас якога хлопцы і дзяўчаты дэкламавалі вершы вядомых беларускіх паэтаў XX стагоддзя. Журы было ўражана талентам студэнтаў, а таксама іх вялікай павагай да роднай мовы. Пераможцамі конкурсу сталі будучыя праваднікі вагона Варвара Янкавая і Марына Зайцава, а таксама тэхнік-пуцеец Павел Марчук.
Тыдзень беларускай мовы стаў сапраўдным святам для ўсіх, хто любіць і шануе беларускую мову, і выклікаў незабыўныя ўражанні ў студэнтаў і выкладчыкаў коледжа.

Яўген
ВАЛАСНЫХ

Яндекс.Метрика