Убачыць – і захапіцца
Дзеці работнікаў лакаматыўнага дэпо Лунінец наведалі беларускую сталіцу. Тут дастаткова адметных мясцін, што па праву лічацца візітоўкамі Беларусі. Аднак падчас экскурсіі абмежаваліся наведваннем двух велічных будынкаў, якія прыцягваюць і незвычайным архітэктурным рашэннем, і важнейшым для фарміравання нацыянальнай свядомасці зместам.
У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перажывалі розныя пачуцці. Дзеці прыкметна хваляваліся ў зале, прысвечанай перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі. Тут адлюстравана палітыка генацыду і «выпаленай зямлі», якую праводзілі захопнікі ў нашых родных мясцінах. З гонарам слухалі расповед экскурсавода аб няскоранай краіне, што ўзнялася на ўсенародную барацьбу супраць ворага. Сярод экспанатаў асабліва цікава было ўбачыць фотаздымкі нашых землякоў. На адным з іх быў лунінчанін Леанід Аляксандравіч Коласаў, яго жонка і дзеці, якія на сабе адчулі пакуты фашызму, на другім – Барыс Ніканавіч Цяльпук з вёскі Бастынь, які ў партызанскі атрад прыйшоў разам з усёй сям’ёй…
Нацыянальная бібліятэка ўразіла не толькі знешнім выглядам, але і мастацкімі габеленамі ў некалькі паверхаў, празрыстай падлогай, эскалатарамі для падачы кніг. Дзеці ХХІ стагоддзя зачаравана глядзелі на фаліянты, якiя дайшлі да нас са старажытных часоў. Хочацца спадзявацца, што такія ж поўныя глыбокай пашаны адносіны да скарбніц народнай мудрасці яны пранясуць праз усё жыццё, шануючы і беларускага першадрукара Францыска Скарыну. У наступным годзе краіна адзначыць 500-годдзе выдання яго «Бібліі рускай…».
Аляксандр МАТОР,
старшыня
прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец