З дынастыі чыгуначнікаў
Юбілярка аддала лакаматыўнаму дэпо Лунінец амаль 40 гадоў! З 90-годдзем Марыю Данілаўну павіншавалі прадстаўнікі адміністрацыі, пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, грамадскіх арганізацый прадпрыемства, асабліва адзначыўшы: прозвішча Коўка – адно з асноватворных цаглінак у падмурку лунінецкага вузла.
Сярод першапраходцаў чыгуначнай дынастыі на станцыі Лунінец быў бацька яе мужа, які асталяваўся тут у пачатку ХХ стагоддзя. Чыгуначнікамі сталі трое сыноў Фёдара Коўкі.
Канстанцін (1920 – 1971 г.г.) быў кандуктарам, потым – слесарам паравознага дэпо, дзе працавала і яго жонка.
Таленавітым мастаком-самавучкам запомнілі Яўгена (1917 – 1985 г.г.). Як і брат, ён уладкаваўся слесарам у паравознае дэпо. Захапленне праславіла і работніка, і калектыў. Яго творы ўдзельнічалі ў шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выставах, адзначаліся дыпломамі. І дагэтуль цэх № 4 цяпер ужо лакаматыўнага дэпо прыцягвае ўвагу сапраўды мастацкімі творамі, якія адлюстравалі лунінецкія краявіды. Такую прыгожую памяць пакінуў пасля сябе творца…
Мікалай (1922 – 1996 г.г.) скончыў школу фабрычна-завадскога навучання і перад вайной таксама працаваў слесарам. У гады Вялікай Айчыннай суправаджаў саставы па прыфрантавых чыгунках. Вярнуўшыся ў родны горад, быў слесарам, дэфектаскапістам, памочнікам і машыністам крана. На працягу 25 гадоў узначальваў прафкам лунінецкага дэпо. Актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, спяваў у народным хоры, меў шэраг узнагарод і ганаровых званняў.
Яго жонка – цяперашняя юбілярка. Марыя Данілаўна працоўную дзейнасць пачала 16-гадовай дзяўчынай у эвакуацыі на станцыі Джусалы Ташкенцкай чыгункі. Пасля вызвалення раёна, у ліпені 1944-га, была накіравана ў Лунінец. Працавала расцэншчыкам, пашпартыстам аддзела кадраў, старшым нарадчыкам лакаматыўных брыгад. Амаль 40 годоў аддала лакаматыўнаму дэпо.
Упэўненасці ў дакладным выбары жыццёвага шляху дадаюць прадстаўнікі трэцяга пакалення дынастыі – два сыны Мікалая Фёдаравіча і Марыі Данілаўны, а таксама муж пляменніцы.
Валерый Коўка быў строгальшчыкам, майстрам вытворчага навучання, 20 годоў кіраваў саставамі. Яго жонка ў лакаматыўным дэпо працавала бухгалтарам. На жаль, цяпер сын і муж жывуць толькі ў памяці родных…
Аляксандр таксама звязаў жыццё з чыгункай. Быў токарам механічнага цэха, слесарам па рамонце цеплавозаў на базе запасу лакаматываў. Цяжкая хвароба прыкавала яго да ложка, але любоў і клопат родных дапамагаюць пераадольваць цяжкасці.
Зяць Яўгена Коўкі – Сяргей Гнедзька – скончыў чыгуначнае вучылішча. Адслужыўшы ў арміі, прайшоў працоўны шлях ад качагара да машыніста цеплавоза.
Чацвёртае пакаленне чыгуначнікаў – праўнукі Фёдара, унукі Мікалая, дзеці Валерыя Коўкі. Дзмітрый працуе памочнікам машыніста цеплавоза ў лакаматыўным дэпо, Наталля – старшы прыёмаздатчык станцыі Лунінец.
Як у кожнага, жыццё Марыі Данілаўны расквечана рознымі фарбамі. Але ўласцівая пакаленню ветэранаў жыццяздольнасць дапамагае бачыць наўкол больш пазітыву і не заўважаць праблемы і непрыемнасці. Дастаткова падстаў ганарыцца як мінулым чыгуначнай дынастыі, так і яе будучыняй. І зараз юбілярка таксама не сумуе. Даглядае невялікі агародчык перад хатай, які зіхаціць рознакаляровымі кветкамі. З задавальненнем прымае ў сябе былых калег, з якімі разам аднаўлялі пасляваенную чыгунку.
Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец